Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Жыхар вёскі Сасноўцы Гедзіён Буйка: «Няма мілейшага месца ў свеце, чым малой радзімы куточак»

«Няма мілейшага месца ў свеце, чым малой радзімы куточак», — упэўнены жыхар вёскі Сасноўцы Шаркаўшчынскага раёна, ветэран працы Гедзіён Буйка (на фота). Гэты чалавек мае рацыю. Усё сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў роднай зямлі. 

– Бацькі мяне з дзяцінства прывучылі да працы, – кажа мой суразмоўца. – З 11 гадоў выконваў розныя работы ў мясцовым калгасе: касіў траву, зграбаў яе на коннай грабілцы, акучваў пасевы кукурузы. Родныя мясціны былі для мяне наймілейшымі. Асабліва я гэта адчуў, калі праходзіў вайсковую службу ўдалечыні ад бацькоўскай хаты – ажно ў Германіі. Непераадольная цяга жыць і працаваць там, дзе нарадзіўся, паспрыяла таму, што я застаўся верным бацькоўскаму парогу.

У 1972 годзе скончыў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум і, атрымаўшы кваліфікацыю агранома, вярнуўся дыпламаваным спецыялістам у свой калгас імя Леніна, дзе спачатку працаваў начальнікам участка, а потым аграномам па корманарыхтоўцы.

Сваю будучую жонку Гедзіён Пятровіч сустрэў яшчэ ў дзяцінстве. Не ведаў тады юнак, што дзяўчынка-аднакласніца Валя стане яго другой паловай – як аказалася, назаўсёды. У 1975 годзе яны згулялі вяселле. Далі пуцёўку ў самастойнае жыццё двум дзецям. Сын Вячаслаў зараз працуе ў Мінску, там жа са сваёй сям’ёй жыве і дачка Алена.

У другой палове 1990-х Гедзіён Буйка працаваў старшынёй калгаса «Іскра» Шаркаўшчынскага раёна. Пазней па стане здароўя зноў вярнуўся ў Сасноўцы, займаў пасаду намесніка кіраўніка мясцовай гаспадаркі. Перад выхадам на заслужаны адпачынак восем год быў старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

– Імкліва і нябачна бяжыць час, – з невялікім сумам у голасе адзначае ён зараз. – Дзесяць год ужо на пенсіі, з жонкай Валянцінай займаемся хатняй гаспадаркай, апрацоўваем невялікі зямельны надзел. З радасцю на парозе свайго дома сустракаем любімых дзяцей і ўнукаў. Кожны іх прыезд заўсёды чаканы і жаданы.

У дзень свайго 70-годдзя Гедзіён Буйка вітаў гасцей. Да імянінніка прыехалі намеснік кіраўніка раёна Юрый Васілеўскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, іншыя прадстаўнікі мясцовай улады і ветэранскай арганізацыі. Шмат цёплых слоў і сардэчных пажаданняў прагучала ў адрас юбіляра. Імянінніку ўручылі Падзяку старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама, Ганаровую грамату старшыні абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, падарункі.

– Вельмі прыемна, што пра мяне заўсёды помняць людзі, з якімі разам працаваў на карысць роднага краю, – адзначыў Гедзіён Буйка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ