Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Майстар з Лёзна амаль ці не адзіная ў Беларусі аматарка вышывання па яечнай шкарлупіне

Велікодная традыцыя ўпрыгожваць яйкі даўно спарадзіла адпаведны дэкаратыўна-прыкладны жанр. Тачоныя, літыя, каваныя, плеценыя; каменныя, драўляныя, металічныя, фарфоравыя, пластыкавыя, саламяныя, з іншых прыродных і штучных матэрыялаў або іх спалучэнняў; яйкі-фарбаванкі, крапанкі, пісанкі і гэтак далей. Праявы бываюць самымі нечаканымі. Як, напрыклад, вышыванне па яечнай шкарлупіне. Гэта рэдкасць, канстатуюць знаўцы народнай творчасці, хаця ў Францыі мода на такі від вышывання з’явілася 300 гадоў назад.

DSC05470

Паслужлівы інтэрнэт нядужа шчодры на інфармацыю пра сучасных прыхільнікаў незвычайнага профілю на постсавецкай прасторы, відаць, і насамрэч іх адзінкі. Спыняе крохкасць матэрыялу, боязь дарэмнай траты часу і сіл, магчымасць моцнага расчаравання, бо апрача майстэрства гэты занятак патрабуе надзвычайнай сканцэнтраванасці і цярпення.

 – Калі ўсё складваецца добра, на вышыўку яйка крыжыкам мне патрэбна восем гадзін. Нельга расслабіцца ні на секунду, недакладны рух – і ўсё прапала. Здараецца, шкарлупіна трэсне на апошнім шыўку – тады асабліва крыўдна, – расказвае Ала Сокалава, ці не адзіная ў Беларусі аматарка гэтага віда рукадзелля. Яна – выхавацель групы падоўжанага дня, настаўніца абслугоўваючай працы, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Майстрыца» лёзненскай СШ №1. У вольны час шые лялек, робіць аб’ёмныя пано са скуры, але самы любімы яе занятак – вышыванне па шкарлупіне, складаная ювелірная праца, хаця ювелір так не рызыкуе, маючы справу з трывалымі матэрыяламі.

Па першай спецыяльнасці Ала Уладзіміраўна – закройшчык лёгкага адзення, шмат гадоў адпрацавала ў атэлье. Пасля заканчэння Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа была майстрам вытворчага навучання ў колішняй Чэрніцкай школе-інтэрнаце. Аднойчы з групай выхаванцаў яе накіравалі ў Італію, на вучэбныя курсы кройкі і шыцця. Там і даведалася пра францужанку Элізабет Кляйн, якая шэдэўральна вышывае па шкарлупіне гладдзю.

Сакрэт гэтага ўмельства наша зямлячка разгадвала сапраўды навобмацак, метадам спроб і памылак. Шкарлупіна рассыпалася ўшчэнт. Колькі яек было сапсавана – не злічыць, пакуль не даўмелася выкарыстаць стаматалагічныя свярдзёлкі.

 – У курыным ці качыным яйку хатняй вытворчасці (бо шкарлупіна больш трывалая) спачатку трэба прасвідраваць дзве дзірачкі па розныя бакі, каб выцягнуць змесціва. Пры дапамозе шпрыца вымыць яйка знутры вадой і – няхай сушыцца. Далей малюю ўзор, часцей традыцыйны беларускі, па ім стаўлю кропкі, дзе будуць адтуліны дя вышывання. Танюткі свярдзёлак у звычайны шурупавёрт – і наперад. Бывае, трэба змяніць тры штукі, каб атрымаўся належны дыяметр. Іголкі маю шасці відаў: для бісеру – доўгія, каб працяць яйка наскрозь, для нітак лепш сагнутыя… Іншым разам дзеля аднаго шыўка зменіш дзве іголкі. Ніткі – мулінэ або металічныя колеру золата ці серабра, плюс стужкі, акрылавыя фарбы, – тлумачыць майстрыца тонкасці свайго хобі.

Колькі штук атрымалася за шэсць гадоў – таксама не лічыла. Муж і дачка падтрымліваюць яе захапленне. Вышытае яйка – цудоўны падарунак да Вялікадня, адмысловы сувенір, згадка пра невялічкі беларускі гарадок Лёзна, дзе жывуць таленавітыя людзі.

Дзівосныя шкарлупіны-вышыванкі Ала Уладзіміраўна паказвала на «Пасхальным фестывалі» ў Віцебску, у фінале прафсаюзнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі – 2016», які адбыўся ў сталічным Палацы Рэспублікі. Пад настрой выстаўляе іх у кватэры, каб палюбавацца. Густоўныя падстаўкі з дрэва для яек вытачыў яе школьны настаўнік працы Рыгор Яўгеньевіч Карпекін.

Паслядоўнікі? У інтэрнаце была дзяўчынка Дзіяна, якая здолела вышыць тры яечныя шкарлупіны. Наколькі даўгавечныя такія крохкія вырабы? Усё залежыць ад іх уладальнікаў. Самае ж распаўсюджанае пытанне, якое адрасуюць незвычайнай вышывальшчыцы гледачы-прагматыкі, упэўненыя ў бессэнсоўнасці неверагодна карпатлівай працы: «Навошта вам гэта?»

 – Кожны новы экземпляр дадае ўпэўненасці ва ўласных магчымасцях і прыносіць мне вялікую творчую асалоду. Шкада, што інструмент не дазваляе, а то вельмі хочацца вышыць шкарлупіну гладдзю, – адказвае ў падобных выпадках Ала Сокалава.

Фота Галіны Шпакоўскай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ