Курсы валют НБРБ
Доллар США
2.5002
Евро
2.934
100 российских рублей
3.4289
Погода в Витебске
8 oC облачно с прояснениями
Давление:
771мм рт. ст.
Влажность:
86%
Скорость ветра:
2.46м/с северо-восточный

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Варажбіты з 1920-х, або Як каралі махляроў у РСФСР

У Крымінальным кодэксе РСФСР 1922 года прадугледжваліся пакаранні шмат за якія злачынствы: ад вырабу алкагольных напояў да контррэвалюцыйнай дзейнасці. Быў у ім і артыкул пра махлярства, якое каралася прымусовымі работамі ці пазбаўленнем волі на тэрмін не менш за 6 месяцаў. А што менавіта разумелася пад махлярствам, дапамагаюць даведацца архіўныя дакументы.

Толькі дзеля суседзяў 

Летам 1926-га ў міліцыю паступіла скарга на селяніна вёскі Зароўе Лёзненскага раёна: многія месцічы чулі, што ён займаўся “вядзьмарствам” і бачылі, што да яго часта хадзілі людзі. У выніку яму прысудзілі 6 месяцаў турмы.

Той селянін настойліва спрабаваў апраўдацца, зазначыўшы між іншым, што толькі зрэдку займаўся “закусываннем” – так ён называў сваё знахарства. І рабіў гэта не з карыслівых мэтаў, а выключна па просьбах суседзяў і ніколі не браў ніякай платы. Вясковы знахар казаў, што да яго ніхто не меў прэтэнзій, нават сам старшыня сельсавета. А тыя скаргі, што паступілі ад дваіх сялян, несправядлівыя. Бо з адным яны пасварыліся (прычым, пішучы скаргу, той нібыта быў п’яным), а са сваякамі другога ў “ведзьмака” меліся зямельныя спрэчкі. Перагляд справы прызначылі на 1 кастрычніка 1926-га ў Віцебску ў будынку па Замкавай вуліцы. Цікава, што селяніну позву ўручылі, але на ёй мелася адзнака, што “яўка неабавязковая”. Суд не стаў адмяняць папярэдняе рашэнне. Селянін, відаць, адчуваў гэта, бо яшчэ ў верасні 1926-га знік і ў межах сельсавета не паказваўся.

Карты і курыны памёт 

Пад катэгорыю махлярства трапіла і лячэнне людзей курыным памётам у сукупнасці з варажбой на картах. За такія правіннасці 5 студзеня 1926-га была пакарана народным судом 5-га ўчастка Полацкай акругі жыхарка мястэчка Асвея.

Жанчына аднеквалася ад абвінавачвання ў выкарыстанні народных спосабаў лячэння і сцвярджала, што дзве бутэлькі з растворам курынага памёту ёй падкінуў нядобразычлівец – гаспадар кватэры, якую яна арэндавала. Нібыта гэта была помста за тое, што, па меркаваннях мужчыны, яна паведаміла ў міліцыю пра яго знаёмых, якіх арыштавалі за кантрабанду. А вось факт варажбы на картах жанчына не адмаўляла. Яна называла гэта сродкам заробку і не лічыла махлярствам. Новае судовае пасяджэнне прызначылі на красавік. Але абвінавачаная наўмысна не з’явілася на яго, спасылаючыся на адсутнасць сродкаў на дарогу. Увогуле жанчына тлумачыла свае заняткі варажбой няпростым лёсам і дрэнным матэрыяльным становішчам. Яе нягоды пачаліся яшчэ ў лютым 1920-га ў мястэчку Краслаўка Дзвінскага павета (Дзвінск – зараз латвійскі Даўгаўпілс), дзе першапачаткова яна жыла. Пры падыходзе польскіх войскаў чырвонаармейцы адступалі і прыхапілі яе разам з уласным канём. У выніку жанчына знаходзілася на фронце цягам шасці месяцаў і была паранена. Пасля завяршэння савецка-польскай вайны яна не магла вярнуцца на радзіму і засталася жыць у Асвеі. Па прычыне ранення і страты працаздольнасці атрымлівала пенсію, але нядоўга, усяго два гады. А потым зусім засталася без сродкаў да існавання – вось і пачала займацца варажбой на картах.

У прызначаны дзень суд перагледзеў справу пра варажбу і лячэнне народнымі метадамі, скараціўшы тэрмін зняволення да аднаго месяца, бо абвінавачаная была “зусім непісьменнай і беднай, і неразвітай жанчынай”.

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, фота з архіва аўтара.Фатаграфіі маюць ілюстратыўны характар.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ