У рамках Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які пройдзе 27-29 чэрвеня, адбываецца пленэр рэзчыкаў манументальнай драўлянай скульптуры “Майстры салаўінага краю”. Удзел у ім бяруць студэнты мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава.
Імёны майстроў-разьбяроў з нашага краю гучалі па ўсёй Еўропе яшчэ з часоў Сярэднявечча. Дубровеншчына, напрыклад, ганарыцца сваім Герасімам Акулавым, які ўпрыгожваў сядзібу маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча.
Тэматыка творчага спаборніцтва выбрана невыпадковая: тры волаты-асілкі плюс сімвал дубровенскага краю — салавей. Як падкрэсліла на адкрыцці пленэра намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская, новы фестывальны праект абавязкова зойме сваё пачэснае месца ў праграме і, напэўна, стане добрай дубровенскай традыцыяй.
Згодна з вераваннямі нашых слаўных продкаў, перад пачаткам працы майстрам павязалі адмысловыя фартухі і саламяныя пляцёнкі для валос. Апошняму атрыбуту нашы продкі-рамеснікі надавалі вялікае містычнае значэнне: гэта ўпрыгожванне служыла ім своеасаблівым кудменем (абярэгам) ад дрэнных наступстваў, а таксама залогам, каб збыліся ўсе светлыя памкненні творцы. Першую зарубку на бервяне ўрачыста зрабіў кіраўнік брыгады разьбяроў, старшы выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ВДУ, член Беларускага саюза дызайнераў, дыпламант шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў Аляксандр Герасімаў.
Драўляныя творы будуць урачыста ўсталяваны ў Дуброўне ў наступную нядзелю, а пераможцы атрымаюць заслужаныя дыпломы і сувеніры ад арганізатараў свята.
Дарэчы, Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” штогод праходзіць у Дуброўне, пачынаючы з 1993-га. Сёлета ён будзе прысвечаны 70-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Плануецца ўдзел калектываў з 9 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Славакіі і Малдовы. Ужо некалькі гадоў запар гасцей сустракае народны клуб нацыянальнай кухні і беларускай гульні “Дубровенскія прысмакі”, які з песнямі і танцамі запрашае гасцей пакаштаваць мясцовыя стравы.
Да значнай падзеі будзе прымеркавана адкрыццё алеі Герояў у скверы, дзе ўсталююць помнікі дзесяці Герояў Савецкага Саюза — вызваліцеляў Дубровеншчыны ад гітлераўскай навалы. Традыцыйна на мемарыяльным комплексе “Рыленкі” пройдзе мітынг-рэквіем, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Дубровенскага раёна ад немецка-фашысцкіх захопнікаў.
У рамках фестывалю на цэнтральнай плошчы Дуброўна пройдзе раённы агляд-конкурс на лепшы падворак, мэта якога — адраджэнне, развіццё, папулярызацыя лепшых традыцый нацыянальнай культуры Дубровеншчыны. У конкурсе бяруць удзел сельскія выканаўчыя камітэты, аматарскія аб’яднанні, установы культуры і адукацыі, прадпрыемствы раёна.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Людміла Дударава раскрыла яшчэ адзін сакрэт свята, якое стане 21-м, таму канцэпцыя мерапрыемства цесна звязана з гэтай лічбай. У ім удзельнічае 21 калектыў, будзе ўганараваны 21 лепшы выпускнік школ і 21 самы дастойны спартсмен раёна, 21 малады чалавек, якому споўніўся 21 год, і г. д. Кожнаму калектыву калектыву на свяце па традыцыі будзе ўручаны сімвал фестывалю — скульптура салаўя.
Ужо некалькі год існуе фестывальны праект “Абмен караваямі”: удзельнікі ўручаць адзін аднаму кандытарскія вырабы з надзеяй на доўгае сяброўства і спадзяваннем зноў прыехаць у госці.
У мінулым годзе прадстаўнікі ўсіх краін-удзельніц заклалі на цэнтральнай плошчы Дуброўна алею Памяці. Усе саджанцы ліп прыжыліся. А значыць, традыцыям, што пачаліся на дняпроўскіх берагах, жыць!
Фота Антона Сцепанішчава