Галоўная каталіцкая бажніца вобласці не змагла змясціць усіх жадаючых прысутнічаць на знамянальнай падзеі: святароў, вернікаў, дыпламатаў і прадстаўнікоў свецкіх уладаў. Галоўным пасвячаючым стаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, яго асістэнтамі – кіраўнік каталіцкага касцёла нашай краіны мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Прысутным нагадалі асноўныя прыступкі біяграфіі біскупа-наміната, які нарадзіўся ў 1972 годзе ў Браславе, скончыў Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт і Вышэйшую духоўную семінарыю, выконваў абавязкі вікарыя ў Наваполацку і Міёрах, быў пробашчам у Бешанковічах і Уле. З 2003 года ксёндз Алег кіраваў парафіяй Антонія Падуанскага ў Віцебску, якая стала сапраўдным прытулкам асобам, што па розных прычынах апынуліся ў крытычным становішчы.
Ксёндз Францішак Кісель, які пасля адстаўкі па стане здароўя біскупа Уладзіслава Бліна выконваў абавязкі апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі, ад імя ўсіх вернікаў і святароў выказаў падзяку Папу Рымскаму Францішку за гэты правільны выбар.
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці ў сваёй прамове засяродзіў увагу на той вялікай адказнасці, якая выпала гэтаму яшчэ ў прынцыпе маладому чалавеку, а таксама падзякаваў прысутнай у зале маці біскупа Алега за тое, што выхавала такога годнага сына, якому лёсам было наканавана абвяшчаць навуку Хрыста, «дала жыццё, малако, мову і культуру». Вельмі важна, яшчэ раз падкрэсліў пасланнік Ватыкана, што ён ураджэнец беларускай зямлі.
У адпаведнасці з літургічнымі нормамі новы кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі прыняў прысягу, а потым праз ускладанне на яго галаву рук усіх прысутных біскупаў адбыўся непасрэдна чын пасвячэння.
Новаабраны біскуп атрымаў віншаванні ад прысутных прадстаўнікоў праваслаўнага архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, а таксама губернатара Аляксандра Косінца, словы якога зачытаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. У віншавальным адрасе кіраўнік вобласці адзначыў, што каталіцкі касцёл уносіць значны ўклад у захаванне і ўзбагачэнне духоўных і маральных традыцый прыдзвінскага краю. Рымска-каталіцкая царква аб’ядноўвае 93 парафіі вобласці, мае 79 культавых будынкаў, 3 манастыры, у стадыі рамонту і рэканструкцыі знаходзяцца 5 храмаў. Паміж органамі ўлады і Віцебскай епархіяй склаліся сапраўды партнёрскія адносіны. Аляксандр Мікалаевіч выказаў упэўненасць, што духоўны скарб, практычны вопыт і веды новага біскупа будуць спрыяць актыўнаму і гарманічнаму развіццю епархіі, узмацненню яе аўтарытэта ў краіне, распаўсюджванню вечных каштоўнасцяў хрысціянства.
Новы Віцебскі біскуп па традыцыі абраў сабе герб. У ім ён змясціў абраз Маці Божай Браслаўскай разам з выявай геральдычнага сімвала абласнога цэнтра — Езуса Хрыста і словы з малітвы «Ойча наш»: «Няхай будзе воля твая».
Фота Антона Сцепанішчава