Кнігу-альбом пад назвай «Страчаная спадчына Верхнядзвіншчыны» выдалі работнікі Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У ёй яны сабралі максімальна поўныя звесткі пра помнікі архітэктуры і культуры краю, якіх ужо няма ці якім пагражаюць разбурэнне і знікненне.
У прадмове да выдання яго аўтары падкрэслілі, што Верхнядзвіншчына ў першую чаргу прыцягвае падарожнікаў сваёй эклектычнасцю. На працягу апошніх стагоддзяў тут будаваліся храмы, сядзібы розных стыляў, і ў кожнага свой лёс.
Унікальная неагатычная царква ў Сар'і, напрыклад, раскажа пра сумную гісторыю кахання, касцёл у Росіцы — сведка мужнасці мясцовых святароў, рэшткі палаца ў Вопытнай — прыклад забыцця нашага мінулага. Многае на Верхнядзвіншчыне ўжо можна толькі ўявіць. Таму, збіраючы дакументальны і фотаматэрыял для кнігі, калектыў ЦБС ставіў задачу захаваць звесткі пра гэтыя помнікі архітэктуры і культуры, каб перадаць іх наступным пакаленням.
Выданне ўжо зацікавіла краязнаўцаў, педагогаў, школьнікаў і ўсіх тых, хто цікавіцца спадчынай краю.
Фота з адкрытых крыніц.