Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Здоровье

Рэтраспектыва: калі сённяшні гандлёвы цэнтр «Беларусь» быў віцебскім кінатэатрам

Трапіўшы на інтэрнэт-партале «Віцебская энцыклапедыя» на фатаграфію былога кінатэатра «Беларусь», узгадаў свой першы сеанс.

Кінатэатр «Беларусь» у пачатку 1980-х.

 Гандлёва-забаўляльны комплекс «Беларусь», люты 2015 года.

Адзін з самых буйных кінатэатраў у БССР (у вялікай зале размяшчалася звыш 1,2 тыс. чалавек) адкрылі у 1972-м. Гэта была з’ява для горада, кожны паважаючы сябе віцяблянін лічыў за гонар наведаць «Беларусь». Хутка і мяне, шасцігадовага, за руку прывялі ў кіно. Ад таго паходу ў памяці засталіся ўрыўкі. Помню натоўп гледачоў, мы сядзім у правай частцы залы, фільм называецца «Рускае поле», а на экране каласіцца пшанічная ніва. Нядаўна праз інтэрнэт зноў перагледзіў знятую ў 1971 годзе кіналенту і зразумеў, што ў тым узросце больш нічога запомніць не мог. Надта складаная для дзіця драматычная і нават трагічная гісторыя. Дарэчы, у фільме здымаліся Нона Мардзюкова і яе сын Уладзімір Ціханаў (яго бацька Вячаслаў Ціханаў). У тэлеперадачах пра вядомую актрысу адзначаецца, што «Рускае поле» ў нейкім сэнсе было прарочым. Акцёры не любяць іграць пахавальныя сцэны, а вось Ноне Мардзюковай давялося, бо па сюжэце сын яе гераіні (яго ролю іграў Уладзімір) гіне. У 1990-м, пасля шматгадовага злоўжывання алкаголем і наркотыкамі, Уладзімір Ціханаў памёр ад сардэчнага прыступу. Маці пахавала сына ўжо па-сапраўднаму. І як у фільме, пэўна, яму гаварыла: «Вставай! Вставай!»…

У 1980-я значная частка даходаў «Беларусі» прыпадала на індыйскія фільмы, якія карысталіся неверагоднай папулярнасцю ў жаночай паловы насельніцтва СССР. Гэта былі падобныя адна на адну гісторыі кахання ў суправаджэнні бясконцых шчымлівых песень. Вялікія чэргі ў касах стаялі за білетамі на камедыі, сярод якіх можна назваць «Нешчаслівы» (Францыя), «Утаймаванне свавольніка» (Італія), «Тутсі» (ЗША), «Новыя амазонкі» (Польшча). Апошняя ўвогуле лічылася суцэльнай эротыкай, хоць па цяперашнім часе гэта дастаткова бяскрыўдны фільм. Аншлагі выклікалі меладрамы, у тым ліку польская стужка «Знахар», знятая по творы пісьменніка Тадэвуша Даленга-Мастовіча. Дзеянне рамана адбывалася ў міжваеннай Польшчы, на так званых усходніх крэсах, у тым ліку на частцы сённяшніх заходніх раёнаў Віцебшчыны. Пра гэта сведчаць такія тапонімы, як «Браслаў», «вуліца Віцебская» і г. д. На той час мала хто ведаў, што Тадэвуш Даленга-Мастовіч нарадзіўся на Глыбоччыне. Падзеяй для гледачоў таксама быў першы савецкі баявік «Піраты ХХ стагоддзя», галоўную ролю ў якім выконваў ураджэнец Віцебска Мікалай Яроменка-малодшы.

Кінасеансы ў «Беларусі» пачыналіся ў 9.10-10.00, штодзень у вялікай зале іх было 5-7, яшчэ некалькі — у малой. Такі графік быў зручным для школьнікаў, якія прагульвалі заняткі. І сапраўды, спачатку паглядзеў кіно ў адной зале, потым у другой, і можна вяртацца дамоў. Аднойчы мы з сябрам-аднакласнікам, не дамаўляючыся, вырашылі прапусціць урокі. Я накіраваўся ў «Беларусь», а ён пайшоў па нейкім іншым маршруце. Факт адсутнасці ў школе двух сябрукоў не застаўся па-за ўвагай класнага кіраўніка Нэлі Іванаўны Мазенковай, і яна наведала нашых бацькоў. Вяртанне дадому пасля дня адпачынку было не зусім прыемным. Мне яшчэ пашанцавала і шмат хлусіць не давялося, бо адразу з парога папярэдзілі пра прыход класнай. А вось сябар трапіў у крытычную сітуацыю. Як толькі ён зайшоў, маці спытала: «Дзе ты быў?» — «Канешне ж, у школе», — адказаў сын і ў дадатак паскардзіўся на стомленасць ад складаных урокаў. У гэты момант у гасцёўні сядзела класная і слухала «шчыры» адказ вучня...

У 1983-1984 гадах барацьба за дысцыпліну, уведзеная генеральным сакратаром ЦК КПСС Юрыем Андропавым, тычылася і школьнікаў. Іх не пускалі на ранішнія сеансы (за выключэннем арганізаваных груп), у адваротным выпадку трэба было даказаць, што ў цябе заняткі ў другую змену.

На цокальным паверсе кінатэатра знаходзіўся буфет, дзе можна было выпіць кавы ці ліманаду, з’есці пасыпанае цёртым шакаладам альбо арэхамі марожанага. Гэта цяпер перад фільмам некаторыя гледачы назапашваюцца пап-корнам, нібы прыйшлі ў сталоўку. А тады лічылася непрыстойным есці падчас сеанса. Праўда, былі такія, што лускалі семкі, але ўпотай, не напаказ.

У памяшканні кас «Беларусі» у пачатку 1980-х ўстанавілі адны з першых ў горадзе гульнявыя апараты «Марскі бой» (падобныя былі толькі на вакзале). На першым паверсе знаходзіўся вялікі акварыум, у які гледачы кідалі на шчасце манеты рознай вартасці. Другі паверх займаў зімовы сад, вялікую сцяну ўпрыгожвала пано, выкананае ў стылі сацыялістычнага рэалізму. Сярод экзатычных раслін у клетках цвыркалі канарэйкі і папугаі, часам кампанію ім складалі вераб’і, якія заляталі сюды праз адкрытыя для праветравання вокны. З 1989 года нейкі час тут жыла малпа. Віцебскія дэсантнікі прывезлі яе з Афганістана, і азіяцкая жывёла кватаравала разам з імі ў казармах, што знаходзіліся па вуліцы Будзёнага. Дырэктар кінатэатра Мейер Кац (Герой Сацялістычнай Працы, былы старшыня калгаса ім. Чырвонай Арміі, зараз «Альгоўскае») дазволіў воінам-інтэрнацыяналістам бясплатна наведваць ранішнія сеансы. У адказ яны падарылі малпу, каб жыла ў «джунглях» зімовага саду і радавала дзяцей. Як склаўся лёс экзатычнай жывёлы, дакладна невядома. Магчыма, пазней яе перадалі ў Віцебскі заапарк, які толькі ствараўся.

У другой палове 1980-х з’яўляюцца відэамагнітафоны, значная колькасць людзей пачынаюць глядзець фільмы ў хатняй абстаноўцы. Але ў 1990 годзе цікавасць да кінатэатраў вяртаецца — на экраны выходзяць «Унесенныя ветрам». Зняты ў 1939-м амерыканскі фільм савецкі глядач убачыў толькі праз пяцьдзясят гадоў. Апошнія аншлагі ў «Беларусі» былі ў 1998-м, калі да нас дайшоў знакаміты «Тытанік». Назва фільма і яго сюжэт сталі ў нейкай ступені сімвалічнамі у лёсе кінатэатра. Пэўны перыяд «Беларусь» намагалася выжыць за кошт здачы ў арэнду часткі памяшканняў. Напрыклад, тут размяшчалася букмекерская кантора з кафэ і клуб «Сава», дзе выступалі пачынаючыя і вядомыя рок-гурты, сярод якіх былі сталічны «НРМ» і наваполацкі «Мясцовы час».

Але фінальныя цітры пакрысе набліжаліся. Хутка кінатэатр зачынілі. У 2007-2009-х адбылася вялікая рэканструкцыя, і на яго месцы паўстаў гандлёва-забаўляльны цэнтр з аднайменнай назвай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ