Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Як захапіць вучняў археалогіяй і гісторыяй? Ведае настаўнік Слабадской ясляў-сада-сярэдняй школы

На працягу больш за 20 гадоў настаўнік гісторыі, краязнаўца Валерый Тухта разам з вучнямі Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна вывучае мінулае роднага краю. У Год гістарычнай памяці гэтай рабоце надаецца асаблівая ўвага.

– Ці можна захапіць дзяцей археалогіяй і гісторыяй? Вядома, калі даць ім магчымасць сваімі вачыма ўбачыць ці дакрануцца да таямніц і адкрыццяў падчас раскопак старажытных паселішчаў і аднаўлення імёнаў безыменных герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – лічыць Валерый Уладзіміравіч. – Адметнай рысай нашага краю з’яўляецца вялікае мноства старажытных помнікаў археалогіі, да якіх адносяцца паселішчы перыяду неаліту (новага каменнага) і бронзавага вякоў. З 2002 года разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі даследуем помнікі археалогіі на тэрыторыі Лепельскага раёна. З вялікай цікавасцю ў раскопках прымаюць актыўны ўдзел вучні. Апошнія некалькі год разам з археолагам Максімам Чарняўскім вывучаем каля вёскі Верабкі помнікі археалогіі, якім больш за 6 тысяч гадоў. Пераважна гэта часовыя паселішчы (стаянкі) тагачасных жыхароў, дзе мы знаходзім прылады працы з крэмнію і костак жывёлін, наканечнікі стрэлаў, праколкі, сякеры і іншае. Усе гэтыя знаходкі пасля навуковай апрацоўкі перадаюцца ў Лепельскі краязнаўчы музей. Сярод такіх упрыгожванне – бурштынавая падвеска, што датуецца прыкладна V – VI тысячагоддзямі, якое мы знайшлі падчас раскопак у 2019 годзе.


Багаты краязнаўчы матэрыял, які сабраў Валерый Тухта разам са сваімі памагатымі, лёг у аснову шэрагу кніг, што ён напісаў. У адну з першых – «Нататкі з краязнаўчага сшытка» – увайшлі розныя па тэматыцы матэрыялы, напісаныя на аснове палявых даследаванняў, архіўных крыніц, а таксама ўспамінаў людзей, з якімі даводзілася сустракацца. «У бляску і цені салдацкіх крыжоў» прысвечана Георгіеўскім кавалерам, удзельнікам Першай сусветнай вайны, а такіх на Лепельшчыне ўстаноўлена больш за 200 чалавек. «Афганцам» краязнаўца прысвяціў кнігу «У цяснінах памяці» – біяграфічныя звесткі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падзеям Вя-лікай Айчыннай вайны прысвечаны кнігі «Я вярнуся, бо ты чакала» і «Вяртанне з небыцця». А ў кнізе «Медаль за бой і ордэн за адвагу» ідзе гаворка пра лепяльчан, якія за ўдзел у Вялікай Айчыннай былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.


– Бываючы ў экспедыцыях і паходах падчас канікул, разам з вучнямі наведвалі яшчэ жывых удзельнікаў вайны, запісвалі іх гісторыі і ўспаміны, сабралі вялікую калекцыю фотаздымкаў ваеннай пары, – падзяліўся Валерый Тухта. – Шукалі на тэрыторыі Слабадскога сельсавета няўлічаныя ваенныя пахаванні партызан і воінаў Чырвонай арміі. Па магчымасці імкнёмся ўстанавіць імёны невядомых герояў. Так, у вёсцы Свядзіца на вясковых могілках былі пахаваны пяцёра партызан з брыгады Дубава. Дзякуючы мясцовым жыхарам і архіўным дадзеным устанавілі іх прозвішчы. Тры гады таму з Масквы ў Свядзіцу прыязджала ўнучка аднаго партызана, вельмі дзякавала за тое, што нарэшце ведае, дзе пахаваны яе дзед.


Пошукавая работа з вучнямі дапамагла ўстанавіць яшчэ 13 прозвішчаў партызан, пахаваных у вёсцы Цярэшкі. На тэрыторыі суседняга сельсавета ў вёсцы Новыя Валасовічы з дапамогай яшчэ жывых сведкаў устаноўлена месца пахавання 14 партызан брыгады «Чэкіст», якія загінулі пры штурме варожага гарнізона ў снежні 1942 года. Дзякуючы архіўным звесткам былі ўстаноўлены іх прозвішчы. І зноў-такі пакланіцца праху аднаго загінулага – Дзмітрыя Клімушкіна – прыязджалі з Расіі родзічы. Пра гэта яны даведаліся з інтэрнэта, інфармацыю размясцілі слабадскія пошукаўцы.


На вясковых могілках у Слабадзе быў пахаваны невядомы партызан. Яго прозвішча таксама ўстанавілі школьнікі са сваім настаўнікам. Мікалай Есіповіч аказаўся ўраджэнцам Барані Аршанскага раёна. Яшчэ ў 2012 годзе на магілу бацькі з Сібіры прыязджала яго дачка Ларыса Карнюшына.
– Гэтую работу мы будзем працягваць да таго часу, пакуль не застанецца ніводнага невядомага прозвішча салдата, загінулага ў гады вайны на нашай тэрыторыі, – падкрэсліў Валерый Уладзіміравіч.


Удзел у пошукавай рабоце фарміруе цікаўнасць вучняў да гісторыі свайго краю, землякоў, якія аддалі жыцці дзеля сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, робіць неабыякавымі да ўспрымання рэчаіснасці. Аднойчы да Дня Перамогі запісалі відэаролік, дзе школьнікі распавялі пра сваіх родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Другі відэаролік прысвяцілі земляку Уладзіміру Садоўскаму, які загінуў у Афганістане. Форма падачы матэрыялу настолькі прыйшлася даспадобы, што вырашылі прэзентаваць матэрыялы школьнага краязнаўчага музея.
Вучні беражліва адносяцца да любых рэчаў, якія праз час могуць стаць рарытэтамі. Не выкідваюць манеты савецкага часу, паштоўкі, бытавыя рэчы, гістарычныя кнігі. Усё гэта папаўняе музей.


– Ведаць сваю гісторыю – значыць паважаць сябе, свой край, сваю краіну. Усё пачынаецца з вытокаў і малой радзімы, – лічыць Валерый Тухта.

Фота з архіва Слабадской школы. 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ