У праграме святкавання Дня Перамогі на Міёршчыне быў і кранальны момант адкрыцця сімвалічнай скульптуры “Дзеці міру – дзецям вайны”. Пасля мітынгу на плошчы Памяці Загінулых Барацьбітоў яго ўдзельнікі калонай прайшлі на скрыжаванне вуліц Камуністычная і Кірава, дзе ў гарадскім скверы на невялікай пляцоўцы пастаўлены адзін на адзін 5 гранітных кубікаў – звычайныя атрыбуты дзіцячых забаў, якіх была пазбаўлена дзятва ў гады ваеннага ліхалецця. Хлопчыкам і дзяўчынкам давялося галадаць і мерзнуць, жыць у пастаяннай небяспецы… І марыць пра час, калі наступіць мір. Гэту іх надзею перадае белы голуб, які вянчае піраміду. Ён гатовы ўзляцець у блакіт неба і вярнуцца на зямлю, дзе няма стрэлаў, выбухаў, гора…