Спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі» дзяржаўнага аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу за лепшае ўладкаванне і ўтрыманне месцаў ля вадаёмаў, іх выкарыстанне для рэкрэацыі, спорту і турызму.
Задума стварыць паблізу райцэнтра зону для актыўнага адпачынку нарадзілася ў кіраўнікоў мясцовай улады гады чатыры назад. Для гэтай мэты добра падыходзіла возера Белае, якое знаходзіцца ад горада ў крокавай даступнасці і якое даўно аблюбавалі мясцовыя жыхары. Тут на пясчаным беразе, да якога падступае лес, і было вырашана ўладкаваць не проста пляж, а комплекс, дзе можна займацца спортам, праводзіць спаборніцтвы і турзлёты, арганізоўваць масавыя гулянні, бавіць час у казачным гарадку…
Праект падтрымаў аблвыканкам, і ўжо ў жніўні 2016 года комплекс прыняў сваіх першых наведвальнікаў, якія спяшаліся апрабаваць вяровачны гарадок – рэдкую па тым часе рэч. Пераходы і перашкоды, якіх багата на дзвюх трасах, казыталі нервы дарослым і малым. А калі тут зманціравалі самы доўгі ў Беларусі хуткасны спуск, тры сцяны скаладрома, пачалі ўтварацца чэргі з жадаючых праверыць свае спрыт і фізічную падрыхтоўку.
Сёння ў «Азёрках» дзейнічае не адзін дзясятак пляцовак і атракцыёнаў, у ліку якіх міні-гольф з дзевяццю дарожкамі, цір для стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі і пісталета, дзіцячая пляцоўка з разнастайнымі забавамі.
Сёлета комплекс дапоўніла пляцоўка са штучным травяным пакрыццём для гульні ў міні-футбол, тэніс, валейбол. Арганізаваны пракат катамаранаў, гідра- і квадрацыклаў, веласіпедаў, турысцка-спартыўнага інвентару. Пасля фізічнай нагрузкі адпачыць прапануюць у альтанках, якіх тут 12. Месца хапае ўсім, каб пасядзець у цішы, падыхаць чыстым паветрам, палюбавацца прыгажосцю краявідаў.
Як расказаў генеральны дырэктар аб’яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург, з моманту адкрыцця комплекс наведалі больш за 15 тысяч чалавек, ён прынёс заснавальнікам 40 тысяч рублёў прыбытку. Тут прайшлі раённыя і міжнародныя турзлёты моладзі, работнікаў аграпрамысловага комплексу, пенсіянераў і «афганцаў», рок-фестываль, музычна-забаўляльнае мерапрыемства «Паветра»…
Хутка будзе здадзены ў эксплуатацыю спальны корпус, што дазволіць гасцям Пастаўшчыны затрымацца тут не на адзін дзень. Расце цікавасць да вандровак па лесе з Дзедам Баем, сустрэчы з казачнымі персанажамі дораць прыемныя эмоцыі і ўражанні.
– Але «Азёркі» сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу не толькі за колькасць пляцовак і атракцыёнаў, – удакладніў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Лысёнак, – але і за тое, што тут змаглі пры ўладкаванні тэрыторыі, правядзенні масавых мерапрыемстваў не нанесці шкоды прыродзе: не вытапталі траву, не нарабілі несанкцыянаваных вогнішчаў і сметнікаў, не забрудзілі возера, калі на ім устанаўлівалі пірс з адкрытым басейнам. Гаспадар комплексу сочыць за яго эксплуатацыяй, захаваннем прыродаахоўнага заканадаўства, бо без экалагічнай культуры цяжка прывабіць людзей на сваю тэрыторыю і тым больш узяць за гэта грошы.
Фота за архіва СТК «Азёркі».