Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Свята хлебаробаў Шуміліншчыны прайшло ў аграгарадку Амбросавічы

Хто сее хлеб, той ведае смак солі. 

Не адразу зерне стала хлебам на стале – людзі доўга і шчыра працавалі на зямлі. Гэтыя словы і пра вясковых працаўнікоў Шуміліншчыны, у гонар якіх у мінулую суботу, 23 верасня, у аграгарадку Амбросавічы ладзілася раённае свята хлебаробаў «Чалавек зямлі – гордасць краіны».

Забягаючы наперад, адзначым, што свята ўдалося, атрымалася светлым, маштабным, каларытным. Такіх урачыстасцяў аграгарадок, бадай, не бачыў за ўсю сваю гісторыю. Свята было расквечана стракатымі фарбамі, мноствам прыбраных людзей, якія віталіся, усміхаліся, радасна абдымаліся. Настрой стваралі бадзёрая музыка, сонечнае надвор’е, водар кветак і свежай выпечкі.

Перад пачаткам афіцыйнай часткі свята дэлегацыя раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам усклала кветкі да помніка загінуўшым землякам Амбросавіч, ушанавала іх памяць хвілінай маўчання.

І вось – святочнае шэсце. У сонечным святле выхаднога дня ажылі амбросавіцкія вуліцы, па якіх ішлі сельскія працаўнікі, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Святочнасці і ўрачыстасці надавалі вясёлыя песні, музыка баяністаў, танцы творчых калектываў раёна, воклічы «Ура хлебаробам!».

Афіцыйная частка ўзнагароджання лепшых на жніве‑2023 праходзіла на галоўнай сцэне ля сельскага клуба. Каравай з зерня новага ўраджаю – сімвал дабрабыту і жыцця – уручылі кіраўніку раёна Сяргею Галынчыку. Ён павіншаваў усіх са святам хлебаробаў, выказаў словы шчырай удзячнасці тым, хто душу, веды, намаганні і сілы ўклаў у вельмі нялёгкую справу вырошчвання хлеба, тым больш, што сёлетні год быў вельмі няпростым для сельскіх працаўнікоў. І сёння работы не скончаны – закладваецца фундамент будучага ўраджаю, засяваюцца азімыя зерневыя. Яшчэ многа ў аграрыяў работы па нарыхтоўцы кармоў, уздыме зябліва.

Ганаровымі граматамі райвыканкама былі адзначаны пераможцы раённых спаборніцтваў: першае месца па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, вырошчванні крыжакветных прысуджана ААТ «Ляжні» (дырэктар Аляксандр Папіна); па вытворчасці насення шматгадовых траў – СФГ «Раднік» (кіраўнік Юрый Сямёнаў).

Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і сельскім працаўнікам, якія занялі ў раённых спаборніцтвах першыя месцы: механізатару ААТ «АграБаравінка» Сяргею Гоманаву за лепшыя намалоты, вадзіцелю СФГ «Раднік» Уладзіміру Аглушэвічу за перавозку зерневых і крыжакветных, механізатару гэтай жа гаспадаркі Віктару Буеву за ўборку насення шматгадовых траў.

Цырымонію ўзнагароджання прадоўжыў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў. Ён уручыў Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ААТ «Прыазёрны мір», якое заняло другое месца па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, СУП «Лаўжанскае» – за трэцяе месца ў гэтай жа намінацыі. Ганаровыя граматы былі ўручаны аграному КУСГП «Ульскі» Сяргею Баранаву (пераможцу раённых спаборніцтваў сярод спецыялістаў сельгасарганізацый), вадзіцелю ААТ «Ляжні» Юрыю Кавалеўскаму (другое месца па перавозцы зерневых і крыжакветных). Была выказана падзяка начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Алене Сідарэнка за аказанне садзейнічання ў развіцці сельскагаспадарчай галіны раёна. У сваю чаргу кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў узнагародзілі сваіх лепшых работнікаў падзякамі і грашовымі прэміямі.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова ўзнагародзіла Ганаровымі граматамі за шматгадовую працу жанчын: дырэктара КУСГП «Ульскі» Валянціну Лабейка, загадчыцу гандлёвага аб’екта СУП «Лаўжанскае» Святлану Духовіч, загадчыц складоў Таццяну Лявонаву (КУСГП «Сіроцінскі») і Таццяну Купрыянаву («Лаўжанскае»).

Асобныя словы ўдзячнасці былі выказаны ветэранам, чыімі намаганнямі закладзена нядрэнная база сельскагаспадарчай галіны, сфарміраваны добрыя традыцыі. Былым кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, брыгадзірам, бухгалтарам, аператарам машыннага даення, загадчыкам фермаў – падарункі і кветкі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

На свяце былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы сельскі падворак. Словы падзякі за ўзорны парадак і эстэтычнае афармленне прыдамавой тэрыторыі землякам выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. Ён уручыў дыпломы і падарункі сем’ям Карнілавых з Амбросавіч, Пяшко з Крывога Сяла, Лазуковых з Мікіціхі, Бабічавых з Заобалі, Барысевіч з Кардона, Мядзель з Убоіна, Сідарэнка з Башнёў, Кашнікавых з Філіпенак.

Мікалай Будневіч агучыў вынікі і яшчэ аднаго раённага агляду‑конкурсу – «Хлебны гаспадар – Млын», падзякаваў яго ўдзельнікам за адраджэнне народных традыцый. Граматы і спецыяльныя прызы ад раённай арганізацыі «Белая Русь» атрымалі пераможцы конкурсу – УП ЖКГ і КУСГП «Сіроцінскі». Другое месца раздзялілі СУП «Лаўжанскае», ОКЗ і ТАА «Вітконпрадукт», трэцяе – аддзел па адукацыі райвыканкама і Шумілінскі раён газазапеспячэння (усе атрымалі прызы і караваі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК).

На свяце было багата выстаў, кветкавай прыгажосці, працавалі аграсалон і фотазона, можна было прадэгуставаць малочныя і каўбасныя вырабы, паглядзець сельгастэхніку, паўдзельнічаць у майстар‑класах, гульнях і конкурсах. Святочны канцэрт хлебаробам падарылі артысты Шуміліншчыны.

Свята аб’яднала ўсіх, хто любіць родную зямлю, хто сваімі добрасумленнымі адносінамі да справы і бязмежнай адданасцю робіць яе больш багатай і прыгожай.

"Герой працы"

Фото shumilino.by.  


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ