З вечара Ксенія Маскаленка дамовілася з сястрой, што ранкам адправяцца на балота – трэба папоўніць запас журавін. Сёлета ёй патрэбна іх больш, чым назапашвала звычайна. Наперадзе фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», у якім яна збіраецца браць удзел – прадаваць пернікі ўласнай вытворчасці, праводзіць майстар-клас па іх аздабленні, прадаваць ягады, калі будзе мець лішкі. Задум многа, хочацца іх рэалізаваць і пацвердзіць, што выйгрыш у 10 тысяч еўра ў міжнародным праекце садзейнічання мясцоваму развіццю паслужыць занятасці насельніцтва.
– Задача адказная, – адзначыла маладая жанчына. – Я абавязалася праводзіць навучальныя семінары па выпечцы і аздабленні пернікаў, удзельнічаць у розных мерапрыемствах, у тым ліку дабрачынных. Матэрыяльную падтрымку пад праграму атрымала ад праекта «Разам да грамады і прыроды: умацаванне працэса развіцця ў Міёрскім раёне».
Выпечкай пернікаў Ксенія Маскаленка захапілася гадоў восем назад. Быў час, калі ў сям’і не было лішніх грошай, каб накупляць да Каляд і Новага года ў магазіне падарункаў для сваякоў і знаёмых. А хацелася парадаваць і здзівіць чымсьці незвычайным. На вочы трапілі пернікі – чым не сувенір? Прыгожыя, доўга захоўваюцца. Так і стала майстрыцай.
Летась Ксенія рашылася выйсці са сваёй прадукцыяй на экалагічны фестываль і правесці майстар-клас. Сто пернікаў, якія выпекла да свята, разабралі за гадзіну. Куплялі іх як сувенір, бо ў аздабленні кожнага былі журавы і журавіны.
Як будуць выглядаць яе пернікі на сёлетнім фестывалі, Ксенія трымае ў сакрэце. Кажа толькі, што яны будуць розныя па форме і малюнку, эскізы на паперы распрацавала даўно. І каржы пачала пячы. Працэс гэты марудны.
– Ёсць і памочнікі, асабліва настойліва свае паслугі прапануе малодшы сын Міколка. Яму праз два месяцы будзе тры гады, узрост павышанай цікаўнасці і жадання ўсяму навучыцца. Таму з кавалка цеста нешта лепіць, малюе і, не дачакаўшыся гатоўнасці, імкнецца з’есці, – расказала гаспадыня. – А калі сур’ёзна, то старэйшы сын Арцём ужо самастойна можа вырабіць пернік. Прычым размалёўвае яго ў маладзёжным стылі, што падабаецца падлеткам. Дапамагае і муж – тым, што бярэ на сябе мае хатнія абавязкі.
Пернікаў, як думае Ксенія Маскаленка, ёй спатрэбіцца сёлета не адна сотня. У будучым будзе лягчэй, бо да традыцыйнага кандытарскага абсталявання заказала і харчовы прынтар. Так што сучасная тэхніка і тэхналогіі прыйшлі на дапамогу і ў хатніх умовах.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.