Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Дэлегат УНС з Міёрскага раёна: «Захаванне вёскі лічу адной з важнейшых на сённяшні дзень праблем»

Жыццё аграгарадка Язна Міёрскага раёна нельга ўявіць без загадчыка ўчастковай бальніцы Уладзіміра Пашковіча. Яго аўтарытэт сярод сяльчан бясспрэчны, а медыцынская ўстанова прызнавалася нават найлепшай сярод аналагічных у Беларусі. Уладзімір Пятровіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». З’яўляецца дэпутатам сельскага і раённага Саветаў.

Нягледзячы на службовую занятасць, Уладзімір Пашковіч знаходзіць час на спевы ў царкоўным хоры і ў самадзейным вясковым калектыве. Ён уласнаручна выпякае хлеб па старажытным рэцэпце Сцепаніды Лупач, тэхналогія гатавання якога занесена ў спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Беларусі. Вось гэтага чалавека, які добра ведае жыццё сяла, і дэлегавала Міёршчына на VI Усебеларускі народны сход.

– Захаванне вёскі лічу адной з важнейшых на сённяшні дзень праблем, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, – акрэсліў сваю пазіцыю Уладзімір Пятровіч. – Гатовы ўзнімаць і абмяркоўваць яе разам з іншымі ўдзельнікамі народнага веча.

У Язна пераехалі з жонкай па ўласным жаданні 23 гады таму. Лічылі патрэбным жыць і працаваць у глыбінцы, садзейнічаць яе руху наперад. Магу сцвярджаць, што многа станоўчых змен адбылося ў вёсцы за мінулы час. Аднак у гэтыя ж гады сельскія населеныя пункты імкліва пусцелі.

Адным з напрамкаў спынення працэсу адтоку вясковай моладзі ў горад можа быць далейшае ўдасканаленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Маю на ўвазе стварэнне добра аплачваемых рабочых месцаў у аграрным сектары, замацаванне маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы. Гэта мае дачыненне і да медыкаў. У нашай бальніцы працуюць дзве медсястры, якія, мяркуючы па іх настроі, пасля адпрацоўкі вызначанага тэрміну ў Язне не затрымаюцца.

Лічу, што для замацавання маладых кадраў праблема жылля — на першым месцы. Гэта могуць быць крэдыты на льготных умовах для будаўніцтва новай кватэры, дома ці набыцця жылля на другасным рынку.

Для замацавання ў вёсцы спецыялістаў патрэбны і пэўныя дадатковыя ўмовы. Працу ўрача агульнай практыкі, напрыклад, немагчыма ўявіць без службовага транспарту.

Сёлетні год аб’яўлены Годам народнага адзінства. Гэта актуальна як для ўсёй краіны, так і для кожнага рэгіёна, населенага пункта, для нашай Язненшчыны. Тут мы адзіныя – жывём і працуем разам. І я рады, што раблю свой унёсак у агульную справу. Падтрымліваю ўзаемаадносіны з вяскоўцамі не толькі як урач ці дэпутат, але і як сусед, сябра, аднадумец. Мы ўсе супольна – медыкі, настаўнікі і вучні, культработнікі, меліяратары, аграрыі – можам многае самі зрабіць, было б жаданне.

Пацверджу гэта нашымі мясцовымі прыкладамі.

Дзесяць гадоў таму ў язненскага сельсавецкага актыва нарадзілася ідэя праводзіць фестываль праваслаўных ня-дзельных школ. Пачыналі з нуля, на голым, як кажуць, энтузіязме. Але яго аказалася дастаткова, каб прапанова ажыццявілася і знайшла прадаўжэнне. Фестываль творчасці праваслаўнай моладзі стаў у Язна традыцыйным. 

На дзельныя справы, што служаць на агульную карысць, людзі адгукаюцца. Спатрэбілася язненцам і жыхарам бліжэйшых вёсак зрабіць пераход праз рэчку, склаліся грашамі, выйшлі на суботнікі і праект рэалізавалі. Нешта падобнае адбывалася на добраўпарадкаванні парку. Справу пачалі сіламі актывістаў, потым падключылася сельгас-прадпрыемства, адгукнулася насельніцтва. Прыбралі, разбілі кветнікі, устанавілі малыя архітэктурныя формы.

Так было і пры арганізацыі і правядзенні святкавання 120-годдзя царквы, 545-годдзя Язна, добраўпарадкаванні крыніцы Святога Яна. Зацікаўленых і нераўнадушных людзей у Язне нямала.

Не буду гаварыць за ўсіх, але я асабіста задаволены жыццём у аграгарадку. Маю свой дом, надзейную сям’ю, добрую працу. Аднойчы падумаў, што прымаўку «Добра там, дзе нас няма» змяніў бы на «Добра там, дзе мы ёсць», і калі будзе так, тады сапраўды ўсё будзе добра ў нашым жыцці.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ