Умацаваць давер, развіць узаемадзеянне. Гэтыя словы старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва і Дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Андрэя Пілдзеговіча, сказаныя журналістам беларускіх СМІ падчас азнаямляльнага візіту ў Беларусь кіраўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Латвіі, бадай, найбольш поўна характарызавалі сутнасць сустрэчы, якая адбылася 25 верасня ў Браславе. Менавіта замежныя дыпламаты выказалі жаданне пазнаёміцца з паўсядзённай работай пункта пропуску латвійска-беларускага пагранічнага пераходу «Сілене – Урбаны», абмеркаваць праблемы рэгіянальнага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам памежнага Браслаўскага раёна і ўсёй Віцебскай вобласці. Іх таксама цікавілі найбольш прывабныя турыстычныя аб’екты рэгіёна, гісторыка-культурная спадчына Віцебшчыны.
Беларускі бок быў гатовы прыняць гасцей і расказаць ім пра наша жыццё. Бо, як адзначыў Мікалай Шарснёў, гарантыя поспеху любога праекта – людзі. Ад іх асабістых уражанняў вельмі часта залежыць многае ў развіцці супрацоўніцтва ў самых розных накірунках. А геаграфічнае знаходжанне Браслаўшчыны дае шырокія магчымасці для развіцця міжнароднага ўзаемадзеяння. Ужо сёння, падкрэсліваў падчас сустрэчы з замежнымі гасцямі старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі, яна мае 16 дагавораў аб супрацоўніцтве і 3 пратаколы аб намерах з рэгіёнамі Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі, Польшчы, Эстоніі і Арменіі, з’яўляецца каардынуючым цэнтрам Еўрарэгіёна «Азёрны край», які ўключае 33 памежныя адміністрацыйныя тэрыторыі суседніх краін. Адсюль адгружаецца на экспарт чвэрць прадукцыі, што выпускаецца на прадпрыемствах Браслаўскага раёна.
Яшчэ больш маштабныя магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўрасаюза ў Віцебшчыны. Таму сустрэча амаль 50 паслоў, акрэдытаваных у Латвіі, большасць якіх наведвалі Беларусь упершыню, была цікавай для абодвух бакоў.
Прамысловы патэнцыял Браслаўшчыны прэзентавалі яе брэндавыя прадпрыемствы – хлебазавод і сырзавод. Дырэктары Валерый Пятушка і Віталь Даўжэнка паказалі працэс выпечкі хлебабулачнай прадукцыі і вырабу сыроў, расказалі пра іх натуральнасць, а каб госці змаглі пераканацца ў гэтым ды яшчэ ў смакавых якасцях, прапанавалі пакаштаваць вырабы ў шырокім асартыменце.
Пасол Францыі ў Латвійскай Рэспубліцы, які добра размаўляе па-руску, сказаў, што ў браслаўскага хлеба смак яго дзяцінства, і таму ён гатовы спажываць яго штодня.
А на сырзаводзе, дэгустуючы «беларускі чыз», многія бралі «Браслаўскі пачастунак» з сабой, каб парадаваць блізкіх. Іх ніколькі не здзівіла, што 80% прадукцыі прадпрыемства рэалізуецца за мяжой Беларусі.
Знаёмства з вытворцамі Віцебшчыны адбылося на спецыялізаванай выставе на вялікай пляцоўцы ля гімназіі. Свае вырабы, інвестыцыйныя магчымасці і праекты дэманстравалі дзясяткі прадпраемстваў вобласці. Замежныя госці з цікавасцю аглядалі экспазіцыі. Пасол ЗША, напрыклад, перш-наперш звярнуў увагу на стэнд будучага завода па вырабе белай бляхі, што ўзводзіцца ў Міёрах, распытваў Мікалая Шарснёва пра прадукцыю. Не засталіся без увагі выставы Аршанскага льнокамбіната, «Маналіта», «Віцьбы» і інш. Агульнае ж уяўленне пра Віцебшчыну дыпламаты атрымалі з тэматычнага фільма на англійскай мове, які ім прадэманстравалі ў гімназіі. Тут жа іх цёпла прывітаў старшыня аблвыканкама, які падкрэсліў, што беларускі бок заўсёды трымае сваё слова ў тых дамоўленасцях, якія напрацоўваюцца ў ходзе сустрэч, і садзейнічае прадстаўнікам дзелавых колаў, якія займаюцца арганізацыяй сумеснага бізнесу. Мікалай Шарснёў выказаў надзею, што прысутныя пажадаюць яшчэ раз наведаць наш край, каб глыбей пазнаёміцца з ім, падзяліцца вопытам і падказаць варыянты супрацоўніцтва.
— Наша галоўная мэта – жыць і працаваць на карысць нашых краін і народаў,— падкрэсліў ён. — Мы можам рабіць гэта разам.
У рамках праграмы адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алены Купчыной з Дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Андрэем Пілдзеговічам.
Акрамя дзелавых сустрэч, размоў і знаёмстваў, дыпламаты і суправаджаючыя іх асобы сталі ўдзельнікамі адкрыцця зоны адпачынку «Брукоўка», дзе іх віталі героі легенды пра паходжанне назвы горада Браслава — Брас і Дрыва са світай. Яны павялі прысутных у карагод дружбы, пасля чаго сімвалічную стужку на «Дарозе жаданняў» перарэзалі Мікалай Шарснёў, Уладзімір Дранеўскі, Андрэй Пілдзеговіч і пасол Люксембурга ў Латвіі Джордж Фабер. У неафіцыйнай сяброўскай атмасферы тут ішла размова пра тое, што «Дарогу жаданняў» у супрацоўніцтве паміж краінамі трэба будаваць з двух бакоў. У Браслаў яна ідзе з балтыйскага напрамку, таму ў Латвіі ёсць магчымасць для ўзаемадзеяння з краінай-суседкай і яе памежным раёнам.
Андрэй Пілдзеговіч адзначыў, што для ўмацавання добрасуседства час зараз дастаткова спрыяльны, і гэтым трэба карыстацца больш актыўна. Існуе шмат стэрыятыпаў пра Беларусь. Іх належыць разбураць, а ўзамен наладжваць кантакты Беларусі і Еўропы. Так, у Латвіі з нашай дзяржавай заўсёды былі добрыя адносіны, бо іх гісторыя, культура, сваяцкія сувязі вельмі пераплецены паміж сабой. Пацвярджэнне таму – бязвізавы рэжым на памежнай тэрыторыі дзвюх краін.
— Закрытых тэм для размовы не існуе, — гаварыў падчас сустрэчы Мікалай Шарснёў. – Мы гатовы супрацоўнічаць як у галінах, якія ўжо атрымалі развіццё, так і ў новых сферах.
Хочацца спадзявацца, што гэты візіт дыпламатаў адкрые новую старонку будучых сустрэч, мерапрыемстваў, сумесных праектаў, закладзе аснову для адкрытага дыялогу.
Фота Тамара Пашкевіч.