Напеў мілагучнай “Купалінкі” захапляе і зачароўвае, асабліва калі гучыць у выкананні гасцей з далёкай Венесуэлы. Музыканты з горада Каракас Эдзі Дзіяс і Нэльсан Гансалес прыехалі ў нашу краіну на некалькі дзён, каб прыняць удзел у пастаўскім фестывалі. Беларускім матывам яны ўпрыгожылі сваю фальклорную інструментальную кампазіцыю “Пахарыльё”. Пастаўчанам іх ідэя вельмі спадабалася.
– Куатра – душа музыкі маёй краіны, – расказвае Эдзі Дзіяс. – У вас значна халадней, чым у нас, за акіянам. Што цікава, тут гэты музычны інструмент гучыць крышку інакш, але ж цеплыня сэрцаў пастаўчан атагрэла яго. Цяжка нават перадаць, якія пачуцці перепаўняюць мяне. Ведаю адно: гэту паездку, удзячных гледачоў ніколі не забуду.
Добрыя словы ў адрас гаспадароў выказвалі і прадстаўнікі іншых краін, якія завіталі ў мінулыя выхадныя ў Паставы на XVII Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Прыгожы, утульны горад-юбіляр, напярэдадні адсвяткаваўшы сваё 605-годдзе, гасцінна сустракаў удзельнікаў творчага форуму з розных абласцей нашай краіны, а таксама Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Славакіі, Венесуэлы, Малдовы і Грузіі.
Упершыню фестываль прайшоў у 1989 годзе ў Віцебску, адкуль праз два гады пераехаў у маляўнічы азёрны край, які славіцца багатай культурнай спадчынай. Напрыклад, гісторыя сведчыць пра выдатную выканальніцкую школу цымбалістаў вёскі Груздава – адзінага ў нашай краіне месца, дзе захаваліся самабытныя дыятанічныя цымбалы.
Хутка музычнае свята атрымала статус міжнароднага. На фестывальнай сцэне ў розны час выступалі і славутыя, і малавядомыя калектывы з 15 краін свету. Па словах ініцыятара і аўтара правядзення мерапрыемства ў Паставах, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Тадэвуша Стружэцкага, штогадовая музычная сустрэча аматараў народнай музыкі не мае аналагаў у Беларусі. І гэтым трэба ганарыцца!
– Безумоўна, за 24 гады фестываль змяніўся, стаў паўнацэнным, адметным, творчым, – кажа Тадэвуш Іванавіч. – Пры гэтым галоўная наша задача па адраджэнні і папулярызацыі рэгіянальных музычных традыцый застаецца нязменнай. Многія знакамітыя зараз аматарскія калектывы Беларусі выступалі ў свой час на музычных пляцоўках Пастаў, менавіта тут пачынаўся іх творчы шлях. Мару аб тым, каб у наступным годзе пабачыць на адной сцэне лаўрэатаў усіх папярэдніх фестываляў. Якім цудоўным суквеццем талентаў запомніцца гэта юбілейная сустрэча!
У прывітальным слове старшыні абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Косінца да гасцей і ўдзельнікаў свята падкрэслівалася, што фестываль аб’ядноўвае прафесійныя і аматарскія калектывы народнай музыкі, спрыяе захаванню культурных традыцый выканальніцкай школы Паазер’я, служыць справе прапаганды аўтэнтычнага мастацтва.
Фестываль, які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Пастаўскага райвыканкама, за час свайго існавання сфарміраваў творчыя традыцыі, набыў шматлікіх прыхільнікаў і апантаных энтузіастаў, стаў асаблівай з’явай у культурным жыцці краіны, вобласці, раёна.
Нязменным застаецца конкурс калектываў і выканаўцаў музыкі на народных інструментах “Хто каго?”, які дапамагае ўдзельнікам найбольш яскрава праявіць свае здольнасці.
Падчас традыцыйнай прэс-канференцыі з кіраўнікамі дэлегацый, членамі аргкамітэта і прадстаўнікамі СМІ старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што дзякуючы міжнароднаму фестывалю горад, у якім пражывае каля 20 тысяч чалавек, добра вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі. Вялікую ўвагу мясцовыя ўлады надаюць арганізацыі спрыяльных умоў для развіцця бізнесу, культуры, узаемаадносін з 11 гарадамі-пабрацімамі ў розных галінах дзейнасці.
Напрыклад, на працягу двух гадоў рэалізуецца літоўска-беларускі трансгранічны праект, у рамках якога зроблена рэканструкцыя скляпенняў палаца Тызенгаўзаў. Кажуць, 100 гадоў таму граф быў упэўнены, што старую пабудову няма сэнсу рэстаўрыраваць. Аднак палац стаіць і сёння. У яго сценах месцяцца пакоі раённай бальніцы. А вось у прасторным склепе – сапраўднае багацце, якое расказвае наведвальнікам пра мінулае мясцовых жыхароў.
На ўрачыстым адкрыцці новых музейных экспазіцый філіяла раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў навуковы супрацоўнік Таццяна Гарошка распавяла гасцям фестывалю пра графа Канстанціна Тызенгаўза, які з’яўляўся ганаровым членам шматлікіх навуковых суполак Еўропы. Ён сабраў калекцыю, у якой налічвалася больш за 3 тысячы каштоўных экспанатаў. Больш падрабязна пра спадчыну графаў Тызенгаўзаў у Літве і Беларусі, а таксама пра ўнікальны дакументальны фільм, зняты ў 1907 годзе пра Санкт-Пецярбургскую кавалерыйскую школу ў Паставах, фотаздымкі, рэчы часоў Першай сусветнай вайны, вялікі габелен, падораны стараннаму выпускніку школы пастаўчаніну Аляксандру Атвалку і пра іншыя цікавыя экспанаты чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты.
На развітанне супрацоўнікі музея правялі цікавую віктарыну, пераможцаў якой чакалі падарункі. Усім удзельнікам свята прапанавалі паласавацца сырам “Тызенгаўз”, які выпускае мясцовы малочны завод. А ў гэты час на ганку старадаўняга палаца пачыналася тэатралізаванае прадстаўленне “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” з удзелам дзяржаўнага ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Байдава.
У рамках фестывалю ў выставачнай зале Дома рамёстваў праходзіла фотавыстава “Горад. Гісторыя. Людзі”, у канцэртнай зале адбылося літаратурнае свята “Паэтаў спеўная душа”, у Доме культуры выступаў дзяржаўны ансамбль песні і танца Грузіі “Аджарыя”, а вечарам у гарадскім парку прайшла маладзёжная акцыя “Мой горад. Мая краіна”.
У суботу на плошчы імя Леніна працаваў “Горад майстроў” дзе можна было набыць вырабы ўмельцаў. Запрашаў гасцей паспытаць стравы народны клуб “Прысмакі” Ушацкага раёна. На стале былі і бліны, і печыва, і дамашнія напоі. – Адразу бачна, гаспадыні добрыя, умеюць смачна гатаваць. У святочнай праграмме таксама было тэатралізаванае мерапрыемства для дзяцей і падлеткаў, канцэрт народных калектываў Пастаўшчыны, агляд-конкурс сельскіх падворкаў.
Увечары адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Кірмаш народных талентаў”, на якім прысутнічаў намеснік Міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Свята прадоўжылі музычна-тэатралізаванае прадстаўленне “Пастаўскі баль” з удзелам замежных калектываў, выступленне тэатра агню “Магратэя”, святочны феерверк.
Другі дзень фестывалю быў не менш цікавым. Уразіла тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і заключны гала-канцэрт, дзе выступалі пераможцы конкурсу “Хто каго?”.
…І вось прыйшоў час развітацца, раз’язджаючыся, госці абяцалі сустрэцца зноў праз год. І кожны вёз з сабой сувенір, які будзе доўга напамінаць пра гасціннасць, ветлівасць жыхароў пастаўскага краю.
На фота:
Народны клуб “Прысмакі” Ушацкага раёна
Венесуэльскія музыкі.
Пастаўскія “Непаседы”
Удзельнікі фестывалю
Фота Дзіяны Берніковіч