Дзевяць месяцаў пасля сыходу ў адстаўку з прычыны цяжкой хваробы Уладзіслава Бліна католікі Прыдзвіння не мелі свайго біскупа. Яго часова замяшчаў апостальскі адміністратар Францішак Кісель. І вось нарэшце з Ватыкана прыйшла доўгачаканая навіна: Папа Рымскі Францішак прызначыў новым галоўным іерархам Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Алега Буткевіча (на фота).
Павіншаваць свайго брата ў Хрысце ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага сабраліся пробашчы ўсіх парафій нашай вобласці на чале з папскім нунцыем мансеньёрам Клаўдыё Гуджароці, які нават, жартуючы, даў прымерыць новапрызначанаму святару свой біскупскі галаўны ўбор. Пасланнік Святога пасаду заклікаў нашага земляка «працаваць для гэтай зямлі, любіць гэтую зямлю і яе культуру».
Алег Буткевіч нарадзіўся ў Браславе. Скончыў Беларускі агратэхнічны ўніверсітэт, але перамагло святарскае пакліканне, і ён паступіў у Гродзенскую семінарыю. Служыў у парафіях Міёраў, Бешанковічаў, Улы. Віцяблянам жа ксёндз запомніўся як пробашч касцёла св. Антонія Падуанскага на вуліцы Гагарына, праектаваннем і адбудовай якога займаецца ўжо 10 гадоў. З занядбанага былога Дома культуры таварыства глухіх сёння на нашых вачах узводзіцца пекны будынак, які, безумоўна, стане ўпрыгожаннем усяго раёна.
Як і Папа Рымскі Францішак, ксёндз Алег вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасцю. У яго заўсёды маглі знайсці падтрымку інваліды і людзі, якія па розных прычынах апынуліся «на дне» грамадства, у касцёле праходзяць пасяджэнні таварыства ананімных алкаголікаў.
Кансэкрацыя ксяндза-біскупа Алега Буткевіча адбудзецца 18 студзеня 2014 года а 12-й гадзіне ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага.