Другая гульня-квэст ад абласной газеты «Витебские вести» завяршылася смачнай перамогай: сертыфікат у сталіцы «Дажынак» Дуброўне адшукалі, і падарунак ад нашага партнёра Віцебскай кандытарскай фабрыкі «Віцьба» знайшоў свайго ўладальніка.
Намеснік галоўнага рэдактара «ВВ» Валянціна Маісеева ўручае прыз Юліі Старавойтавай
Нагадаем, умовы квэсту былі размешчаны ў нумары газеты ад 28 верасня, а непасрэдна пошукі падарунка адбываліся падчас абласнога фестывалю-ярмаркі працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017». Лепш за ўсіх зарыентавалася ў абноўленым райцэнтры маладая пара – супрацоўнік станцыі Орша-Заходняя Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі Максім Сямёнаў і карэспандэнт газеты «Дняпроўскія галасы» Юлія Старавойтава.
– Пра квэст даведалася са старонак «Витебских вестей», бо выпісваю вашу газету, і прапанавала Максіму паўдзельнічаць. Ён згадзіўся, і мы разам адправіліся на пошукі. Канешне, было цікава! А потым – смачна! – падзялілася ўражаннямі Юлія.
Назву горада, успомніўшы дрэва – сімвал магутнасці і даўгалецця, адгадаць было лёгка, як і плошчу ля аўтастанцыі. А вось назва вуліцы выклікала цяжкасці, і што размова ідзе пра Фабрычную, здагадаліся не адразу. Самы стары будынак у Дуброўне – былая мануфактура, побач – ільнозавод, дзе і знаходзіцца самы малады ў горадзе музей. У адной з частак залы ў кнізе знаходзіўся сертыфікат ад «ВВ».
Нам вельмі прыемна, што ў квэсце перамагло каханне! Віншуем Максіма і Юлю і дзякуем за актыўнасць.
Сачыце за нашай газетай, удзельнічайце ў квэстах і знаходзьце падарункі. Магчыма, наступны будзе схаваны менавіта ў вашым горадзе.
Фота Алены Ратнёвай.