У Лепелі на абласным фальклорным форуме ўзнагародзілі лепшыя калектывы і сельскія ўстановы культуры, атрымалі асалоду ад народнай музыкі, ацанілі вышыўкі і абмеркавалі старыя гульні.
Праграма снежаньскага свята, прысвечанага беларускім традыцыям і іх захавальнікам, была насычанай і разнастайнай . Яркім атрымаўся гала-канцэрт удзельнікаў абласнога агляду-конкурсу фальклорных калектываў, што праходзіў у Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў. Нумары для яго выбіраліся на працягу ўсяго года, патлумачыла вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклору Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (АМЦНТ) Надзея Уліновіч.
Канкурэнцыя была сур’ёзнай, затое кожнае выступленне з тых, што трапілі ў фінальную праграму, сапраўды выклікала шчырае захапленне. А пераможцамі, якія атрымалі званне лаўрэатаў І ступені, у гэтым годзе сталі народныя фальклорныя калектывы «Сенькавіца» (Сенькаўскі клуб-бібліятэка Верхнядзвінскага РЦКіНТ), «Крыніца» (Янкавіцкі СДК Расонскага РЦКіНТ) і «Прасніца» (Чашніцкі РЦКіНТ). У лік прызёраў трапілі таксама прадстаўнікі Лепельскага, Гарадоцкага, Ушацкага, Дубровенскага, Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў.
Узнагароды ўручылі і лідарам агляду-конкурсу сярод сельскіх устаноў культуры на лепшую работу па фальклорным накірунку. На першым месцы тут таксама апынуўся Сенькаўскі клуб-бібліятэка. Другое і трэцяе занялі адпаведна Матырынскі СК (Ушацкі РЦКіНТ) і зноў-такі Янкавіцкі СДК.
Значнай падзеяй форума стаў конкурс традыцыйнай вышыўкі «Юбілейныя сімвалы», прысвечаны 80-годдзю стварэння Віцебскай вобласці. Ён паказаў, як многа таленавітых і працавітых майстроў нараджае наша зямля. А найлепшымі ў гэты раз назвалі прадстаўнікоў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, якім журы аддала Гран-пры.
Вышыўка Музея традыцыйнай культуры Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў удастоена дыплома І ступені. Другое месца падзялілі рамеснікі з Лепеля і Лёзна, а трэцяе — бешанковіцкія, глыбоцкія і шаркаўшчынскія майстры.
У той жа дзень адбылася абласная канферэнцыя «Традыцыйны фальклор у сучаснасці». На ёй удзельнікі абмеркавалі захаванне аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, працу клубаў нацыянальнай кухні, гульні і фальклору, асаблівасці засваення дзецьмі беларускіх традыцый і многае іншае.
Акрамя гэтага, у рамках мерапрыемства пацвердзілі свае званні заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь «Скарбонка» (Лепельскі Дом раместваў) і «Сунічкі» (Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры Лепельскага раёна).
Форум, заснавальнікам якога з’яўляецца Віцебскі АМЦНТ, праводзіцца для адраджэння і папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры, падтрымкі творчай актыўнасці фальклорных калектываў вобласці і ўдасканалення іх выканаўчага майстэрства.