У Віцебску побач з плошчай Перамогі сёння ўрачыста адкрылася дзясятая ў абласным цэнтры і 88-я ў краіне кнігарня сеткі ААТ «Белкніга».
Удзельнікамі гэтай адметнай падзеі ў культурным жыцці Віцебска разам з аматарамі чытання і літаратарамі сталіся прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, абласнога, гарадскога і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна кіраўніцтва, Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, ААТ «Белкніга», масавых выдавецтваў краіны, гандлю.
Вітаючы іх, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч зазначыў, што Віцебск заўсёды славіўся традыцыямі кніжніцтва, якія сёння плённа ўмацоўвае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, што ўвогуле Віцебшчына – кніжны край. Гэта павінны ўлічваць усе, хто будзе пастаўляць і прапаноўваць чытачам новыя выданні. Крама «Кніжная зорка» надасць моцны імпульс цікавасці, увагі да Кнігі, нягледзячы на розныя фарматы сённяшняга яе ўвасаблення і распаўсюджання ведаў.
Падзякаваўшы ўсім, хто рэалізаваў і падтрымаў гэты выдатны асветніцкі праект, агульную думку прысутных выказалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, іншыя афіцыйныя асобы.
243,5 кв. м гандлёвай плошчы кнігарні ўмоўна падзелены на некалькі частак. У гандлёвай зале наведвальнікам прапануецца шырокі выбар кніжнай прадукцыі ў розных фарматах, на беларускай і рускай мовах – ад твораў антычнай эпохі да сучасных у жанры фантастыкі і рознамоўных слоўнікаў, адмысловых сувеніраў з нацыянальнай, у тым ліку віцебскай, сімволікай, канцылярскіх і папярова-белавых тавараў. З дапамогай сэнсарнай панэлі пакупнікі могуць даведацца пра наяўнасць патрэбнага выдання не толькі ў гэтай краме, але і ва ўсёй гандлёвай сетцы ААТ «Белкніга». Электронным чынам анансуюцца навінкі дзяржаўных выдавецтваў, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з іх аўтарамі, буктрэйлеры і шмат што яшчэ, запатрабаванага аматарамі прыгожага пісьменства. Абсталяваныя зоны – дзіцячая, прэзентацыйная і нават для сэлфі, а яшчэ кавярня. Ёсць магчымасць сустрэцца з вядомымі беларускімі літаратарамі, пачытаць за кубачкам кавы. Дарэчы, падчас гэтага мерапрыемства некалькім юным пакупнікам набытыя кнігі падпісала іх аўтар, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, паэтка Тамара Краснова-Гусачэнка. Першым удзельнікаў урачыстасці пазнаёміў са сваёй новай кнігай «Казимир Малевич. Жизнь, творчество, судьба (в отблесках «Черного квадрата» и «Супремии») член СПБ, мастацтвазнаўца Аркадзь Русецкі.
Сёння у гонар адкрыцця «Кніжнай зоркі» тут на ўвесь асартымент дзейнічаюць 10-працэнтныя зніжкі.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.