У абласным цэнтры ўшанавалі памяць беларускага жывапісца, мастацтвазнаўцы і педагога Паўла Масленікава. На будынку па вуліцы Суворава, 3, дзе прайшлі студэнцкія гады знакамітага майстра эпічнага пейзажа, з’явілася мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Віцебск выхаваў не адно пакаленне мастакоў. Хтосьці з іх нарадзіўся, хтосьці жыў і вучыўся ў горадзе, дзе сама атмасфера натхняе на творчасць. Сярод славутых асоб, лёс якіх звязаны з нашым абласным цэнтрам, і народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Павел Масленікаў, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася сёлета. Павел Васільевіч з’явіўся на свет 14 лютага 1914 года ў вёсцы Нізкая Вуліца на Магілёўшчыне. Уся студэнцкая, творчая і педагагічна-грамадская дзейнасць прайшла у Віцебску і Мінску і была накіравана на развіццё беларускага выяўленчага мастацтва, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў. З 1934 па 1938 гады ён вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Затым скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе, аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук БССР. З 1938-га працаваў тэатральным мастаком у Дзяржаўным тэатры оперы і балета. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Пасля вайны ён быў загадчыкам кафедры мастацкага афармлення тканін і вырабу, а потым рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Кіраваў мастэрняй тэатральных мастакоў. Займаўся афармленнем спектакляў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, навуковай дзейнасцю. Але ў першую чаргу гэта выдатны мастак, аўтар шматлікіх прац, якія раскрываюць і перадаюць непаўторную прыгажосць роднай зямлі.
Не стала Паўла Васільевіча 6 верасня 1995 года. На малой радзіме майстра шануюць яго памяць. У 1994-м у Магілёўскім абласным мастацкім музеі была адкрыта карцінная галерэя Паўла Масленікава, а з 1997 года ўстанова носіць яго імя.
На ўрачыстасцях, якія праходзілі ў Віцебску, было сказана шмат цёплых слоў у адрас яго асобы, што злучыла ў вянок творчых дасягненняў і прыгажосць роднай прыроды, і свет тэатральнага мастацтва. З прывітальным словам да прысутных на адкрыцці мемарыяльнай дошкі звярнулася намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская.
Дачка мастака, загадчык кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацвазнаўства, прафесар Вера Пракапцова зазначыла, што гады, праведзеныя яе бацькам у Віцебску, безумоўна, мелі ўплыў на яго далейшы лёс. У вучылішчы былі закладзены базавыя веды, што дазволіла раскрыцца вялікаму таленту. Па яе словах, Павел Васільевіч часта ўспамінаў час насычанага студэнцкага жыцця, вучобу, працу у бібліятэцы, паходы на танцы. З вялікай удзячнасцю ён узгадваў сваіх настаўнікаў, асабліва Івана Ахрэмчыка, які прывіў яму любоў да прыроды.
Слова трымалі таксама аўтар і стваральнік мемарыяльнай дошкі скульптар Павел Лук, старшы выкладчык кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябра Беларускагага саюза мастакоў Уладзімір Васюк, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацназнаўства Уладзімір Пракапцоў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага мастацкага музея імя Масленікава Святлана Строгіна і іншыя.
У гэты ж дзень у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна адбыліся адкрыццё мастацкай выставы майстра, прэзентацыя выданняў «Павел Масленікаў», «Павел Маслеников. Художник в зеркале времени», аўтарам якіх з’яўляецца Вера Пракапцова. Кнігі заснаваныя на яе асабістых успамінах і дакументах. Таксама быў паказаны мастацка-дакументальны фільм «Сёмае неба Паўла Масленікава» (тэлерадыёкампанія «Магілёў», 2014) і прэзентаваны канверт з маркай у гонар вядомага суайчынніка.