Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

«Пахаванне» дзеда і катанне з гары. Як раней сустракалі Масленiцу жыхары Віцебскай вобласці?

Гісторыя свята Масленіцы сыходзіць сваімі каранямі глыбока ў старажытнасць. Масленіца — славянскае свята, якое дасталося нам у спадчыну ад язычнікаў і захавалася пасля прыняцця хрысціянства. Гэта заўсёды было самае вясёлае і любімае народнае гулянне — праводзіны зімы, азораныя радасным чаканнем блізкага цяпла, вясновага абнаўлення прыроды.

Адзначалі свята не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Аднак наша асаблівасць у тым, што многія невялікія рэгіёны мелі свае адметнасці святкавання Масленіцы, якія захаваліся да сённяшняга часу. У Гарадоцкім раёне, напрыклад, здавён існуе «пахаванне» дзеда і бабы, катанне з гары і на конях. Што тычыцца багацця і раскошы масленічных страў, то, зразумела, тут пераважалі бліны – адвечны салярны сімвал – і ўсемагчымыя малочныя прысмакі.

«Пахаванне» дзеда адбывалася напярэдадні масленічнага тыдня, у суботу ці нядзелю. Гэтаму папярэднічаў выраб дзеда ў выглядзе лялькі, звычайна з мяшка саломы. У розных месцах Гарадоцкага раёна гэтае «пахаванне» мела свае адрозненні, часам вельмі значныя. У адной вёсцы дзеда клалі на лаўку ў кут. Прыходзілі вяскоўцы з выпіўкай і закускай. У хаце можна было пачуць і плач, і галашэнне, і жарты, і смех… Нярэдка гучала пытанне: «А чаго дзед памёр?» На гэта адказвалі: «А косткай падавіўся». Гэты дыялог патрабуе дадатковага тлумачэння. Як вядома, Масленіцы папярэднічала завяршэнне перыяду Мясаеда, што азначала завяршэнне ўжывання мясных страў. А на Масленіцу галоўнай ежай была малочная.

Па такім жа сцэнарыі адбывалася і «пахаванне» бабы на прыканцы святочнага тыдня. У гэтай сувязі пра масленічную бабу гаварылі, што яна падавілася сырніцай.

Яшчэ адным важным масленічным абрадам з’яўляецца катанне з гары і на конях. З гары звычайна коўзаліся не толькі дзеці і моладзь, але і дарослыя. Катанне з гары і на конях павінна было паспрыяць ураджаю льну, каб ён урадзіўся доўгі і валакністы. Улічваючы магічную абрадавую функцыю гэтага дзеяння, не толькі самі ўдзельнікі былі апрануты ў святочную вопратку, але ўпрыгожваліся і коні і сані.

На масленічным тыдні асаблівыя ўсе дні, але на Гарадоччыне, што адпавядае ў цэлым агульнабеларускай традыцыі, сярод іх вылучаецца чацвер: усе збіраліся разам у хаце з напоямі і пачастункам.

Абавязковай стравай, якая прысутнічала ва ўсе дні свята, з’яўляліся бліны. Таксама не абыходзіліся на стале без страў з малака: гэта сырніца, тварог, смятана, сметанковае масла.

Гэтыя звычкі адлюстраваны і ў масленічных песнях, якія недвухсэнсоўна ўказваюць на самага галоўнага дзеючага героя свята – моладзь. Як спяваецца ў песні, гару, з якой коўзалася моладзь, набівалі сырам і палівалі маслам, і, зразумела ж, на гэтых «коўзанках» хлопцы і дзяўчаты знаёміліся, прыглядаліся адно да аднаго.

Масленіца доўжылася толькі адзін тыдзень, а наперадзе чакаўся сямітыднёвы перадвелікодны пост. Таму назапашвалі энергію, каб у наступным сезоне працягнуць адвечнае кола жыцця чалавека і прыроды.

Аляксандр Цітавец, Мінск.

Фота Дзмітрыя Осіпава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ