У 1966 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшаў набор паштовак «Віцебск», адна з якіх данесла да нас незвычайны выгляд тэатра імя Якуба Коласа.
Восем калон галоўнага фасада храма Мельпамены ўпрыгожаны беларускім арнаментам. На галоўным флагштоку – сцяг СССР (1), па перыметры даху – сцягі БССР (2). Па словах старажыла Віцебска Сямёна Дынкіна, у той час будынак афармляўся такім чынам да юбілейных дат. Арнамент на калоны наносіўся не фарбай, а з дапамогай размаляванай тканіны, якая завязкамі мацавалася на тыльным баку архітэктурнага элемента. Верагодна, фатограф зафіксаваў адзін з летніх дзён 1964-га. Тады адзначалася 20-годдзе вызвалення Віцебшчыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
«Львів» у Віцебску
На светлафоры стаяць два аўтобусы ЛАЗ-695Б «Львів» (3 і 4), якія тады былі галоўнымі на гарадскіх маршрутах. Іх вытворчасць пачалася на Львоўскім автозаводе ў 1955-м і доўжылася на працягу 45 гадоў. Усяго выпушчана каля 250 тыс. «ЛАЗаў» розных мадыфікацый. «Львівы» былі таксама турыстычнымі і міжгароднімі. Маглі выкарыстоўвацца і ў санітарных мэтах. Для гэтага дастаткова было дэмантаваць сядзенні – у пярэдняй частцы машыны пад лабавым шклом справа ад вадзіцеля меліся дадатковыя дзверцы для пагрузкі насілак з параненымі. «ЛАЗы» сталі першымі ў СССР аўтобусамі, у якіх рухавікі размяшчаліся ў задняй частцы. Але ў машыны былі два вельмі важныя для камфорту пасажыраў недахопы – вузкія дзверы і праходы паміж сядзеннямі. Апроч таго, тыя, хто карыстаўся «ЛАЗамі», памятаюць: на шырокім заднім сядзенні ад цяпла рухавіка было вельмі душна летам, але затое так утульна зімой.
Чорная «Волга»
Следам за аўтобусамі ў чаканні зялёнага святла стаіць ГАЗ-21 «Волга» (5), з 1956 па 1970 год іх выпушчана больш за 639 тыс. Некаторыя беларускія жартаўнікі перайначвалі назву на жаночае імя – Вольга. ГАЗ-21 шырока выкарыстоўваўся ў розных дзяржаўных установах, міліцыі, ДАІ, бальніцах і паліклініках, газавых службах і ў аэрапортах. Але большая частка трапляла ў таксі. У асабістым карыстанні колькасць гэтых аўтамабіляў была невялікай. Чорны колер «Волгі» з’яўляўся вельмі статусным, і ў той час такая машына магла належаць толькі першым службовым асобам. Хто на ёй мог ехаць?
Са студзеня 1963-га пасля рэформы Мікіты Хрушчова абкамы партыі і аблвыканкамы былі падзелены на два. У 1964 годзе першым сакратаром Віцебскага сельскага абкама КПБ з’яўляўся Станіслаў Пілатовіч, прамысловага – Уладзімір Труноў. Старшынямі аблвыканкамаў адпаведна былі Пётр Рубіс і Васіль Сініцын. Праўда, такое чатырохуладдзе доўжылася нядоўга. Пасля адстаўкі Мікіты Хрушчова з 7 снежня 1964-га рэформе далі задні ход. Зноў аб’яднаныя партыйныя органы ўзначаліў Станіслаў Пілатовіч, выканаўчыя – Пётр Рубіс.
Тэатр і кіраўнікі
Новы будынак для тэатра імя Якуба Коласа ўзводзіўся ў 1956 — 1958-х. Па сутнасці, на момант фотаздымка трупа толькі абжывала памяшканні, пераехаўшы з будынка сучаснай філармоніі. У 1964-м споўнілася 20 гадоў з дня вяртання тэатра ў Віцебск з эвакуацыі і прысваення імя народнага паэта Беларусі.
Будаўніцтва супала з прызначэннем на пасаду першага сакратара абкама КПБ Уладзіміра Лабанка (кіраваў партыйнай арганізацыяй вобласці з верасня 1956-га па красавік 1962-га). Герой Савецкага Саюза, легендарны партызанскі камандзір апекаваў узвядзенне важнай установы культуры, а пазней часта наведваў спектаклі. На пастаноўкі ён хадзіў з зоркай героя на пінжаку.
У 1980-х пачалася рэканструкцыя тэатра. У той жа час прызначылі першым сакратаром абкама КПБ Сяргея Кабяка, які прыйшоў з пасады старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Яго кіраўніцтва было нядоўгім – крыху больш за два гады (верасень 1983-га – снежань 1985-га), але Сяргей Цярэнцьевіч паспеў заслужыць павагу людзей. Ён памёр 20 снежня 1985-га на 55-м годзе жыцця ад цяжкой працяглай хваробы. Абласная газета «Віцебскі рабочы» друкавала некралог, падпісаны Міхаілам Гарбачовым, Андрэем Грамыкам, Ягорам Лігачовым, Мікалаем Рыжковым, а таксама кіраўнікамі Беларусі і Віцебшчыны. Грамадзянская паніхіда адбывалася ў абноўленым тэатры імя Якуба Коласа. Сямён Дынкін згадвае, што такога людскога патоку не бачыў з часу пахавання Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова ў 1964 годзе.
«У жалобным убранні Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, дзе ўстаноўлена труна з целам памёршага. Гучаць жалобныя мелодыі, ля пастамента вянкі ад ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў СССР, – пісаў «Віцебскі рабочы». – Даніну павагі С. Ц. Кабяку прыйшлі аддаць рабочыя, калгаснікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, студэнты і навучэнцы». Прыехалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў БССР, суседніх Смаленскай і Пскоўскай абласцей РСФСР. Труну з целам нябожчыка ўстанавілі на артылерыйскі лафет, і журботны картэж накіраваўся на плошчу Леніна. «Тысячы віцябчан выйшлі праводзіць у апошні шлях Сяргея Цярэнцьевіча Кабяка, – паведамляла газета. – Ля будынка абкома КПБ (зараз Мастацкі музей – Заўв. аўт.), дзе ён працаваў, картэж на хвіліну прыпыняецца. На плошчы Леніна труна з целам памёршага ўстанаўліваецца на пастамент. Пачынаецца жалобны мітынг… На гарадскіх могілках «Мазурына» слова развітання ля магілы С. Ц. Кабяка сказаў старшыня выканкома абласнога Савета дэпутатаў У. П. Кулакоў».
Юбілейны парад
У 1964-м урачыстасці з нагоды 20-годдзя вызвалення Віцебшчыны і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыліся 4 ліпеня і пачыналіся ад Прывакзальнай плошчы.
«З памяшкання вакзала выходзяць ганаровыя госці – военачальнікі, былыя байцы і партызаны, – пісаў «Віцебскі рабочы». Кожны з іх перапаясаны ярка-чырвонай стужкай «Удзельнік вызвалення Віцебшчыны». Ветэраны занялі месца ў адкрытых і ўпрыгожаных аўтамабілях, да іх адразу падбеглі піянеры і літаральна засыпалі кветкамі. Картэж у суправаджэнні матацыклістаў накіраваўся на плошчу Леніна, дзе адбыўся мітынг. З тратуараў і балконаў іх віталі жыхары абласнога цэнтра.
«Новы, адроджаны з папялішчаў Віцебск непазнавальны! Ганаровыя госці бачаць, якіх выдатных поспехаў дабіліся нашы гараджане за 20 пасляваенных год. Новыя светлыя будынкі па вуліцы Кірава, прыгожы тэатр імя Якуба Коласа, вялікі ўнівермаг і многае, многае іншае – усё гэта тварэнне залатых рук нашых людзей, якія ўпрыгожваюць і будуюць родны горад. У перададзень свята заселены новыя дамы ў мікрараёне па Смаленскім шасэ (зараз Маскоўскі праспект – Заўв. аўт.). Дзясяткі працоўных сем’яў атрымалі добраўпарадкаваныя кватэры. Машыны праязджаюць шырокі арачны мост праз Заходнюю Дзвіну. Супраць будынка тэатра – галерэя партрэтаў палкаводцаў і герояў мінулай вайны, якія прымалі ўдзел у баях за Віцебшчыну. Сярод іх партрэт Героя Савецкага Саюза Ф. Ц. Блахіна, былога сяржанта 158-й стралковай дывізіі. Адсюль добра відаць другі мост, які віцябляне з любоўю называюць «мастом Блахіна».
Фота Антона Сцепанішчава.