Установы культуры Докшыччыны прымалі гасцей з Арменіі, Казахстана, Латвіі, Узбекістана, Эстоніі і рэгіёнаў Расіі – Башкартастана, Карэліі, Іркуцка, Кургана, Омска, Самары, Усурыйска.
Для іх – кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа – Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур арганізаваў творчую стажыроўку. Яе мэтай было глыбей пазнаёміць прадстаўнікоў іншых краін з жыццём беларускай глыбінкі, захаваннем і развіццём традыцыйнай культуры беларусаў.
Візіт пачаўся з наведвання мемарыяльнага комплексу «Шунеўка» і ўскладання кветак да цэнтральнай скульптурнай кампазіцыі «Праклён фашызму». У Докшыцкім гарадскім цэнтры культуры гасцям прапанавалі майстар-класы па арганізацыі батлеечных прадстаўленняў, разьбе па дрэве, вырабе лялек, а ў Доме рамёстваў – па лоза- і саломапляценні.
Гасцям прэзентавалі кнігу, прысвечаную 85-годдзю Віцебскай вобласці «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына», старонкі якой уяўляюць сабою пано ў тэхніцы лапікавага шыцця. Таксама выступіў творчы калектыў «Докшыцкая батлейка Патупчыка».
Беларусы замежжа рушылі «Жыватворным шляхам» у экскурсію па раёне. Завяршылася яна ў этнаграфічнай сядзібе «Вецяра».
Госці раз’язджаліся, натхнёныя на новыя творчыя справы, з прыемнымі ўражаннямі пра беларускі куточак, дзе ў іх з’явіліся сябры.