Ажурная лілея, кошыкі з кветкамі, навагоднія вяночкі, ялінкі, пано, паветраныя павукі, жаночыя абадкі, варыятыўныя капелюшы — гэты і іншыя вырабы з «беларускага золата», якое, дарэчы, мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, прадставіла на выставе «На свята і ў будзень. Магія саломкі» ў Наваполацкім гарадскім музеі майстар Нэлі Радзько.
У зале можна ўбачыць лепшыя работы аўтара. Цэнтральнае месца займае метровая кампазіцыя «Паўлін», у якой Нэлі Радзько дэманструе разнастайнасць саламянай творчасці. Толькі хвост гэтай казачанай птушкі складаецца з 50 пляцёнак-«званочкаў».
Нароўні з традыцыйнымі формамі суседнічаюць мадэрнавыя. Асаблівасць творчасці майстра — прага да наватарства. Для большага падабенства з жывымі кветкамі Нэлі выкарыстоўвае адценні пафарбаванай саломкі, з ювелірнай далікатнасцю ўкрапляе ў жаночыя абадкі каляровыя атласныя стужкі, надае бляск лілеі з дапамогай пайетак.
Дапоўнілі экспазіцыю вырабы яе вучняў, дасягненні якіх майстар лічыць сваёй галоўнай узнагародай.
Прызнаюся, для мяне гэта выстава ў нейкім сэнсе асабовая. З аўтарам я пазнаёмілася ў далёкім 2006-м, калі, будучы васьмікласніцай, прыйшла на яе заняткі ў Расонскі раённы Дом рамёстваў. Яшчэ тады ў блакітных вачах-азёрах маладой выкладчыцы можна было прачытаць: у мастацтве яна чалавек невыпадковы. Яе душа гарэла творчасцю, жаданнем зрабіць штосьці вартаснае, перадаць юнакам і дзяўчатам традыцыйнае рамяство беларусаў.
З таго часу Нэлі ператварылася ў паспяховага майстра. Неаднаразова прадстаўляла Наваполацкі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры на шматлікіх рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх фестывальных пляцоўках, кірмашах, Гарадах майстроў. Сярод яе узнагарод — першае месца на ІІІ абласным свяце — конкурсе саломапляцення «Папараць-кветка» ў межах Міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску — 2010», гарадская прэмія «Прызнанне». Лепшыя творы майстрыхі нават уключылі ў кнігі «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны» і «Народнае мастацтва Віцебскага Паазер’я», выдадзеныя Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.
У 2009 годзе Нэлі Радзько стварыла кветку-лілею — сімвал Наваполацка. Яна таксама аўтар галаўных убораў вакальнай групы ўзорнага ансамбля танца і песні «Прыдзвінскія россыпы» — вядучага калектыву Цэнтра культуры Наваполацка.
Наталля ХАРЫНА, Наваполацк. Фота Ганны Бальшаковай i Алiны Станкевiч