Традыцыйна напрыканцы трэцяга жнівеньскага тыдня Браслаў становіцца месцам, дзе збіраюцца вернікі, каб ушанаваць Маці Божую Валадарку Азёраў.
Менавіта тут у яе доме заканчваецца летні цыкл Марыйных фэстаў у санктуарыях Беларусі, тут моладзь з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прымае сакрамэнт хрысцяінскай сталасці — канфірмацыю і, бадай, кожны пілігрым прыносіць сюды свае радасці і смутак, надзеі і просьбы. Ні пандэмія, ні надвор’е, ні іншыя жыццёвыя цяжкасці не становяцца перашкодай для тых, хто хоча ў гэтым месцы ля цудадзейнага абраза словамі і сэрцам пагутарыць з Матуляй і яе Сынам. Жнівеньскія ўрачыстасці збіраюць людзей самага рознага ўзросту. Дарэчы, колькасць маладых вернікаў сярод іх пастаянна павялічваецца.
Масавасцю такой ахвярнасці ўжо не адзін год уражваюць католікі Глыбоччыны. І селета іх прыйшло больш за 60 чалавек. За тры дні яны пераадолелі каля 90 кіламетраў і надвячоркам у пятніцу ляглі перад алтаром у браслаўскім касцёле. Сярод іх маладыя людзі з Полацка, якія прыехалі ў Браслаў, каб атрымаць сакрамэнт канфірмацыі. І такіх было каля 80 чалавек.
У малітве, разважаннях пра сямейныя каштоўнасці, пра жаданы супакой у сем’ях, калектывах, краіне і свеце прайшла з пятніцы на суботу ноч вернікаў, калі нават выступленне камернага хору “Salutaris”, начная працэсія са знічкамі па вуліцах горада, успрымаліся, як супольнае ўхваленне Госпада і яго Маці.
Суботняя раніца зноў пачалася з малітвы аб умацаванні сем’яў, разважанняў і спеваў. Касцёл напоўніўся людзьмі, каб у 11 гадзін выйсці на палявы алтар і пад адкрытым небам памаліцца за краіну, яе кіраўнікоў, за сябе, за дзяцей і сваіх блізкіх.
У час урачыстасцяў Біскуп Віцебскі павіншаваў з 10-ці і 35-ці гадовымі юбілеямі служэння ксяндзоў дыяцэзіі, падзякаваў усім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення свята, у тым ліку харыстам школы спеваў, якая на працягу тыдня працавала пры касцёле. Вакальнае майстэрства ў ёй на працягу тыдня адточвалі прыкладна 60 чалавек з розных парафій нашай краіны. 20 жніўня на галоўнай святой імшы яны прадэманстравалі, што былі стараннымі вучнямі. Спевы зводнага хору сталі музычным упрыгажэннем свята.
З надзеяй углядаліся прысутныя ў твар найсвяцейшай маці, як напэўна, ніколі раней прасілі божай ласкі для краіны і ўсяго свету. Пра гэта сказаў таксама ў сваёй прамове біскуп Алег Буткевіч. Ачысціцца, устаць з канапаў і адкрыць сэрцы Богу, жыць па яго законах, падкрэслівалі ўсе іерархі, чалавеку дапамагае Марыя. Грамадства імкнецца аздаравіцца, вярнуцца да спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасей і на гэтай дарозе яднае сілы тых, хто клапоціцца зрабіць свет больш чыстым і добрым. Гэтай мэце служыць і ўрачыстасць ушанавання Маці Божай Браслаўскай.
Фото Тамары Пашкевич.