Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Чаму сумуе русалка, альбо Пра асаблівасці маляванкі

Як нашы продкі знайшлі свой космас і якім бачылі рай, можна даведацца, глыбей пазнаёміўшыся з асаблівасцямі маляванкі.

Такое дэкаратыўнае мастацтва актыўна развівалася падчас урбанізацыі і збліжэння вясковай культуры з гарадской. У цэнтры маляванкі маглі знаходзіцца букеты кветак, пейзажы, звяры або птушкі, сустракаліся варыянты і з сюжэтнымі выявамі, а вакол іх ішоў раслінны арнамент.

Феномен масавай культуры 

У ХІХ стагоддзі на беларускіх землях узнік, а ў 1920 — 50 гады расквітнеў своеасаблівы від народнай творчасці — маляванка. У хатах, гаспадарам якіх, нягледзячы на ўсе складанасці жыцця, хацелася прыгажосці і ўтульнасці, на сценах з’явіліся дываны, створаныя шляхам роспісу чорнай льняной тканіны яркімі фарбамі.

Вялікіх матэрыяльных вы­дат­­­каў вырабы не патрабавалі, таму атрымалі шырокае рас­паў­сюджанне і сталі сапраўдным феноменам масавай культуры. Яны доўгі час былі жаданым падарункам на розныя святы, пакуль іх не выцеснілі дываны, выпушчаныя прамысловымі прадпрыемствамі. 

Таццяна Даўлетшына, кіраўнік Цэнтра рамё­стваў «Адраджэнне» ў Віцебскім раёне, пачала адкрываць для сябе незвычайны свет маляванак некалькі гадоў назад. Расказвае, што паглыбілася ў тэму, калі трэба было паўдзельнічаць у пленэры, звязаным з гэтым накірункам народнай творчасці. І чым больш даведвалася, разглядала творы ўсім вядомага Язэпа Драздовіча, іншых майстроў, тым больш захаплялі сакавітыя фарбы, выразныя дэталі і фантастычныя сюжэты.

Дываны з 3D-эфектам 

Па словах Таццяны Вік­тараўны, асвойваць стварэнне маляванак было не так і проста, хаця ў свой час яна скончыла мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. Машэрава. Самым складаным аказалася працаваць на цёмным фоне, дзе колеры выглядалі інакш, чым на звыклай белай паперы. Але паступова прыходзіла асэнсаванне, што гэта выдатна падкрэслівае адценні, робіць выявы не проста выразнымі, а нават аб’ёмнымі. На сцямнелых сценах сялянскай хаты маляванка нібы станавілася парталам у невядомы свет, пераносіла чалавека ў невядомыя мясціны, а то і ў рай пры жыцці дазваляла трапіць, бо свае ўяўленні і мары майстры часта адлюстроўвалі на самаробных дыванах. Вось вам і наіўная, на першы погляд, народная творчасць…

— Чорны фон, яркія фарбы, раслінны арнамент надаюць маляванкам асаблівы каларыт, — адзначае Таццяна Даўлетшына. — А пры выбары тэмы можна не абмяжоўваць сваю фантазію. Для мяне крыніцай натхнення часта з’яўляецца беларуская міфалогія, а дакладней, матэрыялы, якія ў свой час сабраў на Віцебшчыне вядомы этнограф і фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі.

Менавіта ў Нікіфароўскага прачытала Таццяна Даўлетшына, што нашы продкі думалі пра русалак. Так узнік сюжэт адной з яе самых любімых работ, што была адзначана ў 2021 годзе Падзякай Міністэрства культуры Беларусі і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры за ўдзел у выставе «Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў беларускіх маляваных дыванах». У цэнтры — сумная прыгожая дзяўчына з доўгімі валасамі. Паколькі гэтая міфалагічная істота звязана з воднай стыхіяй, майстар не выкарыстоўвала чырвоную фарбу, аддала перавагу больш спакойным адценням. Але вынік усё роўна атрымаўся яркім і выразным.

— У нашых мясцінах, як сведчаць матэрыялы Нікіфароўскага, русалак уяўлялі не з хвастом, а з ножкамі. Такую дзяўчыну я і намалявала. Цёмнай ноччу яны ля берага расчэсвалі свае валасы, з якіх пры гэтым выцякала столькі вады, што магло затапіць цэлую вёску, — тлумачыць Таццяна Даўлетшына. — Як правіла, русалкамі станавіліся няшчасныя закаханыя або дзяўчынкі, якіх не любілі бацькі. Горкі лёс прыводзіў да таго, што яны кідаліся ў ваду, бо не бачылі іншага выйсця.Таму гераіня маляванкі такая сумная.

Але толькі міфалогіяй творчасць маёй суразмоўцы не абмяжоўваецца. Цікавым вопытам, напрыклад, стаў удзел у мінулым годзе ў літаратурна-мастацкай выставе да 135-годдзя нараджэння Марка Шагала «А вы не из Витебска?..». Таццяна Віктараўна прызналася, што было дастаткова складана знайсці ідэю для маляванкі, адштурхоўваючыся ад канкрэтнай асобы мастака і яго творчай спадчыны. У выніку за аснову яна ўзяла адзін з вершаў Марка Шагала і адлюстравала людскія надзеі, увасабленнем якіх стаў Маісей, што нясе чалавецтву новыя запаветы.

Дзелячыся захапленнем 

Трэба адзначыць, што Таццяна Даўлетшына не толькі сама захапілася стварэннем маляванак, але і калег уцягнула ў гэтую справу. Калі ў мінулым годзе абласны метадычны цэнтр народнай творчасці аб’явіў конкурс маляваных дываноў «Казкі з маляванкі», кіраўнік Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» прапанавала ўсім жадаючым далучыцца і паспрабаваць свае сілы. Тым больш, што ўсе — людзі творчыя, многія маюць мастацкую адукацыю. А прастор для выбару сюжэтаў беларускія казкі даюць неверагодны. Тым, хто рашыўся ўзяцца за маляванку, Таццяна Даўлетшына расказала пра асаблівасці кампазіцыі і спецыфіку стварэння работы.

Вынік удзелу ў выставе-конкурсе аказаўся выдатны. Дыпломы лаўрэатаў І ступені атрымалі Мікіта Шкрэдаў (у цэнтры ён займаецца ганчарствам) і Анастасія Пруднікава (кіраўнік народнага клуба майстроў мастацкіх рамёстваў «Традыцыя»). Першы падрыхтаваў маляванку да казкі «Залатая яблынька». А Анастасію на стварэнне маляваных дываноў натхнілі дзве гісторыі: «Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць» і «Ганарыстая варона». Так што традыцыі народнай творчасці ў Віцебскім раёне не проста захоўваюцца і працягваюцца, але і пашыраюцца, набываючы новых прыхільнікаў.

Фота Ліліі ІЎЧАНКА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ