Як і ў многіх іншых гаспадарках Міёршчыны, большасць жывёлагадоўчых памяшканняў у СУП “Чэрасы” была ўзведзена ў 60-70-я гады. Яны патрабуюць рэканструкцыі, замены абсталявання, укаранення новых тэхналогій утрымання жывёлы. Гэтым у апошні час і заклапочана кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.
-- Па чарзе будзем рэканструяваць МТФ, іншыя жывёлагадоўчыя пабудовы, -- расказвае дырэктар СУП Алег Януковіч. – Пачалі з комплекса па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы. Гаспадарчым спосабам заканчваем рамонт аднаго з будынкаў. Гэтай восенню паставім у яго 400 цялушак, прызначаных для абнаўлення малочнага статка. Яны будуць стаяць на глыбокай саламянай подсцілцы і не прывязвацца.
Акрамя паляпшэння ўмоў утрымання жывёлы, новы будынак дазволіць павялічыць пагалоўе. Да канца года яно будзе налічваць 4600 галоў, большасць якіх канцэнтруецца на комплексе. Яго калектывам паспяхова кіруюць два тэхнолагі -- Іна Бескаравайная і Святлана Кукуць. Абедзьве вопытныя спецыялісты, умеюць рацыянальна арганізаваць работу падначаленых. Дарэчы, яны сочаць і за якасцю закладкі сенажу і сіласу. На пачатак верасня ўжо мелі па 28 ц к. адз. на ўмоўную галаву. Хутка пачнецца ўборка кукурузы з 435 га. Зяленая маса пойдзе на прыгатаванне сіласу.
Фота з архіва “ВВ”.