Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Словам меціў у самае сэрца: 5 снежня спаўняецца 90 год з дня нараджэння Уладзіміра Скапы

5 снежня спаўняецца 90 год з дня нараджэння Уладзіміра Скапы (1935-1999).

Абмінуць гэтую дату для нашай газеты было б недаравальна. 34 гады свайго нядоўгага жыцця, больш за палову, Уладзімір Рыгоравіч прысвяціў менавіта абласной газеце «Віцебскі рабочы», а з 1983 да 1995 года ўзначальваў абласное выданне. Галоўны рэдактар быў чалавекам вялікай душы і бездакорнай сумленнасці.

Пайшоў з жыцця рана, на 64-м годзе, зрабіўшы апошнія крокі ў зімовую сцюжу на прыступках рэдакцыі, ідучы раніцай на працу. Гэта сумная падзея ўскалыхнула тады ўсю журналісцкую супольнасць, бо Уладзіміра Скапу многія любілі і шанавалі за дабрыню, чалавечнасць і адданасць Радзіме і справе, якой служыў.

Ён нарадзіўся ў в. Сукрэмна Сенненскага раёна. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, а ў 1954 годзе скончыў Сенненскую беларускую сярэднюю школу № 1 з сярэбраным медалём і паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна.

Дыпламаваны журналіст вярнуўся на малую радзіму і спачатку працаваў у сенненскай і талачынскай раённых газетах. Таленавітага маладога чалавека прыкмецілі і даручылі ўзначаліць калектыў талачынскай раённай газеты «Сцяг Ільіча». А ў хуткім часе прапанавалі перайсці на працу ў абласную газету «Віцебскі рабочы» ўласным карэспандэнтам. Уладзіміру па сэрцы была па-сапраўднаму творчая праца, да якой імкнуўся ўвесь час. Яго напісаныя бездакорным стылем замалёўкі, нарысы, карэспандэнцыі знаходзілі жывы водгук у сэрцах чытачоў, яго слова цанілі, да парад прыслухоўваліся.

— У нашай «раёнцы» і, добра ведаю, у абласной газеце да яго ішлі супрацоўнікі як на споведзь, давяраючы самае патаемнае. Ён любіў людзей, умеў іх выслухаць, зразумець, заўсёды, калі трэба, знайсці словы падтрымкі, суцяшэння, — прыгадваў былы супрацоўнік талачынскай раённай газеты Алесь Мазур.

Калегі ведалі, як Уладзімір Рыгоравіч клапатліва падтрымліваў творчую моладзь. Памятаю, калі я, прыехаўшы з іншай вобласці, першы раз пераступіла парог кабінета галоўнага рэдактара, ён пацікавіўся, у якіх месцах Прыдзвінскага краю мне ўдалося пабываць раней. Я назвала два раёны і Наваполацк. Уладзімір Рыгоравіч, як заўсёды з ветлівай усмешкай, падкрэсліў, маўляў, амаль усю вобласць ведаш… І накіраваў у камандзіроўку ў свой родны Сенненскі раён, да хлебаробаў.

Уладзімір Скапа ўнёс вялікі ўклад у распрацоўку тэматыкі нацыянальнага адраджэння, гісторыка-культурнай спадчыны Прыдзвіння. Аўтар і сааўтар кніг па гісторыі Віцебшчыны, рэдактар-складальнік кнігі «Віцебскі рабочы» – 80 год», аўтар кнігі «Сянно: гісторыка-эканамічны нарыс». Пад уласным імем і псеўданімамі Ул. Бярозка і В. Собаль апублікаваў сотні артыкулаў пра жыццё і творчасць вядомых літаратараў, ураджэнцаў Віцебшчыны. Ён сябраваў з Янкам Сіпаковым, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам. Часта пісаў рэцэнзіі на творы, а яшчэ любіў пісаць гумарэскі, па-чалавечы добрыя і далікатныя.

І яшчэ адзін істотны штрых да партрэта нашага земляка – усё сваё жыццё Уладзімір Рыгоравіч пісаў толькі на беларускай мове. Як падрэсліў яго сябра і калега Алег Салтук, «зайздроснае чалавечае, грамадзянскае і прафесійнае пастаянства».


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ