Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

В Витебской областной библиотеке им. В. Ленина прошла литературно-музыкальная встреча, посвященная 85-летию со дня рождения Бориса Бележенко

Літаратурна-музычная сустрэча «Для шчасця шчодрая душа», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння паэта, празаіка, гумарыста, журналіста і грамадскага дзеяча Барыса Беляжэнкі, адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.Леніна.

Ужо некалькі год Барыса Паўлавіча няма з намі, але разам з тым ён працягвае жыць — у сваіх кнігах, а таксама ва ўспамінах сяброў, вучняў, блізкіх і знаёмых. Яго народзіны для многіх становяцца нагодай сабрацца на пачатку лета, каб падзяліцца ўражаннямі ад зносінаў з гэтым разнастайна адораным чалавекам, пачытаць яго творы — і сур’ёзныя, і жартоўныя. Сатыры і гумару, дарэчы, у творчасці Барыса Беляжэнкі было шмат, таму, якія б сумныя ноты ні гучалі на юбілейных мерапрыемствах, аптымістычных заўсёды бывае больш.

Музычны тон сустрэчы задавалі землякі пісьменніка — народны самадзейны калектыў «Крыніца» Бачэйкаўскага сельскага Дома культуры. Менавіта ў Бачэйкава Бешанковіцкага раёна 5 чэрвеня 1937 года з’явіўся на свет Барыс Беляжэнка, пазней ён не раз узгадваў малую радзіму ў сваіх творах і часта прыязджаў туды. Зараз імя літаратара носіць мясцовая бібліятэка, у якой ужо некалькі год дзейнічае прысвечаны таленавітаму земляку музейны пакой, дзе частыя госці — сельскія школьнікі.

Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка ўспомніла, як больш за паўстагоддзя назад адбылося яе знаёмства з юбілярам — спачатку не на творчай ніве, а ў жыцці. Нагадала, што Барыс Беляжэнка — тройчы лаўрэат рэспубліканскага конкурсу на лепшую кнігу, ён атрымаў літаратурную прэмію імя У.Караткевіча і медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», быў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі. У яго паэзіі і прозе знайшлі адлюстраванне не толькі патрыятычныя матывы, але і многія філасофскія пытанні, моманты пошукаў, перажыванняў, пакут, уласцівых любой творчай асобе. Разам з тым, выказала меркаванне Тамара Іванаўна, хоць аўтар і паспеў выдаць больш за дзесятак кніг, ён быў пры жыцці недаацэнены і не паспеў поўнасцю раскрыцца.

Апошняе, магчыма, звязана са шматграннасцю Барыса Беляжэнкі. Ён спрабаваў сябе ў самых розных накірунках — як у творчасці, так і за яе межамі. Пэўны час працаваў у сферы адукацыі і знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Калі прыйшоў у літаратуру, пісаў па-руску і па-беларуску — вершы, паэмы, аповесці, афарызмы. «Не са срэбра сівізна, але шмат каштуе яна», «Будзь шчодры, але не на абяцанні», «Здаецца, рэдкі лужок, ды і ён даў сена стажок», — гэтыя і іншыя «Думкі ўголас» Барыса Паўлавіча не губляюць актуальнасці і сёння. Для нас вельмі каштоўна тое, што некалькі год Барыс Беляжэнка быў супрацоўнікам абласной газеты «Віцебскі рабочы», пераемнікам якой з’яўляецца наша выданне.

Госці вечарыны «Для шчасця шчодрая душа» — паэты Вольга Русілка і Мікалай Намеснікаў, празаік і публіцыст Андрэй Герашчанка, мастак Алег Кірушкін і многія іншыя — чыталі вершы юбіляра і свае творы, прысвечаныя памяці літаратара, расказвалі пра сустрэчы з ім і нязменна адзначалі, які ён быў добразычлівы, шчыры і па-харошаму няўрымслівы.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Гнутэнка падкрэсліў, что Барыс Беляжэнка не згубіўся ў жыцці, ярка праявіў сябе як грамадзянін, як чалавек і пісьменнік. А выразным заключным акордам юбілейнай сустрэчы прагучаў верш «Калі ў маю вёску прыйшла перамога». У ім аўтар пранікнёна паказаў, як з недаверам, але адначасова з надзеяй і радасцю сустракалі людзі мірнае жыццё, што «прабівалася на папялішчы» і нарэшце «пахла не порахам — пахла туманам».

— Гэта верш пра тую Вялікую Перамогу, пад знакам якой мы зараз жывем, развіваемся і будзем жыць далей, мацуючы нашу дзяржаву і грамадства, — патлумачыў свой выбар Пётр Гнутэнка.

 

Фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ