Здымкі фотааматара з Паставаў Андрэя Мацура (на фота) вядомы не толькі мясцовым гледачам.
Пасля паказу ў мінскім кінатэатры «Перамога» ў Паставы вярнулася выстава тутэйшага фатографа Андрэя Мацура «Нябачныя помнікі Вялікай вайны», прысвечаная 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны. Экспазіцыя ў сталіцы была арганізавана з нагоды фестывалю еўрапейскага кіно і пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі сумесна з фотаклубам «Мінск». 55 чорна-белых здымкаў, на якіх – старыя акопы, траншэі, вайсковыя могілкі, рэшткі дотаў і іншыя сведчанні тых далёкіх падзей. Выставу плануецца паказаць у Паставах, Навагрудку і Магілёве.
– У пошуках аб’ектаў давялося праехаць больш за 2 тыс. км уздоўж былой лініі фронту – праз Пастаўскі, Браслаўскі, Мядзельскі, Вілейскі, Смаргонскі, Баранавіцкі раёны, добра-такі пахадзіць па лясах, вясковых ваколіцах. На працягу года, пакуль рыхтаваў выставу, наведваў навуковыя канферэнцыі, гутарыў з гісторыкамі, краязнаўцамі, калекцыянерамі – каб сабраць цікавы мастацкі і дакументальны матэрыял, – расказвае Андрэй Мацур. Дарэчы, на Пастаўшчыне распрацоўваецца тэматычны турыстычны маршрут, які праляжа праз вёскі Мажэйкі, Сіўцы, Пятроўшчына і іншыя.
Гэта пяты персанальны фотапраект Андрэя Мацура. Самы ж першы – «Память сердца говорит» – быў прысвечаны апошнім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны з Пастаўшчыны. Ажыццявіць яго фатографу дапамагала дырэктар краязнаўчага музея Раіса Курачэнка. А праект «Простой, но необычный городок» – пра Паставы. На яго спатрэбілася тры гады, вынік – амаль 40 здымкаў.
– Я з вёскі Коўзаны, што ў дзесяці кіламетрах ад райцэнтра, а ў Паставы пераехаў зусім нядаўна. Мне тут вельмі падабаецца. Праз фотааб’ектыў імкнуся бачыць наш горад і яго жыццё ў нейкіх незвычайных ракурсах. Каб у некаторых куточках заспець патрэбнае мне асвятленне, хадзіў туды шмат разоў. Для фатографа ж вельмі важна своечасова аказацца ў неабходнай кропцы, – тлумачыць свае творчыя захады субяседнік.
Ён заўжды ўдзельнічае ў сумесных выставах з сябрамі-аднадумцамі з фотаклуба «Светасіла», які арганізаваў у райцэнтры чатыры гады назад. Ідэя аб’яднацца з’явілася ў іх на адным з пленэраў. Мэта клуба – папулярызацыя фотамастацтва. Кожныдзень нараджэння сваёй суполкі – 27 лютага – яны адзначаюць чарговай выставай. Гэта гадавая справаздача, якую можна ўбачыць у фае пастаўскага кінатэатра «Радзіма», дзе «Светасіла» мае, можна сказаць, галерэю. Творчыя набыткі паказваюць тут і іншыя беларускія фатографы. Пад эгідай клуба праходзяць раённыя конкурсы для юных фотааматараў пад назвай «Свет вакол нас».
– Як, мабыць, і ўсе фатографы, я люблю падарожнічаць. Шмат ездзіў па Еўропе, аднак чым далей жыву, тым больш пераконваюся: самае цікавае – побач. Здымаючы ў Паставах, даведаўся пра адметную мясцовую даўніну. У розныя поры года ахвотна вандрую з фотаапаратам па родным раёне. У нас тут прыгажосць на кожным кроку.
Фота Дзмітрыя Осіпава