У 26-м Дні беларускага пісьменства, які адбыўся ў Слоніме Гродзенскай вобласці, прыняла ўдзел дэлегацыя Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– Вельмі спадабалася атмасфера свята – творчая, цёплая, добразычлівая. Уразіла ўрачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу з уручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Было вельмі цікава на фестывалі кнігі і прэсы. Дзень беларускага пісьменства, адмыслова ўпрыгожаны з гэтай нагоды Слонім пакінулі яскравы след у душы, – канстатавала вядучы спецыяліст абласнога аддзялення СПБ Ірына Радзіхоўская.
Свае новыя кнігі і творы прэзентавалі на літаратурных пляцоўках прадстаўнікі сучаснага пакалення паэтаў і празаікаў Віцебшчыны. Вершаваны зборнік “Астравы існасці”, а таксама фотаальбом “Паставы” удзельнікам грандыёзнага мерапрыемства прадставіў пастаўскі паэт і краязнаўца Ігар Пракаповіч.
Расповед лепяльчаніна Міколы Гарбачова быў пра яго выдадзеную сёлета чацвёртую кнігу прозы "Шлях да ісціны". Падборкі пранікнёных вершаў, прысвечаных тэме малой радзімы, прачыталі Ірына Радзіхоўская, Уладзімір Крайнеў (Віцебск), Пётр Буганаў (Полацк), Святлана Якубоўская (Лепель). Дэлегацыя прысутнічала таксама на адкрыцці помніка ўраджэнцу Астроўна (зараз Бешанковіцкі раён), дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату і мысліцелю Льву Сапегу.
У ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка – 2019», прысвечанага Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – шасцікласніца Марыя Наско з Тумілавіцкай дзіцячага сада – сярэдняй школы Докшыцкага раёна, якая выканала «Крывавую баладу» Анатоля Грачанікава, васьмікласніца Віялета Будзько з докшыцкай СШ №2 (у яе выкананні прагучала балада Антона Бялевіча «Смерць Маланні»).
Адметна і тое, што гасцям свята быў прапанаваны эксклюзіўны сувенірны дэсерт – наборы “Літаратурны шакалад. Беларускія паэты XX стагоддзя” з партрэтамі шасці класікаў, уключаючы гадаванца Ушаччыны, народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.
Наступны Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў Бялынічах Магілёўскай вобласці.
Фота прадстаўлена абласным аддзяленнем СПБ.