Сімпатычная істота з легенды пра мясцовае возера гасцінна сустракала прыхільнікаў народнай творчасці, цікавага і пазнавальнага адпачынку не толькі з Беларусі, але і яшчэ шасці краін на 3-м Міжнародным фестывалі міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”.
На гэты раз скульптура ў гарадскім парку не была адзінокай: вялізную фігуру Цмока зрабілі лепяльчане, другую прывезлі спартсмены з баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”. Дадайце сюды яшчэ шматлікія сувеніры, вырабы народных майстроў з выявай пачвары, і зразумееце, што цмок, які разам з сародзічамі калісьці, паводле Уладзіміра Караткевіча, жыў толькі ў возеры, стаў свайго роду турыстычным брэндам раёна і сапраўдным гаспадаром фэсту.
Удзельнікаў фестывалю гасцінна віталі старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра і галоўны каардынатар свята Вольга Маханенка. Сам Цмок шчыра абдымаў бабуль з фальклорнага гурта “Незабудкі” з Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, якія прыехалі ў Лепель з праграмай “Спяваем Цмока”. Яшчэ адзін гурт народнай песні “Землякі” з гэтага ж рэгіёна вучыў спяваць і танчыць па-беларуску. А “Сяброўскі карагод” сабраў усіх, хто хацеў асвоіць традыцыйныя танцы краін-удзельніц. Упершыню пабачылі лепяльчане абрадавае дзеянне “Розгары” з русалкамі з Чашнік. Прадстаўнікі Індыі пазнаёмілі з танцамі і традыцыйнай культурай свайго народа. Баі на бяспечнай зброі – спачан – прадэманстравалі госці з Японіі і Расіі. Прадставілі і прывезлі сувеніры і падарункі для юных баскетбалістаў гульцы клуба “Цмокі-Мінск”.
Надзвычай весела было на дзіцячым пагорку. Юныя лепяльчане адказвалі на пытанні забаўляльнай выстаўкі-віктарыны, а самыя малыя з задавальненнем паглядзелі спектакль лялечнага тэатра “Лямцэвая батлейка”.
Непаўторны каларыт фестывалю дадалі вырабы народных майстроў, пачастункі гаспадароў сялянскіх падворкаў і членаў клубаў нацыянальнай кухні.
Адметнымі падзеямі фестывалю сталі выступленні музыкаў з гуртоў “Rosy”, “Recha”, “Relikt”, “Vuraj”, “Рокаш” і іншых. Яны ўжо не ў першы раз былі ў гасцях у лепельскага Цмока і даўно знайшлі прыхільнікаў сваёй творчасці сярод тутэйшых меламанаў. Таксама адбыліся канцэрты юных і дарослых талентаў.
І землякі, і госці шчыра дзякавалі арганізатарам – Лепельскаму райвыканкаму, Міністэрству спорту і турызму Рэспублікі Беларусі і ўпраўленню па спорце і турызму Віцебскага аблвыканкама, ТАА “Райда-тур”, грамадскім арганізацыям і ўсім ставаральнікам міфалагічнага фестывалю на Лепельшчыне.
Фота Алены Цяляткі