Акт аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл і рэпартаж аб прыбыцці дэлегацый для падпісання дакумента, аб’яўленне 9 мая Святам Перамогі, матэрыялы аб тым, як людзі сустракалі радасную вестку. Гэта і многае іншае друкавалася ў газеце «Віцебскі рабочы» за 9 мая 1945 года. Гістарычны нумар захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.
«Дугласы» ў небе
Карэспандэнты ТАСС 8 мая 1945-га перадавалі з Берліна: «Яркі сонечны дзень, летні, жаркі. На Тэмпельгофскім аэрадроме з сеццю бетаніраваных дарожак, адкуль зусім нядаўна падымаліся самалёты са свастыкай, зараз свяркаюць совецкія знішчальнікі. Нямецкія самалёты ляжаць тут-жа ў грудах металічнага лому, у разбітых ангарах. Адзін за адным падымаюцца ў неба знішчальнікі, іх вядзе маёр Тюлькін. У лётчыкаў-знішчальнікаў пачэсная задача – сустрэць у небе самалёты, якія павінны прыбыць сюды з дэлегацыяй Вярхоўнага Галоўнакамандавання экспедыцыйных сіл Саюзнікаў.
Вецер калыша Дзяржаўныя Флагі Совецкага Саюза, ЗША і Вялікабрытаніі. Прыбыццё дэлегацый чакаецца к 14 гадзінам. У 13 гадзін 50 мінут з захада даносіцца прыглушаны гул матораў. Неўзабаве паяўляюцца два «Дугласы». Затым прыбліжаецца трэці. Яны робяць кругі над аэрадромам, над Берлінам і зніжаюцца для пасадкі. У 13 гадзін 58 мінут колы першай машыны чарцілі па зямлі берлінскага аэрадрома. Серабрысты «Дуглас» спыняецца на бетаніраванай дарожцы. Адкрываюцца дзверы, і з кабіны выходзіць прадстаўнік Вярхоўнага Камандавання экспедыцыйных сіл Саюзнікаў Галоўны Маршал Авіяцыі Тэдэр, за ім спускаецца камандуючы стратэгічнымі паветранымі сіламі ЗША генерал Спаатс, камандуючы ваенна-марскімі сіламі Саюзнікаў у Еўропе адмірал Гарольд Бероу.
Прыбыўшых вітае генерал-лейтэнант Васільеў.
Потым прызямляюцца і два другіх самалёты з астатнімі дэлегатамі і прадстаўнікамі друку. Сустракаць толькі што прыбыўшых падходзяць прадстаўнікі совецкага камандавання – генерал арміі Сакалоўскі, генерал-палкоўнік Берзарын, генерал-лейтэнант Бокаў. Выстаўляецца пачотны караул. Уперадзе сцягі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Аркестр выконвае амерыканскі, англійскі і совецкі гімны. Палкоўнік Лебедзеў рапартуе Галоўнаму Маршалу Авіяцыі Тэдэру аб тым, што пачотны караул пастроен. Глава дэлегацыі разам з прыбыўшымі абыходзіць пачотны караул. Гэтым парадам, гаворыць Тэдэр, нам аказана вялікая чэсць. У адказ у чэсць перамогі грыміць над Берлінам чырвонаармейскае «ўра».
Прыходзіць чацвёрты «Дуглас». У ім дастаўлены ў Берлін прадстаўнікі камандавання разгромленай нямецкай арміі. Вось у суправаджэнні амерыканскіх афіцэраў праходзіць фельдмаршал Кейтэль, генерал-адмірал Ганс Фрыдэбург, генерал-палкоўнік Штумпф. Немцаў праводзяць да аўтамашын.
Ля мікрафона выступае Галоўны Маршал Авіяцыі Тэдэр. Ён гаворыць, што з’яўляецца ўпаўнаважаным Галоўнакамандуючага Эйзенхауэра. Ён вельмі рад вітаць совецкіх маршалаў і генералаў, а таксама войскі Чырвонай Арміі, і асабліва рад таму, што ён іх вітае іменна ў Берліне. Саюзнікі на захадзе і ўсходзе, сказаў ён, у выніку супрацоўніцтва прарабілі каласальную работу.
Саюзныя дэлегацыі і прадстаўнікі Совецкага Камандавання садзяцца ў аўтамашыны. Праз увесь горад яны следуюць у прыгарад Карлсхорст. У 14 гадзін 40 мінут на аэрадром прыбывае з Парыжа французская дэлегацыя на чале з генералам Дэларт дэ Тасіньі».
Вайне канец
Цырымонія падпісання дакумента пачалася ў 22 гадзіны. З нямецкага боку яго падпісалі Вільгельм Кейтэль, Ганс Штумпф, Ганс фон Фрыдэбург. Безагаворачную капітуляцыю прынялі маршал Георгій Жукаў і маршал Артур Тэдэр, у якасці сведкаў свае подпісы паставілі генерал Карл Спаатс і генерал Жан Дэларт дэ Тасіньі. Працэдура скончылася ў 22.43 па цэнтральна-еўрапейскім часе (9 мая ў 0.43 па маскоўскім часе). Праз васемнаццаць хвілін, з 23.01, немцы павінны былі спыніць баявыя дзеянні і разброіцца.
Сцягі лунаюць
Газета друкуе Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР: «У азнаменаванне пабеданоснага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны совецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і атрыманых гістарычных перамог Чырвонай Арміі, увянчаўшыхся поўным разгромам гітлераўскай Германіі, якая заявіла аб безагаворачнай капітуляцыі, устанавіць, што 9-га мая з’яўляецца днём усенароднай урачыстасці – Святам Перамогі.
9 мая лічыць нерабочым днём.
Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М. Калінін
Сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР А. Горкін
Масква, Крэмль. 8 мая 1945 года».
Савет Народных Камісараў СССР «прапанаваў усім совецкім дзяржаўным установам 9-га Мая падняць на сваіх будынках Дзяржаўны Флаг Саюза Совецкіх Соцыялістычных Рэспублік».
Свята перамогі ў Віцебску
«У гэты сонечны майскі дзень горад прачнуўся рана. Радасная вестка аб безагаворачнай капітуляцыі нямецкіх войск маланкай пранеслася па вуліцах, плошчах, пранікла ў дамы і да глыбіні душы ўсхвалявала кожнага жыхара горада».
Людзі віншавалі адзін аднаго, паціскалі рукі, паўсюль чуліся песні, музыка, урачысты гоман.
У 11.00 калоны рабочых фабрык і заводаў, чыгуначнікаў, навучэнцаў накіраваліся на Сянную плошчу (вул. Б. Хмяльніцкага). Над галовамі дэманстрантаў луналі чырвоныя сцягі, высіліся партрэты кіраўнікоў дзяржавы, праслаўленых маршалаў Савецкага Саюза.
На плошчы сабралася больш за 40 тыс. чалавек. У 12.20 старшыня выканкама гарадскога Савета дэпутатаў працоўных тав. Князеў адкрыў мітынг. Яго словы пра тое, што фашысцкая Германія капітулявала, патанулі ў працяглых апладысментах.
Ад савецкіх і партыйных арганізацый горада выступіў старшыня выканкама абласнога Савета дэпутатаў працоўных тав. Ермашэнка. Заключныя словы ў гонар слаўнай Чырвонай арміі і таварыша Сталіна накрылі крыкі «Ура!».
На мітынгу выступілі Герой Сацыялістычнай Працы чыгуначнік тав. Макараў, аблваенком тав. Сбітнеў, народны артыст БССР Малчанаў, сакратар гаркама камсамола тав. Цярэня. Пад агульнае адабрэнне было прынята прывітальнае пісьмо таварышу Сталіну.
Урачыстасці прайшлі па ўсёй Віцебшчыне. Напрыклад, карэспандэнты газеты перадавалі, што ў Сенненскім раёне над усімі ўстановамі, канторамі калгасаў з самай раніцы былі ўзняты сцягі. У першыя часы пасля паведамлення па радыё людзі кідаліся ў абдымкі, цалавалі адзін аднаго.
У Сіроціне (былы цэнтр цяперашняга Шумілінскага раёна) у 8.00 на гарадскую плошчу прыбылі рабочыя і служачыя, калгаснікі. Мітынг завяршыўся громкім «Ура!», воклічамі «Слава Сталіну!», «Слава доблесным воінам Чырвонай Арміі!».
З падвоенай энергіяй
Радасная вестка з хуткасцю маланкі абляцела і калгаснікаў калгаса імя Кірава Бешанковіцкага раёна, якія «ў знак гэтага рашылі працаваць з падвоенай – патроенай энергіяй, дабіцца ў бягучым годзе не менш 12 цэнтнераў зярна з кожнага гектара».
Карэспандэнт паведамляў: «Сяўба яравых зерневых закончана: пасеяна 62 га аўса, 58 га ячменя, 20 га пшаніцы і 3 га гароху. Поспеху дабіліся дзякуючы правільнай арганізацыі працы і максімальнаму выкарыстанню цягла. Да палявых работ прыцягнута 38 кароў. На іх забаранавана ўся пасеяная плошча.
Лепшых паказчыкаў дабілася брыгада № 1, дзе брыгадзірам Фёдар Высагорэц. Гэтая брыгада першай скончыла сяўбу зернавых культур і зараз рыхтуе глебу для пасадкі бульбы.
Узоры стаханаўскай працы на палявых работах паказваюць многія калгаснікі. Калгасніцы Ефрасіння Галышэвіч, Хрысціна Матус, Хадосся Окунь на сваіх уласных каровах на баранаванні, у два сляды забараноўваюць па 0,20 і больш гектара».
Жыхарам Віцебшчыны яшчэ шмат чаго неабходна было зрабіць па аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі.