Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Сэлфі праз стагоддзе на лесвіцы панскага дома у маентку Беліца. Гісторыя незвычайнага здымка

У Сенненскім раённым гісторыка- краязнаўчым музеі захоўваецца шмат копій фотаздымкаў, зробленых да рэвалюцыі ў маёнтку Беліца, што належаў роду Свяцкіх.

senn17senn13

На іх можна пабачыць інтэр’ер і знешні выгляд палаца, вытворчыя памяшканні, работнікаў, саміх гаспадароў і іх гасцей. Па словах навуковага супрацоўніка музея Ва­сіля Бандарэвіча, гэтыя здымкі ўваходзілі ў сямейны альбом, які назапашваўся з 1904-га па 1917 год. У якасці фатографаў выступалі Карл Свяцкі і яго сын Станіслаў.

На адным са здымкаў мы бачым дзяўчыну, якая гламурна пазіруе на лес­віцы вежы панскага дома. З пункту погляду сучаснага чалавека можна падумаць, што яна робіць сэлфі (ад англійскага слова self – «сам»). Але да смартфонаў тады яшчэ было надта далёка. Пры павелічэнні фатаграфіі бачна, што паненка трымае ў руцэ белую ружу і летуценна глядзіць на кветку. Імя дзяўчыны – Анэля Карзаловіч.
Па ўсім бачна, што яна была артыстычнай натурай і, магчыма, паўтарала эпізод якога-небудзь нямога кіно, дзе гераіні з-за адсутнасці гуку выразна зафіксаванымі жэстамі расказвалі пра свае пачуцці. Рамантыкі дадаюць адкрытыя вокны вежы палаца, стрэльчатае лісце фінікавых пальмаў, што растуць у вазонах абапал лесвіцы, і кусты рададэндранаў, якія ў тыя часы любілі разводзіць уладальнікі панскіх сядзіб.

У нашы дні наўрад ці Анэля Карзаловіч у такой позе трымала б ружу. Хутчэй за ўсё, яна была б са смартфонам і рабіла сэлфі. Мода фатаграфаваць сябе самастойна распаўсюдзілася са з’яўленнем сучасных гаджатаў з франтальнай камерай, і цяпер рэдка знойдзеш чалавека, які не скарыстаў прыладу. Паўтарыць «сэлфі» Анэлі Карзаловіч мы папрасілі дзесяцікласніцу Беліцкай сярэдняй школы Ганну Цімафееву. Дзяўчына з задавальненнем пагадзілася, тым больш што марыць стаць фотамадэллю. Праўда, яна ўпершыню трапіла да прафесійнага фатографа.

senn18

Кім была Анэля Карзаловіч, дакладна невядома. Але з кнігі Аляксандра Бараноўскага «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі» можна даведацца, што кожнае лета Свяцкія прымалі ў госці студэнтаў, пісьменнікаў, мастакоў, радню і сяброў. Падчас Першай сусветнай вайны Карл Свяцкі дапамагаў бежанцам з акупаванай немцамі тэрыторыі.

На жаль, невядома і дата, калі быў зроблены здымак. Але адназначна пазней 1911-га. Менавіта ў гэтым годзе па праекце архітэктара з Познані (Польшча) Уладзіслава Мячкоўскага да палаца была прыбудавана двухпавярховая васьмівугольная вежа. Унізе размяшчаліся пральня і ванны пакой, паверхам вышэй – разбярная майстэрня і частка калекцыі арнітолага-аматара Станіслава Свяцкага. Магчыма, юнак быў і аўтарам фатаграфіі.

Маёнтак у Беліцы быў адным з найбуйнейшых і тэхналагічна перадавых на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, у 1901 годзе на Мінскай сельскагаспадарчай выставе Карл Свяцкі прадставіў каля 40 відаў прадукцыі ў прамысловым і хлебным аддзелах. Тут мелася амаль 6 тыс. га зямлі, што дазваляла весці інтэнсіўную гаспадарку з 8-9-польным севазваротам, апроч таго, займаліся племянной жывёлагадоўляй. Працавалі вінакурня, цагельня, маслабойня. Дзейнічаў паравы млын і два вадзяныя, а таксама вятрак. У свой час хадзілі чуткі, што Карл Свяцкі знайшоў золата Напалеона. Маўляў, таму прадстаўнік не самага багатага роду змог хутка стварыць высокатэхналагічную гаспадарку.

Пасля кастрычніка 1917-га ў Беліцы некалькі месяцаў панавала без­уладдзе. Палякі, якія аднавілі сваю дзяржаву, накіроўвалі ў Беларусь легіянераў для аховы паноў ад пагромаў і рабаўніцтва. У студзені 1918 года ў Беліцу прыйшоў польскі атрад у складзе каля 150 чалавек. Гаспадары пагрузілі маёмасць на падводы і адправіліся ў Польшчу. Але існуе легенда, што напярэдадні ад’езду Карл Свяцкі двое сутак вывозіў каштоўнасці некуды ў лес. З усталяваннем савецкай улады маёнтак нацыяналізавалі і стварылі саўгас «Беліца», які пазней стаў племсаўгасам «Полымя».

Дарэчы, напрыканцы 1980-х па ініцыятыве тагачаснага першага сакратара райкама КПБ Мікалая Дамашкевіча ў адным з памяшканняў спіртзавода функцыянаваў цэх па выпуску чыпсаў.

У 1920-х у палацы дзейнічала сельскагаспадарчая школа, падчас вайны тут размяшчаўся нямецкі гарнізон, пасля – сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1988 годзе палац вырашылі рэканструяваць. Але спецыялісты знялі толькі дах, і будынак пачаў гібець. У 2009-м пяць аб’ектаў былога маёнтка выкупіла латвійская фірма, каб стварыць культурна-дзелавы цэнтр з гасцініцай, кафэ, саўнай, зонай адпачынку, паляўнічым домікам. Але і ў іх таксама не атрымалася рэалізаваць задуманае.

Фота Антона Сцепанішчава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ