«Хто жыве ў Рагачове – той шчаслівы чалавек». Гэта цытата з верша беларускага паэта Уладзіміра Немізанскага, віцябчаніна па нараджэннi, які другую палову свайго жыцця правёў у Рагачове Гомельскай вобласці і прысвяціў яму шмат натхнёных радкоў. У ліку твораў нашага земляка і гімн Рагачова. Пэўнаж, ён прагучыць падчас XXIII Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў гэтым старажытным прыдняпроўскім горадзе 4 верасня.
Увогуле нашу вобласць з Рагачоўшчынай звязваюць яркія імёны і літаратурныя стасункі. Так, ураджэнец вёскі Зазыбы Лёзненскага раёна, народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў рос непадалёк ад Рагачова. Тут з’явіўся на свет яго брат і калега па творчым цэху Рыгор (Суніца). Слынны аршанскі гадаванец Уладзімір Караткевіч правёў у хаце свайго рагачоўскага дзеда шмат па-пісьменніцку шчаслівых, плённых дзён, працуючы над творамі, якія сталі класікай, – «Ладдзя роспачы», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Ганарыцца Рагачоўшчына, што ў колішнім маёнтку Добасня нарадзіўся заснавальнік беларускай нацыянальнай прозы Ядвігін Ш. З тутэйшай вёскі Борхаў – народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак. Яго жыццю і літаратурнай спадчыне ў Дзень беларускага пісьменства будзе прысвечана выстава «Па-сапраўднаму народны», тэматычныя мерапрыемствы пройдуць у аграгарадку Журавічы, дзе славуты драматург скончыў школу, а пазней некалькі гадоў працаваў. Сынам гэтай зямлі з’яўляецца і вядомы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі. У Рагачове вучылася масціты айчынны празаік Алена Васілевіч, на мясцовай літаратурнай карце ёсць кропкі, знітаваныя з біяграфіямі іншых пісьменнікаў. Шчасліва паўплываў на іх творчы лёс багаты на літаратурныя традыцыі і абраны для правядзення сёлетняга грандыёзнага свята рэгіён.
Галоўнымі матывамі Дня беларускага пісьменства ў Рагачове стануць Год культуры, падрыхтоўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілейныя даты славутых беларускіх пісьменнікаў – Змітрака Бядулі, Кандрата Крапі-вы, Максіма Багдановіча, Івана Шамякі-на, Івана Мележа. Запланавана больш за 70 мерапрыемстваў на 16 сцэнічных пляцоўках. Апрача «Славянскіх літаратурных «Дажынак-2016», чакаецца тэлемост з пабрацімамі Рагачова – гарадамі Кацельнікі (РФ) і Новаград-Валынскі (Украіна), спектакль «Пясняр» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, закладка алеі ў гонар 10-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі, адкрыццё Дома кнігі, ніжняга прэдзелу храма Аляксандра Неўскага і шмат што яшчэ.
Фота з адкрытых крыніц.