Трапіўшы ў канцы мінулага года пад часовае абмежаванне Россельгаснагляду на ўвоз на тэрыторыю Расіі прадукцыі, калектыў філіяла Глыбоцкага МКК “Браслаўрыба” вымушаны быў тэрмінова пераарыентавацца на ўнутраны рынак, улічыць попыт айчыннага спажыўца, яго перавагі ў выбары кансерваў з прэснаводнай і марской рыбы, пераканаць яго, што выпускае якасны прадукт па цэнах выйграшных у параўнанні з іншымі перапрацоўшчыкамі. І, мяркуючы па паказчыках, змог дабіцца гэтага.
За новым аўтаклавам апаратчык-стэрыялізатар Вера Маслякова
За 10 месяцаў завод адгрузіў у гандлёвую сетку прадукцыі на 5,3 млн рублёў і такім чынам павялічыў яе пастаўку на ўнутраны рынак больш чым у 2 разы. Ад рэалізацыі атрымаў за 9 месяцаў 336 тысяч рублёў прыбытку.
Перш-наперш пачалі, расказвае дырэктар філіяла Георгій Цяцера, з пашырэння каналаў збыту, заключылі дагаворы на пастаўку кансерваў з найбуйнейшымі ў Беларусі гандлёвымі сеткамі “Еўраопт”, “Белкаапінвестгандаль” і “Белінтэрпрадукт”, праз якія рэалізуюць большую частку прадукцыі.
А яе на заводзе выпускаюць 32 найменні. Асартымент пастаянна абнаўляюць, чуйна рэагуючы на смакавыя перавагі пакупнікоў. Для гэтага браслаўчане пашырылі геаграфію закупу сыравіны.
Мікрабіёлаг Іна Шакель праводзіць чарговы аналіз якасці сыравіны
Марскую рыбу набываюць у Фінляндыі і Расіі, апошнім часам да калінінградскіх пастаўшчыкоў дабавіліся крымскія, а да традыцыйных балтыйскай кількі, салакі, селядцоў, траскі — бычкі і чарнаморская кілька, з якіх гатуюць натуральныя кансервы, у алеі, таматным соусе, з гароднінай. Выбар на любы густ. Як і для тых, хто любіць азёрную рыбу. Кансерваў з яе выпускаецца больш за дзясятак.
Праўда, сыравіну таксама завозяць з-за межаў Беларусі, закупаюць у Астрахані. Сваёй на перапрацоўку ідзе лічаныя тоны, бо ў асноўным яна рэалізуецца ў свежым выглядзе.
Дарэчы, рэцэптура кансерваў распрацоўваецца на месцы, у заводскай лабараторыі. У тэхнолага Алены Барткун у гэтай справе вялікі вопыт. У выніку браслаўскія шпроты па смаку не саступаюць традыцыйным балтыйскім, а па цане танней. І такіх прыкладаў многа.
Не стаіць прадпрыемства на месцы і ў тэхнічным пераўзбраенні. Сёлета ў рамонт лабараторыі, якая чакае акрэдытацыі, у абнаўленне абсталявання калектыў уклаў 186 тысяч рублёў уласных сродкаў. У лістападзе тут закончылі мантаж апошняга з сямі сучасных аўтаклаваў, што павінна яшчэ больш палепшыць якасць прадукцыі.
– З працэсу выключаны чалавечы фактар,-- кажа вядучы эканаміст Жанна Навумава.– Камп’ютар не забудзецца, не прамарудзіць падчас тэрмічнай апрацоўкі кансерваў. Закладзеную праграму выканае дасканала.
На чарзе — мантаж новай лініі. Завод набыў мыйку і сушылку для бляшанак, этыкетыровачную машыну і такім чынам да мінімуму зводзіць ручную работу на гэтых участках. З рабочых, якія вызваляцца пасля пуску новага абсталявання, будзе сфарміравана чацвёртая брыгада.
– У наступным годзе мы зможам павялічыць аб’ём вытворчасці ў два разы,– сцвярджае Георгій Цяцера. – На айчынным рынку не патрэбна такая колькасць нашай прадукцыі. Жыццё прымушае вярнуцца на расійскі рынак, бо нашы кансервы – высокія па якасці і даступныя па цане. Таму мы настойліва ідзём да ўкаранення міжнароднай сістэмы ХАССП і ўпэўнены, што патрэбны нам сертыфікат для выхаду на міжнародны рынак атрымаем.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.