Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” пачалося двума абласнымі мерапрыемствамі.
У раённым цэнтры культуры ў пяты раз прайшоў агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”, а на пляцоўцы “Брукоўка” – у трэці раз абласны конкурс беларускіх побытавых танцаў. Абодва сабралі дзясяткі таленавітых калектываў з усёй Віцебшчыны. Іх гасцінна прымала браслаўская зямля з багатымі духоўнымі традыцыямі, дзе берагуць і шануюць нацыянальную культуру. Гэты факт падкрэслілі падчас адкрыцця фестывалю намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік і старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Дранеўскі.
На працягу двух гадзін са сцэны гучалі народныя і сучасныя песні. Лепшымі ў сваіх намінацыях прызнаны народны хор “Спадчына” з Шаркаўшчыны і народны камерны жаночы хор з Наваполацка.
А турнір беларускіх побытавых танцаў праводзіўся сярод трох узроставых груп. 50 пар дэманстравалі разнастайнасць рэгіянальных нацыянальных убораў і варыянтаў выканання харэаграфічных элементаў – лявоніхі, полькі, каханачкі, барыні, вальса… Журы ацэньвала іх, а гледачы любаваліся на майстэрства танцораў, сярод якіх былі людзі рознага ўзросту. 9 пар, якія прадстаўлялі Ушацкі, Чашніцкі, Полацкі, Браслаўскі, Глыбоцкі, Лепельскі, Шумілінскі, Гарадоцкі і Лёзненскі раёны, сталі дыпламантамі турніру.
Да глыбіні душы крануў публіку браслаўскі народны тэатр пад кіраўніцтвам Яўгена Набеева. Тэму вайны, страт і Вялікай Перамогі яго ўдзельнікі адлюстравалі вобразна і ярка.
Свае дэлегацыі на “Браслаўскія зарніцы” прыслалі Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Расія, Венесуэла, якія прадставілі здабыткі культуры сваіх народаў.
З лесапарку “Леснічоўка” – традыцыйнага месца гарадскіх гулянняў, – свята перамясцілася на Замкавую гару. Тут на тэрыторыі старажытнага паселішча быў разбіты лагер, у якім кола часу вярнула браслаўчан і іх гасцей у ранняе сярэднявечча, яго культуру, традыцыі, быт. Аматары гістарычнай рэканструкцыі напоўнілі шатры тагачаснымі прадметамі побыту, распалілі вогнішчы, адчынілі майстэрні і лаўкі, а гаспадыні частавалі старадаўнімі стравамі.
Свята сярэднявечнай культуры ў Браславе набывае ўсё большую папулярнасць. Гэта пацвярджае не толькі колькасць яго наведвальнікаў, але і цікаўнасць да яго гістарычных клубаў. Сёлета яны прыехалі з Віцебска, Полацка, Мінска, Ліды, Брэста, а таксама Латвіі і Польшчы. Дарэчы, многія замежнікі маюць браслаўскія карані і з радасцю, як казалі, пабывалі на зямлі продкаў.
Ваяры сышліся ў жорсткай сечы, лучнікі прадэманстравалі трапнасць стральбы, рамеснікі паказалі, як нашы продкі выраблялі зброю, прадметы побыту, пралі і ткалі… Прадстаўнікі клубаў здабылі агонь і запалілі ад яго паходні. Потым вулічны тэатр “Вір” з Мінска павесяліў незвычайным прадстаўленнем. Дзеці вучыліся сакрэтам археалагічных раскопак і лепкі з гліны, амаль кожны ўдзельнік свята сплёў свой кавалак пояса-абярэга. Адным словам, дзейства было захапляльным, яно скончылася апоўначы фаер-шоу і салютам.
Такім жа насычаным быў другі дзень фестывалю. Зноў у адзінае цэлае зліліся галасы шматлікага хору, загучалі музыка і дроб барабанаў. Святочная калона з цэнтральнай плошчы рушыла ў лесапарк, дзе адбыўся гала-канцэрт. Браслаўскі гурт “На панадворку” змяніў танцавальны ансамбль “Шахрай” з Легіёнаўскага павета Польшчы, за ім на сцэну выйшлі госці з Расіі –народны эстрадна-харэаграфічны калектыў “Калібры” і Міхееўскі народны харавы калектыў.
Яркімі касцюмамі і палымянымі рухамі зачараваў гледачоў калектыў венесуэльскага фальклорнага танца “Сандра Радрыгас”, удзельнікам якога з’яўляецца першы сакратар пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Херарда Эстрада Марцінас. Цёпла прыняла публіка калектывы «Жемчужина» и «Заряница» з Вялікіх Лук, вакальны ансамбль “Рэтра” з Даўгаўпілса, спевакоў з літоўскага Вісагінаса, заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль песні і музыкі “Крыніца”.
Таксама на фестывалі быў адкрыты Горад майстроў, які сабраў дзясяткі рамеснікаў з усёй вобласці. Свае навучальныя ўстановы, поспехі ў вучобе і творчасці прэзентавалі навучэнцы прафтэхкаледжаў і школ Віцебшчыны. Прадпрыемствы Браслаўшчыны разгарнулі дэгустацыйныя сталы, сельвыканкамы – фальваркі, райкам БРСМ арганізаваў конкурс юшкі, працавалі разнастайныя атракцыёны для дзяцей.
Фота Тамары Пашкевіч.