Па дарозе з Міёр на Друю, літаральна ў некалькіх метрах ад магістралі, стаіць велічны храм. Яго архітэктура, дагледжаная тэрыторыя заварожваюць. І не дзіўна, што машыны тут збаўляюць хуткасць – вадзіцелі і пасажыры хоць на хвілінку прыпыняюцца, каб палюбавацца на гэту прыгажосць. Адчуваецца, што мясцовыя жыхары любяць і берагуць сваю святыню. І не толькі яе. Пасёлак Ідолта па добраўпарадкаванні адзін з лепшых у Міёрскім раёне. Традыцыя трымаць у чысціні свае падвор’і, грамадскія месцы тут закладзена спрадвеку. Важная роля ў гэтым належыць кіраўнікам мясцовага сельгаспрадпрыемства, яго шэфам. За апошнія дзесяць гадоў цэнтральны будынак гаспадаркі змяніўся непазнавальна. З дапамогай канцэрна «Белнафтахім» была рэстаўрыравана сядзіба Іосіфа Мілаша, у якой размясцілася адміністрацыя ПУПКС «Міёрскі», па праграме будаўніцтва жылля на сяле ўзведзены 35 дамоў, якія ўтварылі некалькі прыгожых вуліц.