У абласной бібліятэцы прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння заснаванай Віцебскім аблвыканкамам літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча за 2015 год і ўзнагароджанне пераможцаў абласнога маладзёжнага літаратурнага конкурсу «Быў. Ёсць. Буду…», прымеркаванага да гэтай даты.
За час існавання прэміі яе ўладальнікамі сталі 22 чалавекі. Новаспечаных лаўрэатаў павіншавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, старшыня камітэта па прысуджэнні прэмій імя Уладзіміра Караткевіча Ларыса Аленская.
У намінацыі «Проза» адзначаны член СПБ, настаўнік Пастаўскай гімназіі, член вучонага савета Беларускага геаграфічнага таварыства, лаўрэат прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» за 2009 год, аўтар каля 40 краязнаўчых і вершаваных выданняў Ігар Пракаповіч – за кнігу краязнаўчых артыкулаў «Чароўны край – Пастаўшчына». Гэта падручнік для факультатыву «Паставызнаўства».
У катэгорыі «Паэзія» лаўрэатам прэміі стала член СПБ, аўтар трох вершаваных кніг, рэдактар Полацкага народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», колішняя настаўніца, а зараз пенсіянерка Галіна Загурская – за зборнік «З росаў святаянных».
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, тэатральна-відовішчная ўстанова «Беларускі тэатр «Лялька» – пераможца ў намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» за спектаклі па творах пісьменніка. Прэмія ўручана мастацкаму кіраўніку тэатра Віктару Клімчуку. Артысты-лялечнікі паказалі прысутным урывак з пастаноўкі «Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў», а ўвечары ў тэатры можна было паглядзець спектакль «Ладдзя роспачы».
У маладзёжным конкурсе спаборнічала звыш за пяцьсот школьнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў творчых прафесій. Найбольш удзельнікаў было з аршанскіх СШ №№9 і 10, віцебскіх гімназій №№4 і 1, ВДУ імя П. Машэрава. Лепшыя творы вызначаны ў дзвюх узроставых групах (ад 15 да 30 гадоў). З пераможцамі пазнаёміла кіраўнік журы, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Тамара Краснова-Гусачэнка. Прызавыя месцы занялі 28 аўтараў, а 17 атрымалі падзякі.
Разам з успамінамі пра Уладзіміра Караткевіча, яго вершамі падчас урачыстасці прагучалі творы сталых і юных лаўрэатаў.
Фото Антона Степанищева