У межах святкавання Дня беларускага пісьменства, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа выступіў на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Коласаўцы паказалі спектакль «Дзеці. Вёрсты» – дарогу жыцця ў сям'і песнях паводле твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Узначальвала дэлегацыю дырэктар тэатра Юлія Харкевіч. На паказе прысутнічаў кампазітар спектакля Павел Салдацікаў.
Тэатр імя Якуба Коласа неаднаразова паспяхова выступаў на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу са спектаклямі «Прызнанне» (2015), «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз...» «Калісь глядзеў на сонца я…» (пра Максіма Багдановіча, 2018), «Ваўкалак» паводле творчасці Я.Баршчэўскага (2022), «Гульня ў джын» Д.Л.Коўбэрна (2023).
Прэм’ера спектакля «Дзеці. Вёрсты» адбылася 20 і 22 лістапада 2022 года і была прысвечаная да 140-годдзю класіка беларускай літаратуры.
У першую чаргу, унікальнасць спектакля – у пераасэнсаванні вобразаў з драматычнага абразка «На дарозе жыццё» і трылогіі «На ростанях», у тым ліку з дапамогай сучасных мультымедыйных тэхналогій. Пастаноўка, насычаная глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычным спевамі, паказвае жыццё як моцную сумесь трагічных і камічных эпізодаў. Абраны і адпаведны жанр сцэнічнага твора – дарога жыцця ў сямі песнях. Менавіта на дарозе жыцця перасякаюцца шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты. У віхуры ўспамінаў яны аб’яднаны адным пытаннем: куды жыць? Памяць адкрывае старонкі мінулага – адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Класічныя героі разам з гледачамі шукаюць, як у кругазвароце дзён захаваць нешматлікія імгненні шчасця.
Яшчэ адной значнай асаблівасцю спектакля з’яўляецца тое, што ад самага пачатку над ім працавала міжнародная творчая каманда. Драматург Арцём Казюханаў, рэжысёр-пастаноўшчык Інэс Амамі, кампазітар Павел Салдацікаў – з Расіі. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур і харэограф Сяргей Талкач – з Беларусі. Асэнсаванне класікі творцамі дзвюх краін адбылося паспяхова. Гэта пацвярджае высокая ацэнка спектакля галоўным захавальнікам фонду Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучкай Якуба Коласа Васілінай Міцкевіч, якая наведала прэм’еру. А таксама ўдзел у міжнародных фестывалях. У 2023 годзе спектакль «Дзеці. Вёрсты» паказаны на XXXII Міжнародным фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», ХХVII Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» (Брэст, Беларусь). У 2025 годзе ў расійскім Навашахцінску, на IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила», спектакль узнагароджаны дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый». Выканаўца ролі Кабеты Раіса Грыбовіч узнагароджаная дыпломам імя народнага артыста СССР М.І.Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Раіса Грыбовіч і Генадзь Гайдук, выканаўца ролі Станцыйнага наглядчыка, уладальнік медаля Францыска Скарыны, узнагароджаныя спецыяльнымі дыпломамі журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру».
Аляксандр Замкоўскі, вядучы рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Фота аўтара.