Жыццё пражыць не поле перайсці. Асабліва, калі яно доўжыцца век і хочаш ты ці не, але па волі лёсу становішся ўдзельнікам і сведкам яго шматлікіх падзей. Нарадзіўшыся позняй восенню 1920 года, Софія Ігнацьеўна Кульпа зведала горыч ранняй страты бацькі, перажыла ваеннае ліхалецце, была адной з першых калгасніц, выхавала з мужам сем дзяцей і стала маці-гераіняй, а цяпер ужо бабуля 20 унукаў, 31 праўнука і трох прапраўнукаў.
У пакоі вясковай хаты шматлікую дэлегацыю прадстаўнікоў улады, сельгаскааператыва, дзе адпрацавала дзясяткі гадоў, грамадскасці, што прыехала павіншаваць жанчыну з 100-гадовым юбілеем, сустракала невялічкая хударлявая гаспадыня.
Першае ўражанне аб юбілярцы – чалавек светлы. Так звычайна ў народзе кажуць пра людзей, ад якіх ідуць дабрыня і спакой. Імі і нас яна адарыла так шчодра, што ў гасцях, можна сказаць, засядзеліся, забыліся пра чакаючыя кожнага справы, заслухаліся расказам непасрэднай сведкі пра тое, як жылі, працавалі нашы бацькі і дзяды, якія падзеі адбываліся на Браслаўшчыне і 40, і 80 гадоў таму.
Іх вёска Якавічы ў 1918 годзе згарэла. Прычыну пажару Софія Ігнацьеўна не ведае. Вяскоўцы выкапалі зямлянкі, у якіх і туліліся. У такой зямлянцы нарадзілася і яна. Раслі з сястрой у гэтым жытле не адзін год. Маці прывязвала дачок за нагу да слупка, убітага ў зямлю, каб не маглі выпаўзці на вуліцу, пакуль яна была занятая працай.
Мясцовая пані пашкадавала людзей, выдзеліла лес. Адзін за адным вяскоўцы адбудавалі дамы. Кульпы таксама. У той хаце Софія Ігнацьеўна і жыве да гэтага часу. Яшчэ ў 60-я гады падлога ў ёй была земляная, а сёння, кажа, гэта ўжо палац – светлы, цёплы, утульны, пра што паклапаціліся дзеці.
Маладосць успамінае з цеплынёй. Па тым часе атрымала неблагую адукацыю – скончыла шэсць класаў польскай школы. Магла пайсці і ў сёмы, але захацела мець уборы, якія маці не магла ёй купіць. І пайшла служыць кухаркай да медыкаў і педагогаў, што жылі пры маёнтку ў Опсе. Служанкай пабыла нядоўга. Браслаўшчына адышла да Беларускай ССР, і ў дзяўчыны пачаўся новы этап жыцця.
Яе прынялі на працу лабарантам у кантору па закупе збожжа, і, як памятае, яна мела перспектыву далейшага прафесійнага росту. Але грымнула вайна, якую давялося перажыць у пастаяннай трывозе. З розных куткоў краю даходзілі звесткі пра карныя экспедыцыі, гвалтоўныя смерці. На шчасце, іх вёскі яны не закранулі. Жылі з таго, што мелі з уласнай гаспадаркі.
Муж, з якім уступіла ў шлюб перад вайной, на фронт пайшоў у 1944 годзе. Пасля вызвалення Браслаўшчыны яго накіравалі ў польскую армію. Далей Польшчы і не дайшоў. Быў цяжка паранены і камісаваны.
Неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася калектывізацыя. З мужам уступілі ў калгас, 20 гадоў Софія ўзначальвала звяно па вырошчванні даўгунцу. Яе калектыў лічыўся адным з лепшых у раёне, за што звеннявую заахвоцілі паездкай на ВДНГ. Працавала і гадавала дзяцей, якія разляцеліся далёка ад роднага дома. Хтосьці жыве ў Літве, хтосьці ў Расіі. Унукі яшчэ далей. Адна з унучак ўваходзіла ў беларускую алімпійскую каманду па сінхронным плаванні, пазней працавала ў Аўстраліі, а цяпер – у Бразіліі.
Усе ўнукі прысылаюць бабулі сувеніры, якія Софія Ігнацьеўна трымае на вачах: на століку пад акном і сцяне пад абразамі. Дарэчы, у чырвоным куце з’явілася днямі і вялікае віншаванне ад Папы Францішка. У ліку яшчэ 21 стогадовага юбіляра галава Каталіцкай царквы віншуе Софію Ігнацьеўну Кульпа з круглай датай і жадае жыць яшчэ доўга.
Колькі доўга, гаспадыня пыталася ў работніцы РАУС Юліі Крупенькі, калі тая ўручыла ёй новы пашпарт. Падзівілася, што ён сапраўдны да 2045 года, і ўсміхнулася ад пажадання дажыць яшчэ да гэтай даты і атрымаць яшчэ адзін дакумент, пацвярджаючы яе асобу. Пацікавілася таксама, колькі на Браслаўшчыне яе равеснікаў. Пачуўшы, што толькі тры, пашкадавала і папрасіла пры магчымасці ўсіх павіншаваць і ад яе імя.
Сама з удзячнасцю прыняла кветкі і падарункі ад улады з рук старшыні райсавета Ніны Пучынскай, ад сельвыканкама, калектыву СВК «Маяк Браслаўскі» і грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.