Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Чацвёртым доктарам тэалагічных навук на Віцебшчыне стала сястра Дар’я Галубкова

Чацвёртым доктарам тэалагічных навук на Віцебшчыне стала сястра Дар’я Галубкова, якая працуе ў дабрачынным таварыстве “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, катэхеткай і арганісткай у парафіі Святога Уладзіслава. У Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ яна абараніла ў чэрвені доктарскую дысертацыю на тэму «Маральныя дылемы чалавека перад абліччам вайны ў творчасці Васіля Быкава (1924 – 2003)».

– Мне вельмі падабаецца творчасць нашага вялікага празаіка, – падзялілася Дар’я Галубкова. – Ён падымае складаныя тэмы кшталту вернасці чалавека свайму сумленню і няпростага маральнага выбару ў жахлівы перыяд вайны. Уладзімір Караткевіч называў Васіля Быкава рыцарам сумлення і свабоды. Быкаў шмат піша пра сумленне, пра тое, што трэба заўсёды заставацца чалавекам. Ён часта ўжывае слова “чалавечнасць”. Я бачу ў гэтым адсылку да натуральнага права, якое ўпісана ў сэрцы кожнага: не рабі іншаму нічога такога, што табе самому не міла. Таму мне хацелася даследаваць яго творчасць з ракурсу каталіцкай тэалогіі.

Васіль Быкаў лічыў, што рэлігія ўвогуле з’яўляецца адным з найважнейшых аспектаў у жыцці чалавека і яго светапогляду. Не адмаўляючы каштоўнасцей іншых, вядучую ролю, аднак, надаваў хрысціянству.

Для Быкава хрысціянская рэлігія мае вартасць і значэнне перш за ўсё як носьбіт маральнасці, якую ён бачыць як спрадвечную сістэму асноўных жыццёвых прынцыпаў. Пісьменнік перакананы, што яны змешчаны ў Бібліі – галоўнай кнізе чалавецтва. Дарэчы, першы раз Быкаў пазнаёміўся са Святым Пісаннем толькі на пачатку 60-х гадоў, калі, знаходзячыся ў Рыме, набыў выданне на ўкраінскай мове.

Быць хрысціянінам для яго азначае не толькі вызнаваць веру, але і дапамагаць бліжнім, асабліва бедным і абяздоленым. Менавіта вера ў Бога пабуджае чалавека да добрых учынкаў. Няхай жа для ўсіх нас гэта будзе дадатковым заахвочваннем, каб адкрыць або пераасэнсаваць наноў творчасць нашага вялікага земляка і, канешне, будаваць сваё жыццё на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей.

Фота Catholicnews.by.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ