У кожным з сельскіх рэгіёнаў Полаччыны сёння ёсць свой адметны культурный брэнд, звязаны з ушанаваннем мясцовых традыцый. У аграгарадку Зялёнка адзначаюць дзень святых братоў Кузьмы і Дзям’яна, якія карыстасталіся глыбокай павагай ва ўсіх усходнеславянскіх землях. Паводле народных паданняў яны былі выдатнымі майстрамі, лекарамі і цудатворцамі, лічыліся заступнікамі земляробства, шлюбу і хатняга дабрабыту.
Раней зялёнкаўцы тройчы святкавалі восеньскія “Кузьмінкі”, а сёлета вырашылі правесці і летнія, прымеркаваныя да гарачай пары касавіцы. Каб заручыцца падтрымкай святых апекуноў, важна іх улагодзіць, выканаўшы пэўныя абрадавыя дзеянні. Таму ўдзельнікі 10 каманд з розных куткоў раёна падрыхтавалі гаспадарам адмысловыя падарункі. Абавязковым было прывезці мерку круп для агульнай рытуальнай кашы, што ўвасабляе шчасце і дабрабыт усёй грамады.
Выпрабаванні па дарозе на фестывальную гару таксама мелі сімвалічны сэнс. Так, на тэматычнай пляцоўцы “Кузьмінкаўская стагоўніца” трэба было завяршыць і прыбраць на свой густ капу сена, бо дапамагаюць Кузьма з Дзям’янам таму, хто шчыра дбае на роднай зямельцы.
На свяце не забылі ўславіць людзей, якія рупліва працуюць дзеля росквіту сваёй малой радзімы. На ўрачыстае шэсце выйшлі лесаруб Вячаслаў Помінаў, уладальніца прыватнай гаспадаркі Наталля Фяськова, механізатар Іван Хамчаноўскі, аператар машыннага даення Галіна Бушунова і іншыя жыхары зялёнкаўскага краю.
Скончыў работу - гуляй у ахвоту, кажуць у народзе. Другую частку праграмы арганізатары прысвяцілі народным іграм і забавам, пачатак якіх абвясціў сваім гучным ку-ка-рэ-ку мясцовы певень-старажыл.
Паколькі Кузьму з Дзям’янам лічылі яшчэ і божымі кавалямі, што выкоўваюць вясельныя вянкі для маладых пар, у цэнтры ўвагі апынулася і шлюбная тэматыка. Падчас гульні “Капа лёсу” дзяўчаты шукалі падковы шчасця, а хлопцы мусілі злавіць і ўтрымаць сваіх суджаных. Спаборніцтвы на арэлях вызначылі, хто хутчэй за іншых ажэніцца, а павысіць якасць будучых мужоў дапамагла абрадавая дзея “Выветрыванне дурноты з жаніхоў”. Прэтэндэнтаў білі бярозавымі дубцамі, прыгаворваючы: “Каб гарэліцу не піў, толькі жоначку любіў, увесь тыдзень працаваў, шмат багацця нажываў”.
Дарэчы, памераць узровень розуму кожны ахвотны мог на спецыяльна змайстраваным “Мудрамеры”. Настрой удзельнікам свята падымалі музычныя падарункі творчых калектываў. У фінале адбылося ўганараванне пераможцаў вясёлых кузьмінкаўскіх спаборніцтваў. У камандным заліку лепшымі сталі прадстаўнікі Гаранскага сельсавета. Тытул першай красуні атрымала Надзея Віцікава з Саланікскага сельсавета, а самага зайздроснага жаніха - Сяргей Донаў з Ветрына. За самыя яскравыя народныя вобразы ўзнагароджаны Лідзія Батура з Палаты і Уладзімір Піскуноў з аграгарадка Блізніца.
Фота Ларысы Малашэні.