Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Самую вялікую ў Беларусі самаходную мадэль акеанскага буксіра зрабілі браслаўскія школьнікі

У гэтым навучальным годзе ў школах Браслава не стала другой змены, і жыццё ў цэнтры дзяцей і моладзі набірае тэмп пасля абеду. Сюды ручайкамі сцякаюцца студыйцы, гурткоўцы, сярод якіх шмат тых, хто  спяшаецца на заняткі да Міхаіла і Галіны Ставіцкіх.

Міхаіл Ставіцкі з вучнямі ў «Майстэрні эксперыментаў»

Выпускнікі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава перш за ўсё шырока вядомыя як мастакі. Іх работы разышліся па прыватных калекцыях па ўсім свеце. Камусьці іх падарылі браслаўчане, хтосьці набыў на выставе сам, залюбаваўшыся прыродай ці старой архітэктурай Браслаўшчыны на палотнах мастакоў, хтосьці зрабіў асабісты заказ. Сярод апошніх быў і кардынал з Кёльна, для якога Ставіцкія саломкай выклалі абраз Маці Божай Браслаўскай.

Дарэчы, іканапіс – адзін з агульных напрамкаў іх творчасці. Нягледзячы на тое, што кожны мае свае накірункі, тэхніку выканання, гэта не перашкаджае ім многія работы ствараць разам. І менавіта пра іх творчы саюз, работу ў ЦДМ Міхаіл Тадэвушавіч гаварыў як пра адно цэлае.

Цяпер яны заканчваюць стварэнне іканастаса для друйскай царквы. Галіна пісала абразы, Міхаіл з дрэва выразаў аправу. А наперадзе  новыя заказы праваслаўных і каталіцкіх святароў, якія па вартасці ацанілі  не толькі мастацкі дар Ставіцкіх, але і іх духоўную падрыхтоўку, глыбокае веданне канонаў іканапісу.

Спектр захапленняў у мастакоў шырокі, такі ж багаты плён вынікаў. На рахунку Ставіцкіх стварэнне двух музеяў у Друйскай школе, праект пераносу і ўстаноўкі Барысава камня ў Друі, добраўпарадкавання тэрыторыі вакол яго, які атрымаў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе «Адраджэнне спадчыны». Па задуме Міхаіла  створаны музей «афганцаў» у СШ №1  Браслава і невялікі мемарыял ля яе.

З першых гадоў работы ў раёне Міхаіл і Галіна супрацоўнічаюць з цэнтрам дзяцей і моладзі, цяпер у іх свае творчыя лабараторыі. У Міхаіла Тадэвушавіча – «Майстэрня эксперыментаў», дзе хлопчыкі з 10 – 11 гадоў  адточваюць працоўныя навыкі, ствараюць мадэлі, якія плаваюць, лятаюць, ездзяць. Яго выхаванцы даволі часта перамагаюць у розных конкурсах і спаборніцтвах. З ліку апошніх – трэцяе месца ў асабістым заліку  ў нядаўнім абласным конкурсе па пачатковым тэхнічным мадэліраванні.

– Каманднае выйграць не змаглі, – сказаў кіраўнік «Майстэрні», – саступаем цэнтрам у буйных гарадах у матэрыяльнай базе, а значыць, і ў магчымасцях. Але ставім задачу здзівіць сваіх калег у судамадэліраванні.

Аказваецца, выхаванцы Міхаіла Ставіцкага заканчваюць будаўніцтва, як сцвярджаюць, самай вялікай у Беларусі самаходнай мадэлі – трохметровага акеанскага буксіра-выратавальніка «Ягуар». Унутры яго ёсць рубка для юнага капітана, які зможа кіраваць суднам з дапамогай педаляў. Летам яго плануюць спусціць на ваду.

Галіна Ставіцкая з выхаванцамі ў студыі

А нядаўна юныя тэхнікі апрабавалі сабраны ўласнымі рукамі снегаход.

– Уменне чытаць чарцяжы, рабіць па іх рэчы, бачыць, што можна спрасціць ці ўдасканаліць, уменне карыстацца розным інструментам і абсталяваннем хлопцам заўсёды спатрэбіцца ў жыцці, а многім і пры выбары будучай прафесіі, – канстатаваў Міхаіл Ставіцкі.

А яшчэ ён вучыць дзяцей фатаграфіі, лепцы з гліны, водзіць у велаэкапаходы, праграму для якіх распрацаваў сам.

Такая ж важкая скарбонка поспехаў у Галіны Міхайлаўны. У яе студыі займаецца больш за паўсотні дзяцей. Пачынаючы ад умення трымаць у руках аловак ці пэндзаль да стварэння ўласных карцін, яна вучыць   адкрываць у сабе мастака. Гэты творчы працэс дае магчымасць выхаванцам развіваць эстэтычны густ, перадаваць уражанні фарбамі ці іншымі матэрыяламі.

 Дзеці прымаюць удзел у выставах рознага ўзроўню – школьных, раённых, абласных, рэспубліканскіх, дзе дабіваюцца поспехаў. Напрыклад, прызнанне гледачоў і другое месца на міжнароднай выставе фларыстыкі ў Дубаі заваявалі шэсць работ аўтарства Галіны Ставіцкай і яе вучаніцы Дар’і Маркевіч.

З творчасцю навучэнцаў студыі заўсёды можна пазнаё-міцца ў ЦДМ, дзе пастаянна дзейнічаюць выставы работ юных браслаўчан.

– Кожны год хто-небудзь з нашых выпускнікоў паступае ва ўніверсітэты і каледжы на спецыяльнасці мастацкай накіраванасці. Потым яны паспяхова ўдзельнічаюць у студэнцкіх праектах: на іх рахунку перамога ў гарадскім конкурсе малых архітэктурных форм у Полацку, другое месца ў тэатралізаваным паказе мод «Фрык-шоу» ў Віцебску, – расказала Галіна Міхайлаўна.

У рабоце з новым пакаленнем ёсць у Ставіцкіх і агульны праект – пленэр «Браслаўская вясёлка». Вось ужо 17 гадоў кожнае лета яны арганізуюць лагер для таленавітых дзяцей. За гэты час ён прайшоў стадыі раённага, занальнага, міжнароднага, збіраў разам удзельнікаў з шасці краін свету. Іх сумеснымі работамі сёння ўпрыгожаны  будынак цэнтра.

Фота Тамары Пашкевіч.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ