Прыгожыя суквецці, цікавыя мясціны краю, сілуэты дзікіх жывёл, птушак – усё гэта гарманічна пераплятаецца ў творчасці народнага майстра Беларусі Святланы Скавыркі. Яе маляванкі можна назваць брэндам Глыбоцкага раёна. Для шматлікіх работ характэрны яркія фарбы і, здавалася б, просты сюжэт, але многія дэталі маюць свой падтэкст, сімвалічнае значэнне, якое раскрывае непаўторную прыгажосць азёрнага краю.
– Шчыра скажу, не ведаю, колькі напісала маляванак, кожная з іх для мяне асаблівая, – кажа Святлана Анатольеўна. – Родам я з Гомельскай вобласці. Нарадзілася ў Нароўлі, дзе, дарэчы, таксама ў былыя гады папулярнымі былі маляванкі з характэрным сюжэтным матывам: лодка плыве па вадзе, хлопец з дзяўчынай глядзяць на захад сонца і г.д. Маляванкі Віцебскай вобласці шмат у чым адрозніваюцца. І галоўнае, на што ў першую чаргу звяртаеш увагу, – багатае, раскошнае кветкавае афармленне.
Прэзентуючы апошнія работы, яна з усмешкай адзначае, што ў юнацтве і не думала, як гэта цяжка і ў той жа час цікава распісваць дываны.
– Закончыла вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Бабруйску, цікавілася роспісам лялек, – працягвае Святлана Скавырка. – Па размеркаванні адпрацавала ў Вілейцы тры гады мастаком-афарміцелем, а потым разам з бацькамі пераехала ў Глыбокае.
Дзесьці 15 гадоў майстрыца працуе ў Доме рамёстваў. Пачынала кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва і роспісу па палатне, паступова шліфавала майстэрства. І вось ужо колькі гадоў узначальвае творчы, зладжаны калектыў, які дапамагае беражліва захоўваць даўнія традыцыі, дапаўняючы іх наватарскімі, крэатыўнымі ідэямі.
– У нас прадстаўлена 11 напрамкаў, сярод іх ёсць разьба і роспіс па дрэве, ганчарства і лепка з гліны, вышыўка, бісерапляценне, выраб беларускай лялькі, – адзначае Святлана Анатольеўна. – Кожны кабінет – сваеасаблівы музей па захаванні народнай творчасці. Неаднаразова таленавітыя майстры ўдзельнічалі ў розных выставах, станавіліся прызёрамі і пераможцамі конкурсаў. Ведаюць далёка за межамі раёна і нашу маляванку.
Традыцыя распісваць дываны з’явілася ў пачатку мінулага стагоддзя і асабліва была распаўсюджана ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах. Адным з самых яскравых прадстаўнікоў гэтага накірунку народнага мастацтва быў Язэп Драздовіч, маляўнічыя дываны якога ў свой час упрыгожвалі сцены сялянскіх дамоў, а зараз з'яўляюцца каштоўнымі музейнымі экспанатамі.
З цягам часу на Глыбоччыне сфарміравалася плеяда таленавітых майстроў, у іх ліку Фёдар Сухавіла, які ў дзяцінстве з цікавасцю назіраў за тым, як піша свае работы дзядзька Язэп. Ведаюць глыбачане і дзівосныя вырабы Уладзіміра Крывёнка, Галіны Таляронак.
– Маляванкі Віцебскага Паазер’я маюць своеасаблівы мастацкі стыль, адметную кампазіцыю, дзякуючы гэтаму некалькі гадоў таму яны былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, – адзначае Святлана Анатольеўна. – Маляваныя дываны прыцягваюць увагу многіх, у тым ліку замежных турыстаў. І асабліва прыемна слухаць успаміны людзей пра тое, што ў іх бацькоў ці бабулі ў вёсцы вісеў на сцяне падобны дыван.
Першыя свае маляванкі Святлана напісала ў Віцебску, калі вучылася на 10-дзённых курсах па асновах роспісу па палатне. У той час яна пазнаёмілася з вядомымі майстрамі, якія падзяліліся з ёй сваімі сакрэтамі.
– Дадому прывезла сапраўдную калекцыю, – працягвае Святлана Анатольеўна.
Неаднаразова работы Святланы Скавыркі займалі прызавыя месцы на прэстыжных конкурсах. Напрыклад, за маляванку “Два анёлы” мастачка атрымала Гран-пры на міжнародным конкурсе “Фарбы нябёсаў”, які праходзіў у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”.
Дарэчы, летась на Глыбоччыне адбыўся першы абласны пленэры майстроў дэкаратыўнага жывапісу "Райскі сад – 2019", прысвечаны творчасці Язэпа Драздовіча. Удзел у творчым форуме прынялі 23 майстры. Бліц-выстава маляўнічых работ, напісаных імі за некалькі дзён, упрыгожыла цэнтральную плошчу ў фінальны дзень міжнароднага свята "Вішнёвы фестываль".
Фота Аляксандра Хітрова.