Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” – адно з найстарэйшых у краіне. Нараджаліся і сыходзілі са сцэны дзясяткі іншых, а браслаўскі фестываль год ад года набірае моц, пашырае рамкі. Яго доўгая гісторыя сілкуецца народнай творчасцю, заснаванай на характары беларусаў, іх спрадвечнай мудрасці і таму застаецца цікавай для кожнага новага пакалення.
Гэты факт падкрэслілі на адкрыцці свята старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік і старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі.
– Браслаўчане берагуць і шануюць нацыянальную культуру, іх край стаў месцам, які збірае дзясяткі таленавітых калектываў з Віцебшчыны, іншых абласцей Беларусі, суседніх краін, – сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. – І разам з тым “Браслаўскія зарніцы” застаюцца сямейным святам, дзе кожны знаходзіць цікавае для сябе, абагачаецца духоўна.
Браслаўшчына ў 51-ы раз прымала багата гасцей. Беларусы, расіяне, латышы, літоўцы, палякі і эстонцы закружылі ў карагодзе спеваў і танцаў. І не толькі на галоўных сцэнах добры настрой. Творчыя калектывы выступілі і ў вясковых клубах, падарылі свята тым, хто не змог прыехаць на фестываль у райцэнтр.
Але першымі традыцыйна пачалі “бой” за прызнанне творчага майстэрства ў аглядзе-конкурсе “Браслаўская харавая асамблея” восем дзіцячых і дваццаць дарослых вакальна-харавых калектываў з розных гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.
У параўнанні з леташнім колькасць удзельнікаў павялічылася больш чым на 200 чалавек, вырас і ўзровень саперніцтва. Кампетэнтнаму журы, як прызнаецца пазней яго старшыня заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Пашынскі, вызначыць лепшых з лепшых было цяжка. Але ў выніку Гран-пры быў прысуджаны хору “Рэчанька” Наваполацкага музычнага каледжа. У ліку пераможцаў і прызёраў яшчэ 9 дзіцячых і дарослых калектываў, сярод якіх былі і госці з суседніх абласцей.
Удзельнікі Асамблеі і гледачы першымі пазнаёміліся і з выставамі старадаўніх музычных інструментаў Браслаўшчыны, гербаў і сімвалаў усіх раёнаў Віцебшчыны, вышытых майстрамі да 80-годдзя з часу ўтварэння вобласці, з гісторыяй Браслаўшчыны ў дакументах і выданнях.
Цырымонія адкрыцця свята традыцыйнай культуры пачалася на “Брукоўцы”, адкуль шматлікія дэлегацыі рушылі ў лесапарк Леснічоўка і дзе прадоўжылася дзейства на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю.
Тут прысутных віталі прадстаўнікі арганізатараў “Браслаўскіх зарніц” – Міністэрства культуры, мясцовых органаў улады, а браслаўчане сустракалі іх і кіраўнікоў дэлегацый хлебам-соллю. А далей загучалі спевы шматгалоснага тысячнага хору, перад гледачамі выступілі лепшыя калектывы Браслаўшчыны і іх госці.
Яркай падзеяй першага дня фестывалю стала свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”, які пачаўся з абраду здабычы жывога агню, пасля чаго ў баях сышліся тагачасныя ваяры: штурмавалі вароты крэпасцяў, біліся ў адзіночных паядынках, сапернічалі ў трапнасці стральбы з лука, кіданні сякеры, а ў вольны час спявалі і танчылі, вучылі ігры на старадаўніх музычных інструментах, паказвалі тагачасны побыт, рамёствы, адным словам, запрашалі ў сваё кола ўсіх жадаючых.
“Меч Брачыслава” стаў неад’емнай часткай “Браслаўскіх зарніц”, палюбіўся гледачам і самім удзельнікам клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Сёлета ён сабраў больш за 20 аматарскіх аб’яднанняў. З Віцебска прыехалі “Варгенторн”, “Нагльфар”,”Хальвіль”, якія падарылі шмат цікавых момантаў прысутным.
Як добрыя даўнія сябры сустрэліся дэлегацыі на другі дзень свята. Абмяняліся сувенірамі, уражаннямі, дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва.
Да фестывалю было прымеркавана і адкрыццё гасцініцы для яхтсменаў, пра рамонт будынка якой паклапаціліся пасольства Польшчы і мясцовая ўлада. Чырвоную стужку на ўваходзе у Дом яхтсменаў разрэзалі першы саветнік пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцяхоўскі, Уладзімір Цярэнцьеў і Уладзімір Дранеўскі.
А далей пачалося гулянне. На сцэне ў лесапарку адбыўся гала-канцэрт, у якім удзельнічалі дзясяткі калектываў. Адкрылі яго гаспадары – танцавальны калектыў “Усмешка” і народны ансамбль песні “На панадворку” (адзін з лаўрэатаў харавой асамблеі). Услед заспяваў песні і пайшоў у скокі ансамбль “Вясёлка” з Польшчы. Яго змянілі капэла і танцоры з латышскага калектыву “Дзіга”, затым – літоўскія. Сваю творчасць прэзентавалі тэатр народнай песні і танца Смаленскага інстытута мастацтваў і многія іншыя.
Цесна было на пляцоўках народнага тэатра, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, свае вырабы прадставілі рамеснікі. Бадай, ніхто не прамінуў прасторнай кухні на прыродзе, дзе прадстаўнікі розных калектываў гатавалі юшку.
Пры добрым надвор’і ў прыгожым месцы браслаўчане і іх госці адпачывалі з задавальненнем, багацелі духам і мацнелі целам.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.