Выстава творчых і навуковых работ выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава адкрылася ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, дырэктар музея Святлана Іванова адзначыла, што выстава такога характару і ўзроўню арганізавана ўпершыню і яна стане першым крокам для далейшага плённага супрацоўніцтва.
Пасля слова ўзялі госці, сярод якіх была дэкан факультэта кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Сакалова. Яны расказалі пра вядомую ў краіне альма-матэр славутых беларускіх мастакоў – мастацка-графічны факультэт з больш чым 60-гадовай гісторыяй, традыцыямі, здабыткамі і напрацоўкамі. І, канешне, запрасілі моладзь да сябе на вучобу. Дарэчы, многія з мясцовых жыхароў не ведаюць, што шумілінская СШ №1 падчас падрыхтоўкі навучальнай установы да абласных «Дажынак» і надання ёй статуса «Школы будучага» распісана па праекце студэнткі мастацка-графічнага факультэта ВДУ Дарыны Шацілы, якая з’яўляецца выпускніцай школы 2017 года.
Жывапісныя карціны, напісаныя ў самых разнастайных жанрах і тэхніках выкладчыкамі, сталі яркім і неаспрэчным сведчаннем таго, што на факультэце працуюць самыя таленавітыя мастакі-практыкі, якія не стамляюцца тварыць, здзіўляць і радаваць гледача.
Удзельнікі сустрэчы задавалі гасцям самыя разнастайныя пытанні: як нараджаюцца карціны, якія творчыя іспыты неабходна здаваць абітурыентам, наогул, як стаць студэнтам славутага мастацка-графічнага.
Выстава будзе працаваць да 30 лістапада. Не ўпусціце магчымасці акунуцца ў творчую атмасферу і дакрануцца да прыгожага. Нездарма кажуць, што мастацтва робіць нас больш шчаслівымі.
Алена КАРПУШЭНКА, Шуміліна, фота аўтара.