Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

Поспеху дабiваецца той, хто не стаiць на месцы, лічаць у ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна

У Верхнядзвінску на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, часцей за іншых узнімаліся на сцэну за ўзнагародамі прадстаўнікі ААТ «Шайцерава». У раёне няма роўных яму па ўраджайнасці збожжавых, рапсу, надоях і прывагах, сацыяльным пакеце для работнікаў. З гэтай нагоды адзін з механізатараў скажа проста: «Усе працуем, каб мець за што жыць. Каб жыць багацей, стараемся працаваць лепш». Простая формула, у якой крыецца глыбокая сутнасць узаемазалежнасці працы і дабрабыту.

Зямля дзякуе рупліўцам 

За тыдзень да прафесійнага свята ў гаспадарцы практычна закончылі сельскагаспадарчыя работы на зямлі. У полі працаваў толькі камбайн, які ўбіраў кукурузу на зерне. На гэтыя мэты было пакінута 108 гектараў. З кожнага ў першыя дні намалочвалі каля 100 цэнтнераў зерня.

– Малавата, – шкадаваў галоўны аграном Віктар Галавач. – Летась мелі на круг па 160 ц. Але спадзяюся, што і сёлета будзе за 100, лепшыя ўчасткі наперадзе. Заканчваем ачыстку насення, узнялі 1300 га ворыва – на 18% больш, чым плануем сеяць яравых, а вось нарыхтоўку арганікі будзем працягваць. Усё астатняе ў полі зроблена.

У лепшыя тэрміны шайцераўцы пасеялі азімыя на плошчы больш чым 2 тысячы гектараў, на 435 га паклалі ў глебу насенне рапсу. І першыя, і другія культуры парадавалі сёлета хлебаробаў. Крыху горш урадзіліся яравыя. Але на круг атрымалася па 43 ц, валавы намалот склаў амаль 10,5 тыс. тон збажыны.

Што тычыцца рапсу, то ён даў сёлета рэкордны ўраджай, азімага намалочвалі з гектара па 38,3 ц – больш, чым некаторыя гаспадаркі збожжавых. З улікам яравога атрымалася ў сярэднім амаль па 36,7 ц.

Валавы ж намалот наблізіўся да паўтары тысячы тон. Ад яго выручылі больш за 1 мільён рублёў.

Вядома, ураджай не зваліўся, як кажуць, з неба. Каб мець яго, пашчыравалі ўсе, хто нарыхтоўваў і ўносіў арганіку, мінеральныя ўгнаенні, гербіцыды, апрацоўваў глебу, сеяў, падкормліваў і праполваў культуры, убіраў ураджай.

– Выдзеліць кагосьці з гэтай кагорты не магу, – адзначыў галоўны інжынер Уладзімір Шыманскі. – Усе людзі адказныя, працавітыя, чым, дарэчы, мы таксама ганарымся. Лепш за нас, кіраўнікоў галін, дысцыпліну падтрымлівае матэрыяльны стымул. Сярэдні заработак па гаспадарцы складае 1096 рублёў, а ў прыпар сельскагаспадарчых кампаній вагаўся ад 2,5 да 3 – 4 тысяч у месяц. Такой працы будзеш трымацца.

Праўда, казалі ў гаспадарцы, нямала тых, хто акрамя заработку разумее важнасць своечасовасці выканання той ці іншай работы. І прыводзілі ў прыклад Васіля Косава, які ўбіраў рапс і пры святле фар, баяўся, каб стручкі не пачалі лопацца і высыпацца. У выніку на яго рахунку 4117 тон намалочанага рапсу і збажыны і трэцяе месца ў абласным спаборніцтве механізатараў.

– Такому механізатару заслужана дастаўся новенькі «бельгіец», – падкрэсліў галоўны інжынер. – Праўда, і на старой Меgа ён ставіў рэкорды. У 2016 годзе быў другім у вобласці па намалоце збожжа.

Сёлета той камбайн спісалі. Машынна-трактарны парк папоўнілі новыя New Holland, «Кіравец», сеялка, культыватар, граблі, іншы шыроказахопны інвентар пад сучасную энерганасычаную тэхніку.

Каб жыць, павышаць прадукцыйнасць працы, мацаваць эканоміку, трэба развівацца, агучвалі пазіцыю кіраўніка гаспадаркі Міхаіла Гумнянкова яго падначаленыя. (Сам дырэктар быў на адпачынку). Але і тое, што ёсць, трэба берагчы, эксплуатаваць ашчадна і рацыянальна.

– Мы і стараемся, – сказаў Уладзімір Канстанцінавіч, паказваючы вялікі машынны двор.

Трэба прызнаць, што парадак на ім быў, можна сказаць, ідэальны. Камбайны закансерваваны і пастаўлены ў спецыяльныя боксы. Роўнымі радамі выстаўлена тэхніка і прылады, выкарыстанне якіх ужо закончылася. Гэтак жа акуратна паркуюць тэхніку механізатары ў канцы працоўнага дня. У саміх жа майстэрнях рыхтуюць агрэгаты ўжо да веснавой сяўбы будучага года. Плугі і культыватары, дыскі будуць пастаўлены на лінейку гатоўнасці першымі. І далей усё згодна з планам.

У малочнай ракі берагі залатыя 

У абласным спаборніцтве шайцераўскія даяркі заўсёды ў лідарах. І гэта не дзіўна. Летась яны надаілі ў сярэднім ад каровы па 8689 кілаграмаў малака. Сёлета, упэўнена галоўны заатэхнік Таццяна Вільчынская, будуць мець не менш чым па 8800 кг, бо на ўсіх фермах ёсць прыбаўка надояў. Цяпер у сярэднім кожная карова дае па 22 кг, летам было па 29. Яшчэ большыя паказчыкі ў перадавіц Алы Сырэвіч, Алены Дрыжовай, Наталлі Глебкі. Усе тры даяркі могуць выйсці сёлета на 10-тысячны рубеж ці нават перасягнуць яго.

У падпарадкаванні галоўнага заатэхніка пяць малочнатаварных ферм, дзе ўтрымліваецца больш за 800 кароў, чатыры арачнікі для цялят, 42 падначаленыя. Гаспадарка турботная, але праца любімая, спраўляцца з якой зноў жа дапамагаюць калегі – ветурачы, заатэхнікі-селекцыянеры ды самі даяркі, асемянатары, аператары на дарошчванні цялят.

– Да перадавых даярак, што вам назвала, дабавіла б яшчэ Іну Маршыруеву, якая зай-маецца раздоем і доіць ад першацёлак па 28 кг малака ў дзень, – працягвала знаёміць са сваёй галіной Таццяна Альбертаўна. – Трэба ўспомніць яшчэ і цялятніц Галіну Бурак, Ніну Міхно і Валянціну Хаткевіч, а таксама мужчын, якія даглядаюць цялят. Высокія прывагі ў групе Яўгена Вільчынскага і Уладзіслава Белавуса. У сярэднім жа па гаспадарцы з дня нара-джэння да трох месяцаў яны прыбаўляюць штодня ў вазе амаль па кілаграму, з трох да шасці месяцаў – па 759 г.

У надоях, атрыманым прыпло-дзе значны ўклад асемянатараў. У «Шайцераве» іх два – Сяргей Судакоў і Аляксандр Данілевіч. Справу сваю ведаюць, што не раз даказалі на розных спаборніцтвах. Галоўны ветурач гаспадаркі Канстанцін Шкіндзер у пары з Сяргеем Судаковым занялі на конкурсе ў рэспубліцы трэцяе месца.

Гаспадарка займаецца яшчэ і продажам нецеляў, што таксама эканамічна выгадна. Адна галава каштуе прыкладна 8 тысяч рублёў. А летась іх рэалізавалі 180. Няцяжка падлічыць выручку. Якая будзе сёлета, Таццяна Вільчынская яшчэ не ведае. Будзе залежыць ад попыту, ад намеру іншых гаспадарак вобласці абнавіць дойны статак.

У самім жа «Шайцераве» штогод замяняюць прыкладна 30% кароў. Рэзерв сфарміраваны ад самых прадуктыўных. Абнаўленне статка вядзецца прадумана. І зноў жа гэта залежыць ад падрыхтаванасці спецыялістаў. Заа-тэхнік-селекцыянер Марына Міцкевіч, напрыклад, даказала гэта на абласным конкурсе, дзе трапіла ў лік прызёраў. А асемянатар свінаводчага комплексу Алена Станкевіч прызнана лепшай у рэспубліцы.

Каровы, кадры, кармы, камфортнасць іх утрымання – колькасць складнікаў поспеху ў малочнай галіне павялічваецца. Каровы ў сельгаспрадпрыемстве высокаўдойныя, галштынскай пароды, якія здольныя даваць і па 12 тысяч кг малака ў год. Гэтай лічбы і хацелі б дасягнуць у «Шайцераве». Кадры таксама ёсць. Кармоў хапае. Сёлета назапасілі па 30,26 ц к. адз. на ўмоўную галаву. З пераходным запасам з мінулага года сытны, збалансаваны рацыён забяспечаны. І пра стварэнне камфортных умоў для ўтрымання жывёлы тут дбаюць. Па словах галоўнага заатэхніка, на новай ферме для кожнай каровы прадугледжана амаль
3 кв. м «жылой» плошчы.

Кожны дзень гаспадарка зарабляе на продажы малака прыкладна 15 тыс. руб. Калі летась рэнтабельнасць малочнай галіны складала 26,8%, то сёлета за 9 месяцаў – 35,3%. Прырост, кажа галоўны эканаміст Алена Бандаронак, дасягнуты за кошт павелічэння аб’ёмаў продажу і паляпшэння якасных паказчыкаў. Выручкі ад малака хапае на выплату заработнай платы, аплату электраэнергіі, запасных частак.

Перапрацаваць і прадаць

Такому падыходу да гаспадарання ў сельгас-прадпрыемстве аддалі перавагу многа гадоў таму. Адна справа – прадаць вырашчаную прадукцыю перапрацоўшчыкам, іншая – зрабіць гэта самім і самім рэалізаваць гатовы прадукт. Выгада відавочная. Менавіта перапрацоўка свініны і ялавічыны, рэалізацыя гатовай прадукцыі прыносяць гаспадарцы асноўны прыбытак. У структуры яе даходаў на долю цэха перапрацоўкі мяса прыпадае аж 70%. За 9 месяцаў ад рэалізацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці было атрымана больш за 12 млн руб. выручкі, чысты прыбытак склаў больш за 2 мільёны рублёў.

Але рэзервы ў цэха былі, і дырэктар прыняў рашэнне мадэрнізаваць яго. Вытворчыя плошчы аснасцілі самым сучасным энергазберагаючым абсталяваннем і ў тры разы павялічылі магутнасць. Калі раней перапрацоўвалі ў дзень 2 т мяса, то цяпер лёгка 7 т.

– Зможам і больш, – паведаміў начальнік цэха Юрый Барысёнак. – Асвоілі паглыбленую перапрацоўку лівера і цяпер можам прапанаваць пакупнікам да 60 найменняў мясной прадукцыі. Прадаём яе ў сваіх дзевяці фірменных магазінах у Полацку і Наваполацку, Верхнядзвінску, маем і аўтамагазін. Але пакуль попыт яшчэ не закрываем.

Сапраўды, брэнд «Шайцераўскі кумпячок» набыў папулярнасць у пакупнікоў, бо яны пераканаліся – прадукцыя ААТ «Шайцерава» заўсёды свежая, натуральная, выпушчаная з прымяненнем традыцыйных раслінных прыпраў, а не хімічных дабавак. Арыентуючыся на сённяшні попыт, ААТ плануе адкрыць яшчэ як мінімум шэсць магазінаў, асвоіць выраб каўбас, сасісак і сардэлек і акупіць за адзін год укладзеныя ў мадэрнізацыю сродкі, а гэта прыкладна 5 мільёнаў рублёў. Разлік рэальны. Па словах галоўнага эканаміста, рэалізацыя прадукцыі цэха прыносіць у месяц паўтара мільёна рублёў выручкі.

Адным словам, мадэрнізацыя цэха прынесла сельгаспрадпрыемству новыя бонусы. З пачатку года перапрацавана больш за 3 тысячы тон свініны, а гэта ўжо зусім іншыя грошы, чым былі б выручаны ад рэалізацыі тушамі.

Некалькі гадоў назад, як і іншыя свінакомплексы вобласці, калектыў пацярпеў ад афрыканскай чумы. Аднак у Шайцераве змаглі хутка аднавіць пагалоўе, і зараз на комплексе ўтрымліваецца больш за 22 тысячы галоў, якія добра прыбываюць у вазе, забяспечваюць патрэбы цэха ў сыравіне.

Сацыяльны пакет важкі 

Святкаваць дык святкаваць! Да прафесійнага свята па рашэнні дырэкцыі і прафкама ўсім работнікам прадпрыемства падрыхтавалі харчовыя наборы: каўбаса, фарш, мяса, сыр, каб гаспадыні маглі лёгка накрыць стол не толькі ў гэтыя выхадныя, але і не хадзіць у магазін яшчэ тыдзень. Да харчовага набору – яшчэ і канверт з прэміяй. 70 рублёў кожнаму, за выключэннем тых, хто меў спагнанні. Перадавікам прадугле-джана яшчэ 50 – 60 рублёў. У суме – важкая дабаўка да месячнай заработнай платы.

Дарэчы, прадуктовыя наборы дырэкцыя выдзяляе сваім работнікам некалькі разоў на год: да Каляд і Новага года, 23 Лютага і 8 Сакавіка, іншых важных дзяржаўных святаў.

Калектыўным дагаворам прадугле-джаны самыя розныя выплаты. Як расказала намеснік дырэктара па ідэалогіі Алена Станкевіч, да водпуску работнікам выплачваюць 20 базавых велічынь на аздараўленне, столькі ж кожнаму з маладых пры ўступленні ў шлюб, сям’і пры нараджэнні дзіця, пэўныя сумы да юбілеяў, пры выхадзе на пенсію і, вядома, у іншых сітуацыях, калі людзям ці сем’ям патрабуецца матэрыяльная падтрымка.

Маладых спецыялістаў стараюцца забяспечыць жыллём. У апошні час з гэтай мэтай гаспадарчым спосабам узведзены дом. Яшчэ тры будуюцца ў райцэнтры. Але калі адразу даць жыллё не ўдаецца, гаспадарка аплачвае кошт знятага дома ці кватэры. Спецыялісты забяспечаны транспартам і абсалютна ўсе работнікі – спецвопраткай.

Здароўе людзей – асаблівы клопат. Гаспадарка садзейнічае ўсім, каму патрэбна яго ўмацаванне, у набыцці пуцёвак у санаторыі. У прыпар сельскагаспадарчых кампаній каля 200 чалавек забяспечваюцца абедамі, аплату паловы кошту якіх бярэ на сябе прадпрыемства.

«Шайцерава» адзіная гаспадарка ў раёне, якая мае свой фізкультурна-аздараўленчы комплекс і інструктара па спорце. Па словах Алены Аляксандраўны, ён ніколі не пустуе. Ахвочых займацца спортам у розных секцыях, мацаваць цела ў трэнажорнай зале шмат. Таму і платныя паслугі тут запатрабаваныя.

Адным словам, у гаспадарцы гатовы матэрыяльна падтрымаць сваіх работнікаў ва ўсіх выпадках, якія дазваляюцца заканадаўствам і калектыўным дагаворам.

Стары лозунг значэння не губляе 

Лозунг «Кадры вырашаюць усё» застаецца актуальным і сёння. На любым участку ад прафесіяналізму і адказнасці работніка залежыць, якім будзе вынік. У Шайцераве давялося пачуць ад розных людзей: «Сельгаспрадпрыемству пашанцавала на дырэктара». Спецыялісты выказваліся больш канкрэтна: «За Гумнянковым мы як за каменнай сцяной», «Прамы, строгі, дысцыпліну трымае, умее зазірнуць у далёкую перспектыву». 15 гадоў кіруе Міхаіл Пятровіч калектывам. За гэты час сельгас-прадпрыемства акрэпла фінансава, стала паспяховым вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі. За 10 месяцаў 2020-га рэнтабельнасць гаспадаркі перавысіла 10%, атрымана 1563 тыс. руб. чыстага прыбытку. Гаспадарка заносілася на Рэспубліканскую і абласную дошкі гонару, перамагла ў абласным спаборніцтве па ідэалагічнай рабоце. Значыць, дырэктар са сваёй камандай правільна выбудаваў стратэгію і вызначыў тактыку развіцця вытворчасці, за што адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём «За працоўныя заслугі», мае ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны».

Лаўрэатамі гэтай прэміі аблвыканкама былі яшчэ шэсць работнікаў ААТ, а ўзнагароджаных граматамі райвыканкама і райсавета не пералічыць.

Пра паспяховасць ААТ «Шайцерава» сведчыла і колькасць узнагарод, атрыманых прадстаўнікамі калектыву на ўрачыстым сходзе ў раёне.

Фота Аляксандра АЗЕРСКАГА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ