Штогод працоўны дэсант навучэнцаў полацкіх каледжаў у верасні шчыруе на ўборцы агародніны на палетках філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Гэтая сонечная восень не стала выключэннем.
– Студэнцкія атрады ў гэтым сельгаспрадпрыемстве працуюць з ліпеня па кастрычнік. Спачатку моладзь займаецца праполкай і рамонтам скрынь пад агародніну, потым пачынаецца пара ўборкі карняплодаў. Першы паток з 16 студатрадаў, а гэта амаль 400 юнакоў і дзяўчат, ужо скончыў працу. Ім на змену прыйшлі яшчэ 15 сельскагаспадарчых атрадаў – больш за 300 навучэнцаў, – зазначыла першы сакратар РК ГА «БРСМ» Ганна Сярко.
Зараз маладзёжны дэсант працуе ва ўрочышчы Чарнаручча, дзе на 20 га ўрадзіла знатная морква. Задзейнічаны студатрады і на падборы бульбы, яна ў гаспадарцы – на 50 га.
– У гэтым годзе мы пасеялі тры гатункі вітаміннай гародніны: «Бангор», «Балтымор», «Нанская-4». Морква вырасла добрая. Сярэдняя ўраджайнасць 200 – 220 ц/га. Хутка нашы памочнікі завершаць уборку морквы і перайдуць на буракі, якіх у гэтым годзе мы пасадзілі 3 га. Без дапамогі студатрадаў нам ніяк. Усе стараюцца, ад працы ніхто не адлыньвае, – расказала галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» Святлана Русінская.
Калі мы прыехалі ва ўрочышча Чарнаручча, там кіпела работа. Навучэнцы новага патоку з Полацкага ляснога і хіміка-тэхналагічнага каледжаў працавалі з энтузіязмам, напаўняючы морквай вядро за вядром.
– Ніколі не бачыла столькі морквы ў адным месцы! Працаваць не складана, ды і надвор’е спрыяе. Настрой у нас баявы, будзем ставіць рэкорды, – усміхаецца будучы майстар лесу Карына Фролікава.
Яе аднагрупнік Сяргей Стэфановіч ужо адправіў у скрыні больш за 30 вёдзер морквы.
– Зусім не стаміўся, хачу сёння паспець набраць мінімум 100 вёдзер. Упэўнены, што ўсё атрымаецца, глядзіце, якая морква знатная, – падзяліўся хлопец.
Усе навучэнцы забяспечаны інвентаром, пальчаткамі і пітной вадой, арганізаваны падвоз, на выпадак дажджу ўстаноўлена палатка.
У маладзёжнага дэсанта работа ладзіцца, і кіраўніцтва гаспадаркі ў чарговы раз пераканалася, што студэнцкія атрады – выдатная дапамога для калектыву сельгаспрадпрыемства.
Яшчэ два студэнцкія атрады, створаныя РК ГА «БРСМ» з ліку навучэнцаў Полацкага аграрна-тэхнічнага каледжа, таксама задзейнічаны на сельгасработах: адзін працуе на палях сваёй установы адукацыі, другі – у ААТ «Нурава» Верхнядзвінскага раёна.
Фота Валянціна ЛІПКО