У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна прэзентавалі ўнікальны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак».
Новы зборнік увабраў у сябе вынікі шматгадовай працы навукоўцаў. Яго прадставіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Лявонавіч Капылоў.

Адкрываючы мерапрыемства, Ігар Капылоў адзначыў важнасць дакументавання дыялектнай спадчыны, падкрэсліўшы яе сувязь з жыццём самога даследчыка.

– Я з дзяцінства на роднай Пастаўшчыне чуў жывую натуральную беларускую гаворку. Гэта быў той навакольны каларыт, які зрабіў мяне тым, хто я ёсць — чалавекам і даследчыкам , — падзяліўся навуковец, растлумачваючы вытокі сваёй цікавасці да дыялекталогіі.

Прадстаўленае выданне — не проста чарговы навуковы том. Яно з’яўляецца часткай маштабнай працы па лінгвагеаграфічным апісанні Беларусі. У ходзе прэзентацыі было падрабязна расказана, як ствараўся атлас, якія рэгіянальныя асаблівасці лексікі ўдалося зафіксаваць даследчыкам, а таксама пра значэнне аналітычных даведачных матэрыялаў для сучасных філолагаў, настаўнікаў і студэнтаў.
Кіраўнік інстытута падкрэсліў, што галоўная мэта падобных даследаванняў — захаваць моўнае багацце для нашчадкаў. Ён нагадаў, што Інстытут мовазнаўства, які ўзначальваюць вучоныя з сусветным імем, заўсёды займаўся не толькі тэорыяй, але і захаваннем «жывога слова»:
– Сёння інстытут — навуковы цэнтр, у якім праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні беларускай мовы на ўсіх этапах яе развіцця.

Прысутныя ў зале — лінгвісты, бібліятэкары, выкладчыкі і студэнты — змаглі не толькі азнаёміцца з новымі паступленнямі, але і задаць пытанні аўтарскаму калектыву. У фінале мерапрыемства Ігар Лявонавіч падзякаваў калегам за шматгадовую працу ў экспедыцыях і пажадаў, каб атлас стаў запатрабаваным дапаможнікам для ўсіх, хто цікавіцца сапраўднай, непадробнай беларускай мовай.
Аляксандр ДЗЕМІДОВІЧ, студэнт ВДУ ім. П. Машерава, фота аўтара.








